Кухня нашых продкаў: гатуем адэльскія капыткі

© Sputnik / Альфрэд МікусЕжа на беларускім стале
Ежа на беларускім стале - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра адносіны нашых продкаў да ежы і вучыць гатаваць незвычайную страву.
"Каб не ежка ды адзежка, то была бы грошай дзежка", - так у народзе казалі  пра выдаткі на харчаванне. Ад іх пакутавалі не толькі  простыя людзі, але і шляхта – ладзячы пышныя банкеты багачы маглі страціць усю сваю маёмасць.
Этнограф Ларыса Мятлеўская - Sputnik Беларусь
Кухня нашых продкаў: гатуем бігас, які елі героі Адама Міцкевіча
Да ежы ва ўсе часы было своеасаблівае стаўленне. У нашых продкаў нават існавала свая адмысловая тэрміналогія. Так, згодна с "Маленькім маскоўска-беларускім (крывіцкім) фразеалагічным слоўнікам Яна Станкевіча", вылучалі "емя" і "еміну".
Емя і еміна –  ўсё тое, з чаго можа быць прыгатаваная ежа. Крупы, сырая гародніна, сырое мяса і падобнае – гэта ўсё еміна. Так калісці харчовая крама і харчовыя прадукты гучалі б як емінныя тавары, емінная крама. Меню гучала б па-беларуску як  емінная карта або ліст.
Станкевіч піша "...ежа і яда гэта ўжо еміна прыгатаваная да ядзення. Спечаны хлеб, вараная бульба, розная істрава, бліны, верашчака і пад., - гэта ўсё ежа, або яда. Апрача таго яда яшчэ значыць "працэс едзення". Напрыклад кажуць: "Гэта бульба на емя, а гэта на семя".
Слова "наедак" азначае як ежу наогул, так і ежу, якой можна добра наесціся, сытную ежу. У народзе і цяпер можна пачуць: "Бульба не наедак, сала – во гэта наедак".
Народны соннік пра ежу
  • Абаранкі есці – абнова, грошы;
  • Абед даваць, частаваць абедам – сваты будуць, клікаць на вясельнае застолле;
  • Абедаць у сне – добра ўродзіць скацінка, будзе добры ураджай;
  • Варыць ежу – сварка будзе;
  • Аб’есціся ў сне – надта нягодна, кажуць – утопішся;
  • Галоднаму быць – добра, нужды не будзе; хораша, здароў будзеш;
  • Ядомінай запасацца – падарожжа або асцярога перад галадоўкай;
  • Пірог есці - будзеш пацешаны.
Адэльскія капыткі
Капытка, капыткі, капытцы - страва з бульбы, блізкая сваячка клёцак. Гатуюць страву як з сырой, так і з варанай бульбы. Існуе шмат рэцэптаў прыгатавання гэтай стравы. Той, што хачу вам прапанаваць вышукала ў мястэчку Адэльск, што на Гарадзеншчыне. Капыткі добрая страва як самастойная з разнастайнымі соусамі, заскварай з цыбуляй так і ў выглядзе гарніру да мяса.
Інгрыдыенты:
  • 1 кг бульбы
  • 250 г бульбянога крухмалу
  • 3 яйкі
  • Каля 50 г солі
  • Чырвоны востры перац па смаку
Як гатаваць:
Зварыць бульбу ў мундзірах, гарачую пачысціць і добра стаўчы, каб не было камячкоў, дадаць яйкі, перамяшаць, дадаць шчопаць вострага  чырвонага перцу, крухмал, перамяшаць, скачаць клёцку і уткнуць у сярэдзіну пальцам, бо капытцы мелі сваю назву менавіта з-за гэтай дзіркі. Закіпяціць ваду, пасаліць яе і варыць у ёй  капытцы 10-15 хв.
Падаваць са смятанай або цыбуляй, падсмажанымі на сале або з грыбным соусам.
Грыбны соус
Інгрыдыенты:
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 ст лыжка мукі
  • Соль
  • 5-8 грыбоў
  • 1 шклянка смятаны
  • 3-4 жаўткі
  • 1-2 цыбуліны
Як гатаваць:
Растапіць лыжку масла, падсмажыць у ім муку, развесці грыбным адварам з цыбуляй, пакласці некалькі лыжак смятаны, закіпяціць. Узбіць з жаўткамі, нагрэць і заліць страву з круп, бульбяныя катлеты ці штосьці іншае.
Можна дадаць да соуса некалькі дробна нарэзаных грыбкоў.
Стужка навiн
0