МІНСК, 23 ліп - Sputnik. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына расцаніла аб'яднанне штаба кандыдата ў прэзідэнта Святланы Ціханоўскай са штабамі Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі як вымушаную меру, пра гэта яна заявіла на сустрэчы з актывам БРСМ у чацвер у Мінску.
Пасля таго як ЦВК не зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты Цапкалу і Бабарыку, было прынята рашэнне аб аб'яднанні выбарчых штабоў гэтых палітыкаў са штабам кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай.
"Як я да гэтага стаўлюся? Калі гэта робіць выбарчую кампанію цікавейшай, больш жывой, то толькі вітаю. Думаю, аб'яднанне штабоў - вымушаная мера", - цытуе выказванні кіраўніка ЦВК Ярмошынай інфармацыйнае агенцтва "Мінск-Навіны".
Пры гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць, што прадстаўнікоў гэтых трох штабоў "нішто не аб'ядноўвае ў жыцці", і яны пайшлі на гэты крок, каб аб'ядноўваць пратэстны электарат падчас кампаніі.
Пасля аб'яднання штабоў Святлана Ціханоўская, Верніка Цапкала і Марыя Калеснікава (кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі - Sputnik) правялі сумесную прэс-канферэнцыю, а таксама вулічныя акцыі.
Па словах Калеснікавай, дамоўленасць аб сумесных дзеяннях была дасягнутая на працягу 15 хвілін, а ініцыятарам сустрэчы выступіў штаб Віктара Бабарыкі.
Калеснікава таксама адзначыла, што перадвыбарчая кампанія сумеснай каманды будзе грунтавацца на шэрагу прынцыпаў, сярод якіх - прыйсці на выбары 9 жніўня і галасаваць, вызваленне палітычных і эканамічных заключаных з магчымасцю перагляду спраў у незалежных судах, правядзенне паўторных выбараў. У сваю чаргу Вераніка Цапкала заявіла, што адна з мэтаў аб'яднання штабоў - паказаць грамадству і ўладам, што такое жаночая салідарнасць.
Выбары прэзідэнта ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня, за прэзідэнцкую пасаду змагаюцца пяць кандыдатаў, цяпер у краіне разгар агітацыйнага перыяду выбарчай кампаніі.
Чытайце таксама:
- Ярмошына: прынятае рашэнне па абмежаванні назіральнікаў абскардзіць нельга
- Сяргей Лебедзеў узначаліць Місію СНД на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі
- Назіральнікамі на выбары зарэгістраваліся амаль 43 тыс чалавек