МІНСК, 10 ліс — Sputnik. Улетку 2017 года стала вядома, што беларуска Аляксандра Сасновіч уганаравана ўзнагародай Fed Cup Heart Awards за мужнасць на корце і адданасць зборнай.
10 лістапада на цырымоніі лёсавання фіналу Кубка Федэрацыі тэнісістцы ўручылі гэты ганаровы прыз і чэк на суму 10 тысяч долараў.
Гэтыя грошы спартсменка вырашыла ахвяраваць беларускай дабрачыннай арганізацыі "Водгук".
"Я шчаслівая, што выйграла Fed Cup Heart Awards. Я рада прадстаўляць сваю краіну, выступаць добра і выйграваць. Арганізацыя "Водгук" выкарыстоўвае гэтыя грошы для дапамогі Наталлі Жук. На працягу доўгага часу яна працавала лекарам, але цяпер пакутуе ад сур'ёзнага захворвання. Гэтая падтрымка вельмі важная для яе", — распавяла тэнісістка.
Аляксандра Сасновіч, якая заваявала два ачкі для зборнай Беларусі ў паўфінальным матчы Кубка Федэрацыі са швейцаркай, была намінавана на Heart Awards разам з беларускай Арынай Сабаленка, а таксама амерыканкамі Како Вандэвеге і Бетані Матэк-Сандс.
Раней гэтую прэмію атрымлівалі і іншыя беларускія тэнісісткі: Вікторыя Азаранка ў 2011 годзе і Арына Сабаленка ў 2017.
Фінал Кубка федэрацыі пройдзе 11-12 лістапада на кортах "Чыжоўка-Арэны". Ён пачнецца 11 лістапада ў 14:30 матчам паміж Аляксандрай Сасновіч і амерыканкай Како Вандэвеге. У гэты ж дзень будуць змагацца першая ракетка зборнай Беларусі Арына Сабаленка і прадстаўніца ЗША Слоан Стывенс.