МІНСК, 6 ліс — Sputnik. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" павінна стаць сучаснай кінафабрыкай са зразумелымі, празрыстымі і выгаднымі ўмовамі для кінапрадзюсараў, заявіў у эфіры тэлеканала "БелРос" міністр культуры рэспублікі Юрый Бондар.
Рэканструкцыя кінастудыі працягваецца з 2009 года і павінна завяршыцца ўжо 7 лістапада — да дня 100-годдзя рэвалюцыі. Напярэдадні знакавай падзеі аб сваіх чаканнях ад "Беларусьфільма" распавёў і міністр культуры.
"Сёння створана наймагутная кінафабрыка не толькі на постсавецкай прасторы, але і наогул у Заходняй Еўропе", — заявіў Бондар.
Паводле яго слоў, кінастудыя абсталявана сучаснымі павільёнамі, а тэхнічная база дазваляе запісваць аўдыё і відэа "ў галівудскім фармаце". "Гэтая кінафабрыка павінна быць загружана замовамі", — упэўнены міністр.
"Не хацеў бы выглядаць фантастам або летуценнікам, але сучасную кінафабрыку са зразумелымі, празрыстымі і выгаднымі ўмовамі на постсавецкай прасторы мы б хацелі стварыць", — заявіў кіраўнік Мінкульта.
Адной з галоўных мэтаў у развіцці айчыннага кіно Бондар назваў стварэнне нацыянальнага кінапрадукта — каб фільмы ствараліся на базе айчыннага аўтара, з прыцягненнем беларускіх акцёраў і сіламі рэспубліканскай кінастудыі.
Чытайце таксама рэпартаж Sputnik з абноўленай кінастудыі напярэдадні адкрыцця >>