МІНСК, 16 сак — Sputnik. Сустрэчы з рэжысёрамі і акцёрамі, лекцыі і дыскусіі, а таксама экскурсія па таемным тэатральным закуліссі чакае гасцей "Тыдня тэатра", які стартуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 27 сакавіка.
Напярэдадні свайго 100-га сезона Купалаўскі падрыхтаваў для сваіх гледачоў унікальную праграму. Арганізатары абяцаюць паказаць тэатр з новага боку і па-новаму прадставіць рэжысёрскую і акцёрскую працу.
27 сакавіка на Камернай сцэне адкрыецца персанальная фотавыстава маладога акцёра Максіма Карасцялёва. На працягу двух гадоў ён здымаў сваіх калегаў у нефармальнай абстаноўцы. На фота — мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін у сваёй хатняй майстэрні, акцёры Зінаіда Зубкова, Павел Харланчук, Раман Падаляка і Міхаіл Зуй. Ёсць у архіве і апошнія фатаграфіі Народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука. Цікавы бонус для ўсіх удзельнікаў — майстар-клас па праяве фатаграфій.
Генадзь Гарбук ва ўспамінах мастацкага кіраўніка "купалаўцаў" Мікалая Пінігіна>>
28 сакавіка госці тэатра змогуць пагутарыць з Мікалаем Пінігіным. Разам з тэатральным крытыкам Аляксеем Стрэльнікавым ён раскажа аб знакавых пастаноўках і пра тое, як нацыянальны тэатр можа паўплываць на свядомасць беларусаў.
29 сакавіка на Камернай сцэне — лекцыя "Як глядзець спектакль: некрытычныя парады". Адзін з заснавальнікаў праекта "Культурны тэхнікум" Мікіта Моніч раскажа пра тое, як глядзець спектаклі і атрымліваць ад гэтага задавальненне.
Рэжысёры Купалаўскага Раман Падаляка, які зараз рыхтуе пастаноўку "Радзіва Прудок" па кнізе Андруся Горвата, і Алена Ганум, вядомая беларускаму гледачу па нашумелай пастаноўцы "Шабаны", запрашаюць на дыскусію 30 сакавіка. Разам з папулярным беларускім пісьменнікам сучаснасці Альгердам Бахарэвічам і тэатральным крытыкам Аленай Мальчэўскай яны абмяркуюць, як тэатральныя пастаноўкі адкрываюць новы сэнс літаратурнага твора.
Купалаўцы знялі кароткаметражку па матывах "Радзіва Прудок">>
Вішанькай на торце тэатральнага тыдня стане экскурсія па самых незвычайных мясцінах Купалаўскага. 31 сакавіка і 1 красавіка гледачы змогуць трапіць у закуліссі, бутафорскі цэх, грымёрку і нават на сцэну. Удзельнікам раскажуць не толькі гісторыю тэатра, але і яго знакавага спектакля "Паўлінка", а таксама пакажуць афішы і нават дазволяць зрабіць сэлфі ў дэкарацыях аднаго з найстарэйшых спектакляў.
Каб трапіць на мерапрыемствы, дастаткова проста зарэгістравацца і паказаць на ўваходзе білет на любы красавіцкі спектакль Купалаўскага.