Для тых, каму надакучылі бясконцыя тусоўкі, Sputnik зрабіў падборку інтэлектуальных мерапрыемстваў на самае рамантычнае свята года.
Спатканне ў пакоі Петруся Броўкі
"Музей для дваіх" – акцыя, якая стала традыцыйнай у Музеі імя Петруся Броўкі. Только адна пара закаханых увечары 14 лютага зможа патрапіць ва ўстанову і правесці тут рамантычны вечар. Арганізатары абяцаюць адкрыць невядомыя старонкі прыватнай гісторыі Пятра Усцінавіча і Алены Міхайлаўны Броўкаў. Адмысловая экскурсія будзе праходзіць пад гукі гітары з водарам чабора.
Каб патрапіць на інтэлектуальнае спатканне, трэба выканаць умовы, апісаныя ў сацыяльных сетках музея, а розыгрыш адбудзецца ўжо 12 лютага.
Байкот каханню
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры вырашылі адыйсці ад стэрыатыпаў і святкаваць 14 лютага не Дзень усіх закаханых, а міжнародны Дзень дарэння кніг – тут адбудзецца адмысловая пісьменніцкая эстафета – беларускія пісьменнікі сустрэнуцца са сваімі чытачамі ўсіх узростаў.
Нон-стоп імпрэза распачнецца а 10-й гадзіне раніцы і скончыцца толькі ўвечары. Падчас мерапрыемства гасцей будуць сустракаць літаратурныя творцы Міхал Бараноўскі, Ганна Янкута, Зміцер Бартосік, Надзея Ясмінска, Алена Масла, Людміла Рублеўская і іншыя.
Лялька-абяряэг для каханка
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа да Дня ўсіх закаханых ладзіць цэлы тыдзень адмысловых майстар-класаў, які пачаўся яшчэ 11 лютага.
Разам са сваёй другой палоўкай можна замовіць майстар-клас па вырабе лялек-абярэгаў і букетаў з цукерак. Для гэтага не абавязкова нават тэлефанаваць у музей, дастаткова пакінуць каментар у сацыяльных сетках музея.
Рамантычны квэст
Музей гісторыі тэатральный і музычнай культуры падрыхтаваў да Дня ўсіх закаханых рамантычны квэст. 14 лютага кожны наведвальнік разам з уваходным квітком атрымае буклет з заданнямі. Падказкі будуць схаваныя на экспазіцыі і дапамогуць даведацца, каму прысвячалі песні і як звярталіся да каханых у лістах беларускія творцы.
Музыка і зоркі
Мінскі планетарый вырашыў святкаваць Дзень усіх закаханых на некалькі дзён раней і ладзіць адмысловы выступ гурта Dodoma ужо 13 лютага.
Па словах арганізатараў, тэмай музычна-візуальнага апавядання ў гэты вечар абраны працэс эвалюцыі планет зямнога тыпу, а таксама эмацыйная рэфлексія на творчасць Андрэя Таркоўскага.
Замест банальнай рамантыкі і пацалункаў у Мінскім планетарый прапануюць паразважаць пра арганізацыю свету і пашукаць сваё месца на планеце.