Як беларусы праводзілі старажытны абрад "Перапяліца"

© Sputnik / Альфрэд МікусЖняя, архіўнае фота
Жняя, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра "перапяліцу" і вучыць гатаваць смачную страву з перапёлчынага мяса.
Надышла жніўная пара. Гэтым часам па народных уяўленнях у жыце пачынае крычаць перапёлка, заклікаючы жней да жніва.  Беларусы надзялілі перапёлку міфічнымі ўласцівасцямі і жаночай сімволікай.
Фальклорны вобраз гэтай птушкі мае дачыненне да чаргавання пораў года і сімвалічнага рэгулявання працы ў полі. Вось, што піша ў сваёй кнізе "Рэчыцкае Палессе" Чэслаў Пяткевіч пра гэту птушачку:
"Як жытні колас стане налівацца, то перапяліца не можа выцерпець, покуль даспее, да зараней крычыць: "Кінь палоць, пара жаць! Кінь палоць, пара жаць!" Тады весялей робіцца на сэрцы, думаеш — ось-ось скора будзе новы хлеб".
Лічылася, што падчас жніва перапёлка — першая памочніца жней. Яна быццам лётае над полем, аглядае дабро і спрыяе іх цяжкай працы.
Часам маленькая шэрая птушачка атаясамлівалася з самой жанчынай і яе цяжкай доляй. Так, у карагодзе "Перапёлка", у якім бяруць удзел толькі жанчыны, у перапёлкі баляць ручкі, ножкі, вочкі. Яна пакутуе і радуецца як звычайная жнейка, а жанчыны, спяваючы, ў харэаграфіі імкнуцца імітаваць рухі самой птушкі.
Абавязковым элементам жніва на Беларусі было стварэнне "перапёлкі" або "перапяліцы" (на Палессі – "перапеліцы"). Так называлі апошнія каласы, пакінутыя пасля жніва на полі. Рабілі гэтую працэдуру, каб улагодзіць міфічную гаспадыню нівы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВакол перапяліцы гаспадары і працаўнікі водзяць карагоды
Вакол перапяліцы гаспадары і працаўнікі водзяць карагоды - Sputnik Беларусь
Вакол перапяліцы гаспадары і працаўнікі водзяць карагоды
Пасля таго, як усё жыта было зжата, па цэнтры поля ставілі невялікі пук каласоў звязаны ўверсе чырвонай стужкай і ўпрыгожаны кветкамі. У сярэдзіне пука размяшчалі невялікі пляскаты камень, засцілалі яго кавалачкам чыстага палатна, на якое клалі лусту хлеба або знарок спечанага з нагоды дажынак каравая.
У месцы, дзе знаходзілася перапяліца, іржышча і пустазелле выполвалі, а гэтае месца абкладалі саломай. Да перапяліцы запрашалі гаспадароў, якіх ушаноўвалі спевамі і карагодамі. А каб атрымаць ад гаспадыні пачастунак, трэба было тры разы абнесці яе вакол перапяліцы. Пасля гэтага на іржышчы сцялілі прыгожыя посцілкі і дываны з прынесенымі прысмакамі. Такім чынам гаспадары дзякавалі жнеям і частавалі іх.
На Магілёўшчыне і іншых мясцовасцях Беларусі падобны дажыначны абрад называецца "Барада".
Асобныя фальклорныя тэксты даюць падставу меркаваць пра існаванне ў старадаўнія часы  звычаю выкарыстоўваць перапёлку ў якасці ахвяры ці абрадавай ежы: "...будземо цябе лапаці. Як зловім, то зарэжам... ". Пра каштоўнасць перапяліных яек і іх выкарыстанне ў дыетычным харчаванні вядома многім, але і мяса птушкі вельмі смачнае. З яго гатуюць шмат добых страў.

Перапёлкі печаныя з бульбай

Інгрыдыенты:
  • 1 кг перапёлак
  • 1 кг бульбы
  • 100 г алею або курынага тлушчу
  • Чабор
  • Шалфей
  • Соль па смаку.
Як гатаваць:
Перапёлак абскубці, пачысціць, абцерці соллю з перацёртым сухім чабаром (або цім'янам) і лісцікамі шалфею або ісопа, пакінуць мяса на дзень у лядоўцы марынавацца. Пачысціць бульбу, пакрышыць, крыху пасаліць і выкласці на разагрэтую бляху з растопленым курыным тлушчам або алеем. Выкласці на бульбу перапёлак і ўставіць у добра гарачую, але без вуголля, печ або духоўку. У духоўцы выпякаць страву пры тэмпературы ў 200 градусаў 40-60 хвілін.
Для прыгатавання страў з перапёлкі варта выкарыстоўваць мяса птушкі, выгадаванай у гаспадарках, паколькі мяса дзікай перапёлкі можа быць таксічным. У прыродзе перапёлкі харчуюцца насеннем дзікарослых раслін, многія з якіх небяспечныя для чалавека, але не для самой птушкі. Атрутныя якасці мяса не знікаюць пасля тэрмічнай апрацоўкі.
Чытайце таксама:
Стужка навiн
0