Мемарыял уяўляе сабой постаць дзяўчынкі ў касцюме анёла, якая стаіць побач з сімвалічным дрэвам жыцця. Прататыпам дзяўчынкі стала Міхле Сасноўская, яе фатаграфія захоўваецца ў Музеі габрэйскага супраціву. Дзяўчынка павінна была сысці да партызанаў, але на вуліцы яе пазнала мясцовая жанчына і выдала паліцыі. Міхле павезлі ў турму, з якой яна ўжо не выйшла.
Стварэнне мемарыяльнай кампазіцыі прафінансаваў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль. Пра гісторыю Міхле ён даведаўся, калі вырашыў паўдзельнічаць у самадзейнай пастаноўцы, якую рыхтавалі па дзённіках з гета.
"Я чуў гэтую гісторыю і зразумеў, што не змагу жыць далей, калі хоць неяк ёй не дапамагу. Але што можа просты чалавек для ўжо мёртвага дзіцяці? І я паставіў гэты памятны знак", — прызнаўся Коваль на цырымоніі адкрыцця помніка.
Па словах краязнаўцы Тамары Вяршыцкай, гэта ўнікальная гісторыя, што мясцовыя грамадзяне фінансуюць такія праекты. Да гэтага часу памяць пра гета ўшаноўвалася за кошт замежных грамадзян і арганізацый.
"Мне здаецца вельмі важным, што чалавек прыходзіць да ўсведамлення, што гэтая дзяўчынка — хай яна не яго сваячка, але яна частка нашай гісторыі, якая адбывалася тут. І не мае значэння, былі гэта габрэі, палякі або татары. Важна тое, што гэта былі людзі. І вось цяпер, калі хутка не застанецца ні аднаго жывога сведкі таго, што адбылося, важна захаваць памяць", — прызнаецца Вяршыцкая.
У будучым годзе споўніцца 75 гадоў са дня ўцёкаў: 26 верасня 1943 года ўсе тыя, што засталіся да таго часу ў гета, 250 габрэяў спусціліся ў выкапаны тунэль і накіраваліся ў бок лесу. Яны збіраліся бегчы да партызанаў. Дабрацца да сваіх і выжыць удалося не ўсім. Раніцай, калі немцы выявілі пустыя баракі, пачаліся аблавы. Частку ўцекачоў злавілі і забілі. Сярод загінулых быў дзядзька мільярдэра Чарльза Кушнера. Але яго дзядуля, маці і цётка былі збаўлены і дачакаліся канца вайны ў партызанскім атрадзе братоў Бельскіх.
Чарльз Кушнер фінансуе будаўніцтва яшчэ аднаго мемарыяльнага знака ў Наваградку. Ён пералічыў ужо частку грошай і плануе разам з сям'ёй прыехаць у наступным годзе на адкрыццё помніка. Не выключана, што ў Наваградак прыедзе і яго сын, зяць і дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер.