У цыкле веснавых свят беларускага народнага календара асаблівае месца займае Дабравешчанне. 7 красавіка - Трэцяя сустрэча вясны. Дабравешчанне - старажытнае веснавое свята, яно лічылася вялікім - святам прылёту бусла, ластаўкі.
Весела было! Жыхары вёскі і госці выйшлі на высокае месца, расклалі вогнішча, спявалі песні, вадзілі карагоды.
Усе ўпрыгожвалі папяровымі вясновымі птушачкамі дрэвы. Потым па народнай традыцыі птушак выпускалі на волю па-сучаснаму - птушачкі былі прывязаны да паветраных шарыкаў!
Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі займала гушканне на калыханцы або на арэлях.
На Дабравешчанне, яшчэ зранку маладыя хлопцы, знаходзілі галоўны атрыбут свята - "вужышча" - гэта доўгая вяроўка з канаплі ці лейцы. Потым трэба было знайсці месца, дзе будзе гэта свята адбывацца. Так, як у той час усе жылі на хутарах, месца адводзілася у лесе, альбо у каго небудзь на двары, дзе знаходзілася азярода (прыспасабленне для сушкі сена). Азярода была як мага добрым прыстасаваннем, каб зачапіць калыханку ці арэлі. На свята зыходзіліся з усёй акругі, старыя і маладыя.
Першымі закалыхвалі самых смелых, каб можна было ўпэўніцца ў добрым мацаванні калыханкі, затым - усiх, хто прысутнічаў. Абавязкова павінны закалыхацца дзеці, каб былі ўвесь год дужыя і здаровыя. Па павер'і, хто ў гэта свята закалыхаецца, той будзе здаровы цэлы год.
І традыцыя была такой - чым вышэй цябе разгойдваюць, чым больш ты баішся, тым лепш. Калі "закалыхацца" на арэлях ў гэты дзень, то цэлы год не будзе хвароб.
А калі хацелі выйсці замуж (ажаніцца), дык таксама трэба было "закалыхацца" на арэлях і гучна крычаць імя каханага. І разгойдвалі да таго часу, пакуль дзяўчаты і юнакі не прызнаюцца, каго яны любяць.
Потым былі народныя песні, агульны стол… з гарачай юшкай, мясцовымі блінамі з печы і сапраўдным збожжавым "бярозавым сокам"!
Чытайце таксама:
- "Гуканне вясны" адбылося ў Строчыцах
- Як беларусы гукалі вясну ў Вязынцы пад снегападам
- Як гукалі Чырачку ў Лельчыцкім раёне на Масленіцу