МІНСК, 17 кас — Sputnik. Па выніках апублікаванага брытанскім агенцтвам QS рэйтынгу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у топ-25 найлепшых ВНУ рэгіёна краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі, паведамілі Sputnik у прэс-службе ВНУ.
"Белдзяржуніверсітэт падняўся адразу на 18 пазіцый, і заняў 21 месца. З улікам таго, што ўсяго ў рэгіёне краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі налічваецца больш за 2900 універсітэтаў, зараз БДУ ўваходзіць у 1% найлепшых універсітэтаў рэгіёна", — адзначылі ў БДУ.
Ацэнка дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўлялася па 9 крытэрыях: акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод працадаўцаў, суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу, доля супрацоўнікаў з навуковай ступенню, доля запрошаных выкладчыкаў з іншых краін, доля замежных студэнтаў, эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў, колькасць апублікаваных артыкулаў, якія прыходзяцца на аднаго супрацоўніка, цытаванасць навуковых артыкулаў навукоўцаў універсітэта.
Найбольш высокія пазіцыі ў новым рэйтынгу БДУ займае па такіх крытэрыях, як акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод працадаўцаў і суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу.
Падрабязны рэйтынг ВНУ глядзіце ў інфаграфіцы па спасылцы >>
"Гэта сведчыць пра нязменна высокую якасць выкладання ў БДУ, а таксама пра высокую рэпутацыю ўніверсітэта не толькі ў краіне, але і ў свеце, паколькі аснову рэйтынгу складае апытанне міжнародных экспертаў", — дадалі ў прэс-службе.
На верхнім радку рэйтынгу размясціўся Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава. За ім ідуць Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт, Тартускі ўніверсітэт (Эстонія), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Карлаў універсітэт (Чэхія).
З беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі ў рэйтынгу апроч БДУ прадстаўлены таксама Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які заняў сёлета 79 пазіцыю, а таксама БДУІР (118 месца) і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (месца ў групе 191-200).
У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі ўдзельнічаюць ВНУ Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі, Венгрыі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі і Украіны.