Беларуская народная музыка, якая слухачам на радзіме здаецца звыклай, нязменна выклікае ажыятаж у публікі падчас гастрольных выступленняў за межамі краіны, распавядае ўдзельніца беларускага ансамбля народнай песні "Лілея" Наталля Лойка.
"Мы ездзілі і ў Чэхіі, людзі становяцца і падпяваюць. Часам падыходзяць дакрануцца да касцюма, сфатаграфавацца, спытаць, як справы ў Мінску. Ім хочацца не толькі быць бліжэй да мастацтва, але і да людзей, якія яго выконваюць. У той жа Еўропе людзі не ўмеюць так спяваць, бо гэтая асаблівая падача голаса, музыка незвычайная. Нашы песні адрозніваюцца, мелодыка непадобная, і ім гэта цікава", — распавядае суразмоўца.
З удзельніцай ансамбля "Лілея" Наталляй Лойка згодныя і яе калегі — мастацкі кіраўнік калектыву Таццяна Давыдзюк і салістка Наталля Басік.
"У нас гледачоў не так шмат, якія разумеюць гэтыя песні. Такая музыка і такія песні гучаць на конкурсах, або калектыў прэтэндуе на званне і рыхтуе праграму, у якой трэба паказаць уменне выканання песень. І гэта для прафесіяналаў — для людзей, якія разумеюць гэтую музыку. На гарадскіх святах, калі запяваеш "аутэнтычныя" песні, гэта таксама выклікае цікавасць. Не кожны гатовы слухаць іх доўга, але 2-3 творы ў такой манеры выклікаюць цікавасць ва ўсіх. А за мяжой тым больш, таму што там гэта незвычайна", — адзначае Давыдзюк.
У Беларусі ансамбль "Лілея" часцей выконвае песні, якія любіць масавы слухач, адзначае салістка калектыву Наталля Басік. Канцэрты падчас гарадскіх святаў не абыходзяцца без народных хітоў "Цячэ вада ў ярок" і "Купалінка".
"Было вельмі незвычайна ў Сочы, калі да нас падышла беларуска і прама каля ўваходу папрасіла праспяваць ёй "Купалінку". Мы гэта зрабілі з задавальненнем, хоць песня не была заяўлена ў канцэрце, і чалавек, які ўжо 20 гадоў жыве ў Расіі, расчуліўся, таму што гэта песня яе дзяцінства і юнацтва", — адзначае Басік.
Як раней распавядаў Sputnik, у канцы кастрычніка беларускі ансамбль народнай песні "Лілея", створаны з супрацоўнікаў прадпрыемства "Прамагралізінг", стаў лаўрэатам міжнароднага творчага конкурсу "Планета мастацтваў" у Сочы, дзе заняў 2 месца ў намінацыі "народны вакал".
Фрагмент гутаркі з удзельніцамі ансамбля народнай песні "Лілея" слухайце на радыё Sputnik Беларусь.