ГРОДНА, 25 кас - Sputnik, Іна Грышук. Гродзенскі кінатэатр "Чырвоная зорка" на чатыры дні стане пляцоўкай вядомага фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін "Паўночнае ззянне", які будзе праходзіць у Гродна з 25 па 28 кастрычніка.
Адкрыццё кінапаказаў пройдзе 25 кастрычніка ў 18:30 з удзелам каманды і партнёраў фестывалю. У першы дзень гродзенцам пакажуць чорную камедыю шведскага рэжысёра "Былая жонка", якая з гумарам і сур'ёзнасцю распавядае гісторыю трох адносін ад закаханасці да разводу. У праграме - дацкая камедыя "Жудасная жанчына", дзе паказаны мужчынскі погляд на адносіны, якія перараслі ў маніпулятарскія, эстонская драма "Канец ланцужка", у якой гераіня-афіцыянтка назірае за наведвальнікамі кафэ хуткага харчавання. У апошні дзень фестывалю гродзенцы ўбачаць гістарычную драму "Хронікі Мелані", якая распавядае гісторыю жыцця людзей, адпраўленых у Сібір.
Як распавяла медыя-каардынатар фэсту Ганна Шарко, усе фільмы будуць паказаны на мове арыгіналу з беларускімі субтытрамі. У гэтым годзе слоганам і агульнай канцэпцыяй фестывалю стала фраза "Змяні вугал зроку", якая заклікае змяніць погляд на звыклыя рэчы.
Фестываль кіно "Паўночнае ззянне" ў Беларусі праходзіць ужо чатыры гады, але ў Гродна прыехаў упершыню. У мінулыя гады з абласных цэнтраў ён праходзіў у Віцебску і Гомелі. У будучыні арганізатары плануюць пашыраць геаграфію і наладжваць кантакты з іншымі буйнымі гарадамі краіны.
"Паўночнае ззянне" таксама з'яўляецца прыкметнай у Беларусі пляцоўкай, дзе прафесіяналы і аматары кіно могуць абменьвацца вопытам і новымі ідэямі.
Чытайце таксама:
- Здыміце гэта зараз жа? Скандал вакол Нацыянальнага конкурсу фестываля
- Не толькі пра вайну: лепшыя беларускія фільмы апошніх гадоў
- Голы Тарзан і Зелянкоўская: ці ёсць эротыка ў беларускім кіно