МІНСК, 17 лют – Sputnik. Першая ракетка Беларусі і 7-я ў сусветным рэйтынгу Арына Сабаленка і бельгійка Эліс Мертэнс (16-я) прабіліся ў фінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе.
У мінулую ноч у паўфінале яны абыгралі амерыкана-нідэрландскі дуэт Ніколь Мелічар і Демі Схюрс ў двух сэтах - 7:5, 6:4.
У галоўным матчы парнага разраду турніру, які пройдзе рана раніцай у пятніцу, 19 лютага, Сабаленка і Мертэнс сустрэнуцца з прадстаўніцамі Чэхіі Барбарай Крэйчыкавай і Кацярынай Сіняковай.
Для 22-гадовай беларускі і 25-гадовай бельгійкі будучы фінал стане другім у кар'еры сярод турніраў серыі Вялікага шлема: у 2019 годзе яны ўжо выйгравалі адкрыты чэмпіянат ЗША.
Нагадаем, што раней у адзіночным разрадзе Australian Open і Арына Сабаленка, і Эліс Мертэнс саступілі ў 1/8 фіналу: беларуска - Серэне Уільямс, бельгійка - Караліне Мухавай.
На турніры ўжо вызначыліся паўфіналісткі: японка Осака згуляе з Уільямс, а Мухава - з амерыканкай Джэніфер Брэдзі. У мужчын у першым паўфінале згуляюць серб Новак Джокавіч і расіянін Аслан Карацеў, які выбіў ў другім раўндзе турніру беларуса Ягора Герасімава.
Удзельнікі другога паўфіналу стануць вядомы пазней: на яго прэтэндуюць расіяне Андрэй Рублёў і Данііл Мядзведзеў, грэк Стэфанас Ціціпас і іспанец Рафаэль Надаль.
Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе праходзіць без гледачоў. У пятніцу 12 лютага ўлады гэтага аўстралійскага штата абвясцілі аб увядзенні пяцідзённага каранціну з-за ўспышкі каронавіруснай інфекцыі.
Чытайце таксама:
- Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу Australian Open
- Упершыню ў кар'еры: Сабаленка заняла 7-е месца ў сусветным тэнісным рэйтынгу
- Сабаленка ўпершыню трапіла ў топ-50 рэйтынгу WTA