19 чэрвеня 1924 года на Вушаччыне нарадзіўся беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Доўгі час ён сумняваўся наконт пісьменніцкага шляху, нягледзячы на выдатныя водгукі крытыкаў. Першыя апавяданні "Смерць чалавека" і "Абознік" атрымалі падтрымку.
Мала хто ведае, што будучы пісьменнік вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, але не змог плаціць за вучобу і быў вымушаны вярнуцца дадому. Дарэчы, звычка маляваць засталася з ім на ўсё жыццё — ваенныя замалёўкі сталі вокладкай для кнігі "Мёртвым не баліць".
У 1959-м пісьменнік звяртаецца да тэмы вайны праз аповесць "Жураўліны крык" і застаецца з гэтай тэмай назаўжды. Яго творы заўсёды вылучаліся праўдападобнасцю — пісьменнік быў франтавіком і усе апісаныя падзеі бачыў на ўласныя вочы.
Пасля "Жураўлінага крыку" свет пабачыла аповесць "Трэцяя ракета", якая і прынесла Быкаву заслужаную вядомасць. У 1960-я гады таксама былі апублікаваны сусветна вядомыя аповесці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць"; у 70-е — "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца".
Яго творы шмат экранізаваліся, на іх звярталі ўвагу і тэатральныя рэжысёры. Першай экранізацыяй "Беларусьфільма" па Быкаву стаў фільм "Трэцяя ракета" рэжысёра Рычарда Віктарава, далей былі "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977), "Знак бяды" (1985) і іншыя.
Сучасная экранізацыя аповесці "У тумане" (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічала ў конкурснай праграме 65-га Канскага фестывалю. Стужка атрымала шэраг узнагарод на іншых міжнародных конкурсах і актыўны водгук з боку прэсы.
Што тычыцца тэатра, шматлікія інсцэніроўкі па Быкаву ставіліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, Магілёве. А радыёспектаклі "У тумане" і "Кар'ер", пастаўлены ў 1990-м, адзначаны дзяржаўнай прэміяй БССР.
Паводле Быкава таксама была напісана опера "Сцежкаю жыцця" Генрыхам Вагнерам і пастаўлены балет "Альпійская балада" з музыкай Яўгена Глебава.
Не стала Васіля Быкава ў 2003 годзе, ён памёр у анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
У Беларусі існуе толькі адна вуліца Быкава — ў пасёлку Ждановічы, што пад Мінскам. На пачатку гэтага года кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску выказаўся аб магчымым з'яўленні вуліцы ў гонар пісьменніка. Зараз таксама ідзе дыскуссія аб тым, каб паставіць помнік Быкаву каля сталічнага Дома літаратараў.