МІНСК, 22 жні — Sputnik. Лепшым вакзалам па выніках рэспубліканскага агляду быў прызнаны чыгуначны вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны.
У конкурсе прымалі ўдзел вакзалы ўсіх чатырох класаў (клас залежыць ад колькасці дасылаемых пасажырскіх цягнікоў, пасажырапатоку, агульнай плошчы вакзальных памяшканняў). Лідарам у сегменце, які ідзе за межамі класаў, стаў вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны, з якім складана канкураваць. Будынак уваходзіць у лік помнікаў архітэктуры, з'яўляецца дзеючым "музеем мармуру пад адкрытым небам". Чыгуначны вакзал Брэста — адзін з найстарэйшых у Беларусі, у маі мінулага года адзначыў сваё 130-годдзе.
У цяперашні час на перон вакзалу Брэст прыбываюць і адпраўляюцца 27 пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа і 3 пары цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, 19 цягнікоў міжрэгіянальных ліній эканом-класа і 2 пары цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, а таксама 17 пар міжнародных ліній. У сярэднім кожны месяц яго паслугамі карыстаюцца каля 300 тыс. пасажыраў.
Вакзал у Гомелі яшчэ старэйшы. Рух пасажырскіх цягнікоў на ўчастку Бабруйск — Гомель Ландварова-Роменскай чыгункі быў адкрыты 17 лістапада 1873 года. З гэтай даты пачалася і гісторыя вакзалу. За гады існавання ён тройчы падвяргаўся разбурэння і аднаўленню. У 1995 годзе будынак быў капітальна адрамантаваны, а ў 1996 годзе па кіеўскаму праекту да яго прыбудавалі прыгарадны вакзал на 800 пасажыраў.
У мінулым годзе ў Гомель прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Адным з пунктаў праграмы рабочай паездкі стаў чыгуначны вакзал, дзе кіраўнік дзяржавы даў старт рэгулярнаму руху электрацягнікоў па кірунку Гомель-Мінск-Гомель. Да візіту прэзідэнта абнавілі фасад будынка, усталявалі светлавыя шыльды, мадэрнізавалі інфармацыйныя табло, капітальна адрамантавалі навесы і платформы.
"Пры падвядзенні вынікаў агляду, акрамя санітарнага стану і добраўпарадкавання, ўлічваліся архітэктурная выразнасць вакзалаў, афармленне фасадаў, абсталяванне прылеглых тэрыторый малымі архітэктурнымі формамі, паляпшэнне якасці абслугоўвання пасажыраў, пашырэнне колькасці і павышэнне ўзроўню аказваемых паслуг" — паведамілі Sputnik у прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.
Сярод вакзалаў I класа першае месца прысуджана вакзалу станцыі Магілёў, на другім — вакзал станцыі Орша-Цэнтральная.
Сярод вакзалаў II класа перамогу атрымаў вакзал станцыі Полацк, другая прэмія прысуджана вакзалу станцыі Калінкавічы.
Пераможцам сярод вакзалаў III класа прызнаны вакзал станцыі Асіповічы, "срэбра" дасталося вакзалу станцыі Ліда.
Агляд праводзіцца з 2001 года, яго заснавальнікам выступаюць Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.