Альтэрнатыва дэпазітам і долару: куды ў Беларусі можна ўкладваць грошы
09:58 31.12.2021 (абноўлена: 09:59 31.12.2021)
© Sputnik / Владимир Трефилов
/ Падпісацца
Перамагчы звычку, страх перад невядомасцю і павысіць фінансавую пісьменнасць – галоўныя крокі, якія дазваляюць выйсці за рамкі стандартнага стаўлення да зберажэнняў. Даведаліся ў эксперта, як выгадна ўкласці грошы ў Беларусі.
Пераводзіць зарплату ў долары і класці іх на дэпазіт – не адзіны і далёка не самы прыбытковы спосаб захаваць свае кроўныя.
Карэспандэнт Sputnik Мікалай Міхнавец звярнуўся да практыкуючага інвестара і фінансавага саветніка Аляксея Навіцкага, каб той распавёў аб пачатковым вопыце засваення інвестыцыйнага рынку і магчымасцях, якія пры правільным падыходзе прывядуць да фінансавай незалежнасці.
Тры любімыя інструменты беларусаў
Беларусы прызвычаіліся ў якасці гарантыі зберажэння сродкаў купляць долары, хаця ў гэтым выпадку размова ідзе толькі аб захаванасці, а не аб прымнажэнні. Да таго ж за апошні год "амерыканец" нават упаў у адносінах да беларускага рубля.
Валютныя дэпазіты не такія даходныя, а беларускія – рызыкоўныя. Ёсць варыянт з пакупкай нерухомасці, якую потым можна здаваць. Але ў гэтым выпадку няма гарантыі стабільнага попыту і росту кошту на фоне сацыяльна-эканамічных фактараў. Акрамя таго, зберажэнняў на кватэру ці дом банальна можа не хапаць.
© Photo : предоставлено Алексеем НовицкимПрактыкуючы інвестар і фінансавы саветнік Аляксей Навіцкі
Практыкуючы інвестар і фінансавы саветнік Аляксей Навіцкі
© Photo : предоставлено Алексеем Новицким
Аляксей Навіцкі распавёў, што многія беларусы задаюцца пытаннем, ці можа фондавы рынак быць больш выгадным за здаваную ў арэнду кватэру, якая, да прыкладу, прыносіць да 4% гадавых.
"Так, фондавы рынак можа даць вялікую даходнасць. Але ці трэба прадаваць кватэру, каб інвесціраваць у фондавы рынак? Не факт. Таму што гэта ўсё роўна пэўныя рызыкі, звязаныя з рознай ступенню даходнасці каштоўных папер", – тлумачыць аналітык.
На яго думку, у ідэале ў партфелі ў інвестара, калі капітал дазваляе, павінна быць некалькі сфер "дадатку" сродкаў. Раскладванне грошай па розных кошыках забяспечвае дадатковую абарону. Усе паспяховыя інвестары не абмяжоўваюцца нейкім адным фарматам бізнесу. Дыверсіфікацыя дазваляе пры звышпрыбытковасці аднаго кірунку пакрываць магчымыя страты ў іншым.
"За грошы я купляў досвед"
Карэспандэнт Sputnik пацікавіўся, у які момант фінансіст прыйшоў да таго, што грошы можна разумна памнажаць, і з чаго лепш пачынаць.
Аляксей не раіць рабіць так, як ён у пачатку свайго шляху. "Мне пашанцавала, што я пачаў рана, у 23 гады. Я хапаўся за розныя, у тым ліку сумніўныя праекты. У мяне быў час, каб метадам спроб і памылак зразумець, як лепш рабіць, і ў выніку прыйсці да разумных рашэнняў", – успамінае інвестар.
Эксперт прызнаецца, што ў першы час рабіў памылкі, "купляў вопыт за грошы", але прыкладна праз два гады прыйшоў да тых метадаў, якія да гэтага часу даказваюць сваю грунтоўнасць. І зараз, маючы ў актыве больш за 10 гадоў паспяховага інвесціравання, фінансавы кансультант раіць не губляць час: "Больш чытаць, вывучаць і глядзець, гнацца не за прагай нажывы, а за стратэгіяй, нават у нейкім сэнсе за філасофіяй памнажэння свайго капіталу".
Субяседнік падкрэсліў, што існуюць нават не дзесяткі, а сотні правераных інструментаў для інвесціравання. Чалавеку важна любымі даступнымі спосабамі вывучыць, што такое фондавы рынак, інвестыцыі і як, напрыклад, адрозніць піраміды ад рэальных фінансавых інструментаў.
Як інвесціраваць з Беларусі ў замежныя фондавыя рынкі?
На сёння ў Беларусі ёсць тры асноўныя спосабы інвестыцый. І трэба разумець, што гаворка ідзе пра замежны фондавы рынак, паколькі беларускі пакуль знаходзіцца на пачатковай стадыі станаўлення. А калі чалавек задумваецца аб доўгатэрміновых капіталаўкладаннях (на год, тры ці пяць), то трымаць грошы лепш у краінах (эканоміках), дзе ёсць ужо доўга працуючыя фінансавыя механізмы.
Таксама важна, што існуючымі магчымасцямі могуць скарыстацца людзі з розным узроўнем даходу, і толькі самому чалавеку вырашаць, калі, колькі і на што ён можа выдаткаваць.
Па-першае, можна скарыстацца пасярэднікам у асобе беларускіх банкаў і праз давернае кіраванне купляць замежныя актывы: акцыі ці аблігацыі. Гэта нашмат выгадней дэпазіту. Адзін з беларускіх банкаў адносна нядаўна знізіў парог уваходу да 500 долараў.
Другі варыянт – выкарыстоўваць замежных фінансавых пасярэднікаў. З уладальнікамі беларускіх пашпартоў, у прыватнасці, гатовы працаваць кіпрскія брокеры. Нацбанку трэба паведаміць аб адкрыцці замежнага рахунку. Гэта больш складана з пункту гледжання рэгістрацыі і абслугоўвання, але больш выгадна ў плане камісіі – яна істотна ніжэй. Чалавек атрымлівае доступ да шырэйшага інструментарыя з меншымі выдаткамі.
Трэці спосаб – міжнародныя страхавыя кампаніі. Купляючы поліс, чалавек можа ўкладвацца ў фонды акцый і аблігацый. Гэта гатовае пакетнае рашэнне, якое адкрывае шлях да замежных фінансавых інструментаў з мінімальнымі рызыкамі. Страхавыя не могуць прыцягнуць больш сродкаў, чым у іх ёсць. Праўда, і перыяд прыбытковасці можа быць расцягнуты па часе.
Фінансавы кансультант удакладніў, што ступень даходнасці інвестыцыйнага партфеля залежыць ад набытага прадукта. "Чым вышэй даходнасць, тым вышэй рызыкі. Усё залежыць ад таго, што праз фінансавых пасрэднікаў мы купляем. Партфель, які складаецца на 100% з акцый, больш даходны і больш рызыкоўны, калі 30% складаюць аблігацыі – сярэднерызыкавы і гэтак далей", - растлумачыў эксперт.
Як не нарвацца на махляроў?
Страх, які не дазваляе выйсці за рамкі дэпазітаў і долараў, можа грунтавацца на асцярогах з нагоды аферыстаў, якія гатовы скарыстацца адсутнасцю ведаў у людзей.
Эксперт адзначыў, што брокер – гэта толькі пасярэднік, які проста дае доступ на фондавы рынак. Гэта пытанне не веры, а выкарыстання фінансавых інструментаў, якія ўжо зарэкамендавалі сябе. У брокераў няма мэты паклапаціцца аб нечым дабрабыце, яны проста падаюць паслугу і атрымліваюць за гэта грошы. І чым лепш яны будуць выконваць сваю працу, тым больш могуць зарабіць.
Як адзначае аналітык, верагоднасць нарвацца на махляра ў гэтай сферы такая ж, як і ў любой іншай, а магчымасцей для праверкі ў сучасным свеце значна больш, чым раней. І ніхто не адмяняў нават найпростыя спосабы: даведацца аб наяўнасці ліцэнзіі, месцы рэгістрацыі брокера і спосабах рэгуляцыі яго дзейнасці.
Крыптавалюта – гэта міф?
Віртуальныя валюты, якія маштабна ўвайшлі ў рэальны свет, практыкуючы інвестар ацэньвае як факт, што адбыўся. На яго думку, было б дзіўна не звяртаць на іх увагі.
"Калі буйныя ігракі заходзяць на дадзены рынак і з'яўляюцца фонды, заснаваныя на крыпце, гэта сведчыць аб тым, што сусветная фінансавая супольнасць прызнае гэта да нейкай ступені", - заўважыў фінансіст.
Эксперт не адмаўляе магчымасці інвесціраваць у крыптавалюце, але, як і ў выпадку з любымі фінансавымі інструментамі, раіць накіраваць у іх толькі невялікую долю свайго партфеля (5-20%).
Наконт віртуальных грошай існуе мноства палярных меркаванняў. Скептыкі гавораць аб адсутнасці рэгуляцыі, называюць з'яву "мыльным пузыром" і лічаць, што рэальна зарабляюць на гэтым ужо сталыя інвестары, гэта значыць багатыя становяцца яшчэ багацей, а ахвочыя хутка разбагацець становяцца яшчэ бядней.
Эксперт звярнуў увагу, што гэта датычыцца і ў цэлым фінансавага рынку. Ёсць "ваўкі з Уол-стрыт", а ёсць так званыя "хатнія інвестары". Але нішто не перашкаджае выкарыстоўваць крыптавалюту як дадатковую кішэню для сваіх зберажэнняў. Пры ўдалым збегу абставін можна буйна выйграць, а ў выпадку пройгрышу страты перакрыюцца 80% менш рызыковых актываў.
Не прыдумляць веласіпед
Аляксей Навіцкі акцэнтуе ўвагу на тым, што працэс назапашвання капіталу не церпіць спешкі, эмацыянальных дзеянняў і сумніўных схем.
Бо ў казіно заўсёды выйграе толькі яго гаспадар, і лепш не ставіць усё на "зеро", а ўкласціся ў само казіно.
"Фондавы рынак існуе даўно. Калі б былі нейкія варыянты яго хакнуць, гэта ўжо даўно зрабілі б буйныя ігракі з трыльёнамі долараў. Наіўна меркаваць, што нейкі прыватны інвестар з тысячай ці дзясяткамі тысяч долараў зможа яго разгайдаць і нейкім чынам абхітрыць. Не трэба прыдумляць веласіпед. Усё ўжо даўно прыдумана: простыя зразумелыя інструменты, якія даказалі сваю эфектыўнасць", – рэзюміраваў фінансавы кансультант.
Як паказвае практыка, лепш рухацца павольна, але дакладна. У гэтым сэнсе паказальная фраза, магчыма, самага паспяховага інвестара Уорэна Бафета. На пытанне, чаму ён робіць простыя рэчы і багацее, а іншыя не могуць гэта паўтарыць, фінансіст адказаў: "Ніхто не хоча багацець павольна".
Таксама на Sputnik:
Ці падаражэе долар і ў чым лепш захоўваць зберажэнні - меркаванне эксперта
Ці трэба чакаць абвалу беларускага рубля?
Васерман даў параду ў чаканні хуткага абвалу долара