МІНСК, 21 кра — Sputnik. Беларусаў трэба адвучаць ад празмернага спажывання моцнага алкаголю і прывучаць да нармальнага віна, заявіў журналістам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка.
"Малдаўскія віны нам вядомыя. Нам трэба наш народ больш прывучаць да нармальных вінаў. Ад самагонкі, ад гэтых моцных напояў (адвучаць —Sputnik). Я не супраць, калі людзі 70-100 грам гарэлкі праз дзень выпіваюць. Але мы ж не ўмеем па 70-100 грам. Мы ж калі сядзем, трэба літр заліць моцных напояў за адзін раз. А здароўя гэта не дадае. Таму трэба прывыкаць да еўрапейскага варыянту спажывання вінаў", — цытуе прэзідэнта агенцтва БЕЛТА.
Паводле слоў Лукашэнкі, адзін-два куфлі якаснага віна ў дзень карысныя для здароўя. Прэзідэнт падзяліўся сваімі ўражаннямі ад малдаўскага віна, якое пакаштаваў падчас нядаўняга візіту ў Кішынёў. Сказаў, што віно, якім яго частавалі, "мяккае, добрае", цалкам годнай якасці.
"Калі іх не пусцілі на расійскі рынак, а Еўропа ім не адкрыла свой рынак, яны апынуліся ў калапсе. І яны вымушаныя былі напружыцца і вырабляць супервіны. Вельмі выскокай якасці. Яны абнавілі абсталяванне, у іх з'явіліся новыя тэхналогіі. І яны прапанавалі выдатны варыянт вінаў", — распавёў Лукашэнка.
Падчас візіту ў Кішынёў, прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон падарыў беларускаму калегу сярод іншага некалькі скрынь і бочачак віна. А Лукашэнка ў сваю чаргу расказаў, што мае намер навучыцца ў Дадона апрацоўваць вінаград, з якога можна будзе прыгатаваць сок, а потым і віно.