МІНСК, 31 мая - Sputnik. Беларускія спартсмены за паспяховы выступ на II Еўрапейскіх гульнях атрымаюць імянныя стыпендыі, вынікае з падпісанага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам напярэдадні указа.
"У Беларусі ўдасканальваецца сістэма стымулявання спартсменаў для дасягнення імі высокіх вынікаў у алімпійскіх дысцыплінах. Адпаведны Указ № 201 прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 мая", - паведамілі Sputnik у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У дакуменце, растлумачылі ў прэс-службе прэзідэнта, перагледжаны памеры імянных стыпендый, прызоў і ўзнагарод, што выплачваюцца спартсменам за дасягненне высокіх вынікаў на міжнародных спаборніцтвах.
"У пералік спаборніцтваў, за паспяховы ўдзел у якiх выплачваюцца імянныя стыпендыі і выдаюцца прызы, уключаны Еўрапейскія гульні", - удакладнілі суразмоўцы агенцтва.
Акрамя таго, прадугледжваецца падаўжэнне выплаты імянной стыпендыі на тэрмін да аднаго года атлетам, якія атрымалі траўму і з гэтай прычыны не маюць магчымасці пацвердзіць высокі вынік, што дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для аднаўлення спартсменаў.
"У дадатак да прызоў за высокія спартыўныя вынікі, устаноўленыя для атлетаў з парушэннем зроку, указам вызначаны памеры прызоў і для вядучых іх па дыстанцыі спартсменаў-лідараў", - дадалі ў прэс-службе.
Чытайце таксама:
- Каталіцкія святары будуць працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску
- МУС паказала, як сабакі ахоўваюць стадыён Еўрапейскіх гульняў – відэа
- Катулін: у медалях II Еўрапейскіх гульняў ёсць і золата, і нанаалмазы