Самы чароўны час у годзе
09:52 19.06.2021 (абноўлена: 16:06 13.06.2022)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗялёныя святкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раіць, як справіць дзявічнік на Зялёныя святкі, і дзеліцца старажытнымі святочнымі рэцэптамі.
Пачатак лета ў мяне заўсёды выклікае лёгкае хваляванне. Моцна ў лес цягне, чамусьці ў жыце схавацца хочацца і ўсялякае такое.
Не, вы не падумайце, я пры сваім розуме але такі мой стан тлумачыцца тым, што хутка Сёмуха і Граная нядзеля, а неўзабаве і Купалле. Карацей, самы чароўны час у годзе – гэта цяпер. Чары ў тым, што ў лясных нетрах схавалася папараць-кветка ў чаканні купальскай ночы, набіраецца сілы гаючае зелле і, хто ведае, магчыма рыбакам часам чуецца рогат русалак у зарасніках чароту.
"Сёмуха – свята"!
Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня і менавіта адсюль яе назва. Увогуле ў славянскіх народаў гэта старажытнае свята мае розныя найменні: Зялёныя святкі, Май, Тройца, Русаллі, Зелянец, Граная нядзеля, Дух.
Асноўны сэнс гэтага свята – ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў, буйны росквіт якіх атаясамліваўся з жыццёвай сілай прыроды. Каб прывабіць яе сілу, спрыяць будучаму ўраджаю, забяспечыць плоднасць жывёлы, здароўе і дабрабыт сям’і, галінкамі бярозы, ліпы і клёна аздаблялі сядзібныя пабудовы. У Хойніцкім р-не сцвярджалі, што гэта рабілася для таго, каб "выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла".
"На Сёмуху "сёмушку" прывозяць"
Рыхтуючыся да свята часта ехалі ў лес па зеляніну. Галінкі дрэў і нават зрэзаныя пад корань маладыя бярозкі на Гарадзеншчыне называлі "сёмушкай", а на Міншчыне і ў іншых мясцовасцях – "маем".
У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, лесу не было і, калі надыходзіў час свята, бабуля казала: "Трэба "маю" наламаць" і ішла па галінкі клёну, які рос у двары. Іх затыкалі за абразы ў хаце, за партрэты памерлых продкаў, каля парогу, пад страху ў хляве і абавязкова каля варот.
Вымытую да бляску падлогу ў хаце засцілалі аірам, які меў не толькі прыемны пах, але і быў здольны абараняць ад пяшчаных блох, якіх калісьці было шмат менавіта гэтай спякотнай парой.
Так старыя гавораць
У народзе існавала нямала цікавых прыкметы і павер’яў звязаных з гэтым святам.
Так, у вёсцы Кіралі, што ў Шчучынскім раёне, згадваючы свята, старажылы казалі: "На Сёмуху май становяць… укопваюць бярозы на надворках і варотах, каровам вянкі ўюць, на галовы кладуць. Да Сёмухі нельга венікі бярозавыя вязаць, а пасля Сёмухі робяць венікі".
Пра тое самае ўзгадвалі і ў Буда-Кашалёўскім раёне: "На Тройцу ліпавымі веткамі ўсё абтырквалі: усю хату і хлявы тожа... А потым зелень ету сабіралі і выносілі ў сарай, клалі там, дзе куры нясуцца, абкладалі там, дзе бульбу закапваюць, штоб мышы не рыліся. Май жа ўсё плахое выганяў".
У Добрушскім раёне людзі кідалі ў раку траву і палявыя кветкі каб быў "багаты год", добры ўраджай і верылі, што калі гэтага не зрабіць, то "галодны год будзе, ці засуха будзе, ці жыта не ўродзіць". Часам сядзібу аздаблялі рознымі відамі дрэў. Хату ўпрыгожвалі галінкамі ліпы, бярозы, дуба і клёна, а двор і хлеў аздаблялі асінай для таго, каб "у дварэ і хляве скаціна вялася".
У Рэчыцкім раёне і на Міншчыне па галінках клёна, раскладзеных у хаце, напрацягу першага дня варажылі, якім улетку будзе надвор’е: "Калі быстра сохне клён, то сухі будзе год (лета), не быстра сохне - мокры год".
Пад вокнамі ставілі бярозкі і прыкмячалі: "Калі сохне лісце, то сена будзе сохнуць добра".
У Лоеўскім раёне высахлы "май", звязвалі ў пучкі і "вешалі пад страху, каб усё добра было ў хаце і з жывотнымі. Так старыя гавораць". Таксама ёсць сведчанні, што высахлыя "траецкія" галінкі, якія доўга не вялі, выкарыстоўвалі як лекі, пасыпаючы пацярушаным лісцем раны, купалі ў іх дзяцей. Лічылася, што на Троіцу першыя тры дні нельга працаваць, а напрацягу Граной, Русальнай нядзелі нельга было хадзіць у лес і купацца ў вадаёмах.
Яшчэ ў Добрушскім раёне сцвярджалі, што ў гэтыя дні "ні ў коім разе нельга было гарадзіці забор ці рамантаваць баронкі". Напярэдадні свята крапіву вешалі над дзвярамі каб адагнаць нечысць, а любісту ўпотай маткі падкладалі ў ложак нежанатым дзецям, каб іх усе любілі і яны хутка выйшлі замуж і ажаніліся. Як і крапіва, ліпа, любісцік і аір, асвечаныя ў царкве, лічыліся моцным абярэгам. Іх вешалі на вароты, ставілі на падваконні, зашывалі ў падушку чалавеку ў труну. Галінкі "маю" палілі падчас моцных грымот, каб не было граду. Пасля свята каля хаты закопвалі ссечаныя маладыя дрэўцы бярозы і клёна. Лічылі, што яны будуць зберагаць усіх ад розных хвароб, бо ў іх жылі духі. Галінкі бярозы закопвалі ў зямлю, каб спрыяць добраму ўраджаю.
Не толькі само свята Троіца але і ўвесь тыдзень перад ім асаблівы. Кожны дзень быў асаблівы. Так на тыдні ў Крывую або Градавую сераду нічога не рабілі на полі, бо лічылі, што град пашкодзіць пасевы, не палолі і не садзілі, каб не вырасла крывым. У пятніцу гатавалі посныя стравы, а ў суботу елі скаромнае і адзначалі Сёмушныя або Траецкія Дзяды. У народзе тлумачылі: "Субота перад Тройцай – "Сёмка", тады пракладаюць дзірванамі могілкі, а ў нядзелю – Тройца".
Ідучы на могілкі ўшаноўваць продкаў неслі з сабой бярозавыя галінкі, яйкі, бліны. Але на гэтым традыцыя памінаць продкаў на Сёмушныя Дзяды ў некаторых раёнах не завяршалася. Праз тыдзень пасля Троіцы на могілкі ішлі ізноў, называючы гэты дзень "Багатыя Дзяды".
Дзявочнік у Сёмік
Чацвер, які ў народзе называлі – Сёмік быў днём канчатковага развітання з вясной і сустрэчай лета. Дарэчы ў Буда-Кашалёўскім раёне распавядалі, што Сёмік – гэта малады, добры, вясёлы юнак-хлапец. У гэты дзень дзяўчаты ладзілі чыста дзявочы абрад "Вянкі" ў якім у асаблівай пашане была бяроза.
Святкавалі прыкладна так. У другой палове дня дзяўчаты ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі. Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак.
Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымлівалася нібыта брама, якую абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі. Праз яе дзяўчаты праходзілі парамі, куміліся, абменьваючыся хусткамі і стужкамі.
Яшчэ вілі вянкі з кветак, вешалі на бярозу і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, замужжа. Гэта быў сапраўдны дзявочнік. Хлопцы, мужчыны і дзеці на яго не дапушчаліся. Выпраўляючыся ўпотай у лес, дзяўчаты бралі з сабой старэнькую бабулю, якая павінна была лупцаваць усіх крапівой, адганяючы такім чынам злых духаў.
Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак вянкі развіваць. У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці існавала верная прыкмета, што калі не развіць вянка, то будзе ўвесь год моцна балець галава.
Далей дзяўчаты частаваліся прынесенымі стравамі і адыходзілі спяваючы:
"А мы вяночкі развілі і гарелачку папілі,
І закусачку паелі, пайшлі дворачку – запелі".
Некалькі добрых рэцэптаў
А "закусачка" была такая: яйкі, сала, каўбасы, салодкая гарэлка, прыгатаваная яечня, бліны. Усё гэта абрадавыя стравы. Узгадаем некалькі добрых рэцэптаў, якія былі папулярныя ў нашых бабуль.
Яечня вясковая
З чаго гатаваць:
- 8 яек,
- 0,5 шклянкі малака,
- 80 г сала,
- 1 цыбуліна,
- соль.
Як гатаваць. Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй. Яйкі ўзбіць з малаком, пасаліць і заліць гэтым сала з цыбуляй. Пасыпаць зверху зялёным кропам. Запячы ў духоўцы або печы.
Амлет па-сялянску з карыцай
З чаго гатаваць:
- 6-8 яек,
- шчопаць кропу альбо пятрушкі,
- соль,
- 1 ст лыжка масла,
- 0,5 ст лыжкі мукі,
- 1 ст лыжка цукру,
- 1,5 шклянкі смятаны,
- 3 жаўткі,
- карыца.
Як гатаваць. Яйкі моцна ўзбіць, усыпаць крыху пакрышанага кропу альбо зялёнай пятрушкі, пасаліць. Растапіць на вялікай патэльні альбо блясе паўлыжкі масла, уліць узбітыя яйкі, паставіць у печ або духоўку. Калі падрумяняцца перакласці ў форму для запякання. Узяць палову сталовай лыжкі масла, столькі ж цукру і мукі, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі і ўсё гэта моцна нагрэць на патэльні мяшаючы. Калі загусцее, заліць яечню, абсыпаць цукрам і карыцай і запякаць 15 хв.
Амлет венскі з варэннем
З чаго гатаваць:
- 4 яйкі,
- 4 ст лыжкі малака,
- соль,
- 0,25 ст лыжкі масла,
- 1 ст лыжка мармеладу,
- 1 ст лыжка цукру.
Як гатаваць. Узяць 3 або 4 яйкі і моцна ўзбіць з малаком і шчопаццю солі; распусціць на патэльні крыху масла так, каб амлет не прыстаў, выліць на патэльню і пячы ў гарачай печы або духоўцы пакуль ніз не зарумяніцца. Калі амлет будзе гатовы, трэба яго акуратна зняць, дапамагаючы сабе нажом або адмысловай лапаткай на аркуш паперы (не перакульваючы патэльню), намазаць павідлам або мармеладам. Скруціць у трубачку і, падаючы на стол, шчодра абсыпаць цукрам.
Салодкая гарэлка паненская
З чаго гатаваць:
- 0,5 літра моцнай гарэлкі,
- стограмовая чарка насення кропу,
- 150 г вады,
- мёд для смаку.
Дарэчы, салодкая гарэлка не была моцнай. Для смаку яе настойвалі на насенні кропу, анісу, кмену, дадаўшы крыху мёду. У залежнасці ад насення яе так і называлі – кропаўка, кменаўка, анісаўка.
Як гатаваць. Узяць 0,5 літра моцнай гарэлкі, усыпаць туды стограмовую чарку насення кропу і паставіць на некалькі тыдняў у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы. Як добра настаіцца, працадзіць, дадаць па смаку мёд, разведзены ў 150 г гатаванай вады.
Смачна есці!