"На Грамніцы - паўзіміцы" ці "Як прыйдуць грамніцы - скідай рукавіцы" - так кажуць у вёсцы Пласток Любанскага раёна.
Грамніцы народ успрымаў як сустрэчу зімы з летам. У гэтым годзе 14 лютага ў Пластокскі сельскі дом культуры прыехалі паўдзельнічаць у Грамніцы яшчэ і жыхары вёскі Камуна Любанскага раёна.
Святочныя традыцыйныя гулянні ў вёскі Пласток пачынаюцца карагодамі: адна група ходзіць сваім карагодам, паказваючы лета, іншая група - сваім карагодам, паказваючы зіму. Усе сустракаюцца ў цэнтры вёскі, вітаюць адзін аднаго і выказваюць пажаданні аб будучыні лета.
Спяваюць: "У нас сегонне стрэчанне, стрэчанне. Зіма з Летам стрэлася, стрэлася. Лета Зіму піхнула, піхнула. І ножачку звіхнула, звіхнула. Пайшло Лета скачучы, скачучы. Зіма пайшла плачучы, плачучы".
Пакуль водзяцца карагоды і спяваюцца грамнічны песні, мясцовы мужчына ад "грамнічнай" свечкі запальвае невялікае вогнішча з саломы і шчапы - "жывы агонь", каб абараніцца ад злых духаў.
Вакол гэтага вогнішча ўсе водзяць карагоды, традыцыйна перакідваюцца паміж сабой блінамі. Бліны ў дадзеным абрадзе ўвасабляюць сонца: "Няхай у снег упадзе, Сонейка снег тапіць пачне", потым бліны паднімаюць са снегу і вешаюць або закідваюць на дрэвы, каб падкарміць птушачак.
Потым качаюць упрыгожанае стужкамі і кветкамі кола ад калаўрота па вёсцы: "Дзяўчаты, каціце калясо-Сонейка па вуліцы, каб сонца на лета перакацілася, каб лецечка абудзілася!". Дзяўчыны качаюць па вуліцах упрыгожанае кола, перахапляючы яго адна ў адной.
Пасля дзяўчаты ідуць стукаць у "бляшанку" (кавалак бляхі) драўлянымі палкамі, каб абудзіць бога-грамаўніка, які дапаможа лету ў барацьбе з зімой.
Ну а потым - усе на вясёлую вечарыну з народнымі песнямі і прыпеўкамі!
Чытайце таксама:
- Як святкавалі Стрэчанне (Грамнiцы) у вёсцы Пласток Любанскага раёна
- Стрэчанне Гасподняе: што можна і нельга рабіць у гэты дзень
- Грамніцы - палова зіміцы: як у Новым Палессі адзначылі Стрэчанне