МІНСК, 23 кас — Sputnik. У Залатурне адбылося ўрачыстае адкрыццё беларускага помніка Тадэвушу Касцюшку. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускае аб'яднанне ў Швейцарыі і гарадскія ўлады Залатурна, паведмілі Sputnik у прэс-службе беларускай дыпміссіі.
Гэта першы ў гісторыі помнік, усталяваны беларускай дыяспарай за мяжой.
"Удзел у цырымоніі адкрыцця помніка прынялі гарадскія ўлады Залатурна, дыпламатычныя прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Польшчы, кіраўнікі і актывісты беларускай, польскай і літоўскай суполак Швейцарыі, а таксама дэлегацыя мемарыяльнага музея — сядзібы імя Т. Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына. У агульнай складанасці ўдзельнікамі мерапрыемства сталі звыш 80 чалавек", — адзначылі ў прэс-службе.
Цырымонія адкрыцця помніка ўключала выкананне нацыянальных гімнаў Швейцарскай Канфедэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама асвятленне помніка святаром грэка-рымскай каталіцкай царквы з Лондана.
Пасля завяршэння цырымоніі адкрыцця помніка адбыліся выступленні арганізатараў і ганаровых гасцей. У ліку выступоўцаў — мэр Залатурна Курт Флуры, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Юры Амбразевіч, прэзідэнт Беларускага аб'яднання ў Швейцарыі Сяргей Сіроткін, дырэктар мемарыяльнага музея-сядзібы Т. Касцюшкі Наталля Сушко, прэзідэнт Літоўскай абшчыны ў Швейцарыі Юратэ Касперсон. Прадстаўніком Польшчы быў зачытаны віншавальны зварот пасла Польшчы ў Швейцарыі Якуба Кумаха.
Пасля ўрачыстасцяў арганізатары і госці мерапрыемства наведалі музей Тадэвуша Касцюшкі ў Залатурне. Павел Мацукевіч і Наталля Сушко пакінулі свае запісы ў кнізе ганаровых гасцей музея.