Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вылучыць грошы на аднаўленне і рэстаўрацыю шасці аб'ектаў. Крыніца фінансавання - прэзідэнцкі фонд па падтрымцы культуры і мастацтва.
Пра якія аб'екты ідзе гаворка, чытайце ў аглядзе Sputnik.
Гальшанскі замак
Маштабная рэстаўрацыя рэзідэнцыі роду Сапегаў пачалася ўвесну мінулага года дзякуючы прыцягненню сродкаў з прэзідэнцкага фонду ў рамках дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016 - 2020 гады. На дадзены момант ужо адноўлена самая захаваная паўночная вежа, пад сценамі якой сёлета прайшоў юбілейны дзясяты фестываль "Гальшанскі замак".
Работы працягваюцца у 2019 годзе: тэрыторыю замка плануюць падсвятліць, усталююць відэаназіранне, а ўнутры самой вежы адновяць роспіс і ляпніну, адновяць камін. Музейная экспазіцыя пра гісторыю Гальшанскага замка размесціцца ў невялікіх памяшканнях і падвале, тут жа можна будзе ўбачыць артэфакты, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак.
Езуіцкі касцёл у Мсціслаўлі
Шматпакутны касцёл мае доўгую гісторыю аднаўлення. Пачалася яна ў 2017 годзе, калі з'явіліся навіны пра абрушэнне адной са сценаў. Тады з просьбай да міністэрства культуры звярнуўся відэаблогер Дзяніс Касцюкевіч, а ў 2018 годзе быў адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў.
Нягледзячы на выдзеленыя Магілёўскім аблвыканкамам грошы - крыху больш за 103 тысяч рублёў - паўгода таму касцёл зачынілі на кансервацыю, так як аб аднаўленні гістарычнага будынка не магло быць і гаворкі.
Інфармацыя пра тое, што яшчэ адна сцяна і калона абрынуліся падчас работ па кансервацыі, з'явілася ў сярэдзіне жніўня.
Капліца-пахавальня князёў Паскевічаў
Рэстаўрацыйныя працы супрацоўнікі ААТ "Белрэстаўрацыя" ў капліцы-пахавальні, якая з'яўляецца часткай палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі, праводзяць з 2007 года. Спецыялісты ўжо арганізавалі гідраізаляцыю падземных частак, адрэстаўравалі дах капліцы і пахавальні, пазалоту крыжоў і купалоў, аднавілі маёлікавыя плітку і тэракотавыя какошнікі.
У 2017 годзе ішла рэстаўрацыя наземнай часткі комплексу - капліцы, завяршыць усю працу планавалася ў 2018 годзе, але нешта пайшло не так. Магчыма, дзякуючы фінансаванню з прэзідэнцкага фонду, пахавальня будзе адкрыта для наведвання ўжо ў 2020 годзе.
Фрэскі полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы
Спаса-Праабражэнская царква полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра - адзіны ў нашай краіне помнік XII стагоддзя, дзе амаль цалкам захаваўся фрэскавы роспіс. На сценах храма - выявы святых і біблейскія сюжэты ў візантыйскім стылі.
Паўнавартасная рэстаўрацыя пачалася тут на пачатку 1990-ых, пад кіраўніцтвам мастака і даследчыка Ракіцкага. У 2007 годзе да працы падключыліся маскоўскія спецыялісты, а ў 2008-2009 гадах была канчаткова распрацавана методыка адпластавання пазнейшых роспісаў, каб раскрыць па сапраўднаму ўнікальныя для Беларусі фрэскі XII стагоддзя.
На дадзены момант фрэскі адкрыты больш чым на 90%. Спецыялісты ўпэўнены, што ідэя роспісу храма належыць самой Еўфрасінні Полацкай. Лічыцца, што святая такім чынам пакінула спецыяльнае пасланне сваім нашчадкам, расшыфраваць якое будзе магчыма толькі пры поўным адкрыцці.
Сядзіба Напалеона Орды
Яшчэ адзін праект з шчаслівай шасцёркі - сядзіба мастака і кампазітара Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. У раённым цэнтры ўжо з'явіўся помнік знакамітаму земляку, а на месцы згарэлай ў 1943 годзе былой шляхецкай сядзібы правялі археалагічныя даследаванні. Пакуль музей знаходзіцца ў будынку былой школы ў дерене Варацэвічы, тут жа размяшчаецца і карцінная галерэя.
Аднаўляць сядзібу будуць па малюнках яе ўладальніка. Цяпер ужо залілі фундамент, выклалі цагляны склеп і пачалі ўзвядзенне драўлянага зруба. Захаваліся таксама дэталёвыя славесныя апісанні не толькі сядзібнага дома, але і двор. Плануецца, што не толькі дом, але і прылеглыя пабудовы - бровар, сырніца, стайня, хлеў - будуць адноўлены максімальна дакладна.
Музей беларускай маляванкі
На базе гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" за кошт сродкаў прэзідэнцкага фонду плануецца адкрыць музей беларускай маляванкі - размаляваных дываноў.
Тут размесціцца самая вялікая ў Беларусі калекцыя маляванкі. Цяпер у ёй налічваецца каля 130 твораў, аналагаў якім няма ва ўсім свеце. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць працы Язэпа Драздовіча і слуцкай майстрыхі Алёна Кіш.
Пакуль калекцыя, збор якой пачаўся ў 1988 годзе, захоўваецца ў спецыяльных тубах.