МІНСК, 24 сту - Sputnik. Новасібірская вобласць Расіі з'яўляецца для Беларусі адным з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў Сібіры, заявіў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з губернатарам гэтай вобласці Андрэем Траўнікавым у чацвер у Мінску.
У самым пачатку сустрэчы, вітаючы губернатара на беларускай зямлі, кіраўнік дзяржавы падзякаваў яму за тое, што той прывёз у Беларусь сібірскае надвор'е.
"Вы нам прывезлі добрае надвор'е, (...) яно стала больш сібірскім", - пажартаваў беларускі прэзідэнт.
Закранаючы пытанні супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю, ён адзначыў, што ў аснове ляжаць даўнія сяброўскія і сваяцкія адносіны паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва.
Беларускі прэзідэнт падкрэсліў, што ў рэгіёне паспяховы бізнес вядуць беларускія прадпрымальнікі, праводзяцца на рэгулярнай аснове кірмашы, на якіх прадстаўлены тавары з Беларусі.
У сваю чаргу Новасібірск, які ва ўсім свеце вядомы як навуковая сталіца Расіі, з'яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для БелАЭС, сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што дзякуючы гэтаму праекту сфармаваныя новыя тэхналагічныя сувязі паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам.
У кантэксце тэмы далейшага развіцця супрацоўніцтва, беларускі прэзідэнт сказаў пра гатоўнасць беларускага боку пайсці на стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў і выпускаць прадукцыю, якая будзе запатрабавана на рынках трэціх краін.
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі ёсць патэнцыял, каб задаволіць патрэбы Новасібірскай вобласці сучаснай грузавой, пасажыркай, сельскагаспадарчай тэхнікай, а таксама таварамі лёгкай і харчовай прамысловасці. Беларускі прэзідэнт у дадзенай сувязі нагадаў пра магчымасці сумеснага прадпрыемства "БМК-Сібір", дзе можна збіраць тралейбусы.
Паводле слоў Лукашэнкі, бакі могуць ажыццявіць перспектыўныя праекты ў авіяцыйнай сферы, бо ў Беларусі авіярамонтны завод перабазаваны на новую вытворчую пляцоўку і там зараз магчымы рамонт сучасных самалётаў.
"У нас запланавана будаўніцтва лядовага палаца да маладзёжнага чэмпіянату свету па хакеі ў 2023 годзе. Вы ўжо азнаёміліся з аналагічным аб'ектам "Чыжоўка-Арэна". Мы гатовы падзяліцца вопытам у будаўніцтве і эксплуатацыі спартыўных збудаванняў", - сказаў Лукашэнка.
"Адным словам, мы адкрытыя для дыялогу па ўсіх пытаннях", - дадаў прэзідэнт.
Траўнікаў у якасці губернатара наведвае Беларусь упершыню, яго візіт у краіну пачаўся 21 студзеня. 22 студзеня Траўнікаў наведаў Магілёў, з яго удзелам прайшлі перамовы ў Магілёўскім аблвыканкаме, дэлегацыя Новасібірскай вобласці наведала ААТ "Магілёўліфтмаш", ААТ "Бабушкина крынка", у мінулую сераду Траўнікаў наведаў НАН Беларусі, "Чыжоўка-Арэну", а таксама з яго удзелам прайшло чацвёртае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю. Акрамя гэтага, Траўнікаў правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам.
Сёння, пасля сустрэчы з Лукашэнкам, Траўнікаў правядзе перамовы з кіраўніцтвам агракамбіната "Ждановічы", наведае ААТ "БелАЗ".