У гэтым годзе фестываль "Олдтаймер-ралі 2018" гасцюе ў Мінску 9 і 10 чэрвеня. Свята для аматараў аўто сабрала больш за 50 рэтрааўто з Расіі і Беларусі. Сярод іх знакамітыя "Хенкель" і "Месершміт", створаныя пасля Другой сусветнай вайны. Гэтыя асобнікі выстаўляюць на фестывалі ўпершыню.
Сярод удзельнікаў таксама ёсць рарытэтны "Шэўрале Карвет", нямецкая мікралітражка "Цундап Янус", "Ягуар" і "Понціяк", прадстаўнікі савецкага аўтапрама "Победа" і "Волга".
Жыхары і госці сталіцы прыйшлі паглядзець на рэтрааўтамабілі. Усе яны з цікавасцю разглядалі кожны выставачны асобнік і фатаграфаваліся побач з упадабанымі аўто. Дзяўчаты рабілі сэлфі на фоне легендарных машын, а дзецям нават дазвалялі залазіць у салон і давалі крыху "паруліць".
Палюбавацца аўтамабілямі, якія ўдзельнічаюць у "Олдтаймер-ралі 2018", 9 чэрвеня можна на Кастрычніцкай плошчы, а таксама на стаянках каля Нацыянальнай бібліятэкі і былога аўтавакзала "Усходні" на вуліцы Ванеева. У нядзелю, 10 чэрвеня, аўтарарытэты праедуць па Мінску — ад вуліцы Няміга ў бок аграгарадка Сяргеевічы.