Падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе працаваць шмат забаўляльных пляцовак, у тым ліку, фестывальная і фан-зоны. Радаваць жыхароў і гасцей горада будуць некалькі дзясяткаў артыстаў. Далучыліся да масавай праграмы і беларускія музеі.
"Гульні. Игры. Games"
Нацыянальна мастацкі музей падтрымаў Еўрапейскія гульні задоўга да іх пачатку – яшчэ ў маі тут пачала працаваць выстава "Гульні. Игры. Games". Экспазіцыя на першым паверсе галоўнага корпуса музея аб’ядноўвае экспанаты самога музея і прыватных калекцыянераў. У ёй прадстаўлены работы як майстроў старэйшага пакалення, так і сучасных мастакоў. Працаваць выстава будзе да 30 чэрвеня.
Спорт – гэта высокае мастацтва
Выстава "Спорт – гэта высокае мастацтва" працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў з 7 чэрвеня па 4 жніўня. Наведвальнікі змогуць убачыць калекцыю архіўных фотаздымкаў і кінаматэрыялаў, якія адлюстроўваюць асаблівасці культуры спартыўнага цела ў савецкі перыяд.
Спартыўныя спаборніцтвы, усесаюзныя спартакіяды, знакамітыя спартсмены – усё гэта заклікана падбадзёрыць гасцей і ўдзельнкаў Еўрапейскіх гульняў.
Беларусь спартыўная
Далучылася да спартыўных выставачных праектаў сталіцы і Нацыянальная бібліятэка. На выставе "Беларусь спартыўная" можна паглядзець сувеніры са спартыўнай сімволікай усесаюзных і рэспубліканскій спаборніцтваў, савецкіх спартакіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы.
На манекенах у галоўнай бібліятэцы краіны – экіпіроўка знакамітых беларускіх спартсменаў – Аляксандры Герасімені, Наталлі Цылінскай, Дзмітрыя Дашчынскага і іншых.
Рэдкія і малавядомыя фотаздымкі беларускіх спартсменаў, кадры фотахронікі абяцаюць паказаць на рэтраспектыўнай выставе "Дадатковы час". Падрыхтавалі тут і кніжную выставу "Яркіх перамог, яркага лета!".
Калекцыя алімпійскіх узнагарод
Мінская гарадская ратуша прадставіла выставу алімпійскіх узнагарод і медалёў, якую сабраў калекцыянер Уладзімір Патанін. Алімпійскую калекцыю прывезлі ў беларускую сталіцупрывезлі спецыяльна да Еўрапейскіх гульняў.
У зборы прадстаўлены артэфакты ад Алімпійскіх гульняў у 1896 годзе да 2018 года. Сёння ў калекцыі каля 400 экспанатаў – срэбныя, бронзавыя і залатыя медалі, факелы і многае іншае.