"Святое Васілля людзям красілля", або Успаміны пра "хвастатую" куццю

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКуцця з хвастом
Куцця з хвастом - Sputnik Беларусь, 1920, 15.01.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская аднаўляе незвычайны кулінарны абрад і распавядае пра тое, навошта дзеўцы хвост з кашы.
Раніца пачалася з таго, што ў двары застракаталі сарокі. Падумалася: "Вось, сарока нейкую навіну на хвасце прынесла". Так мой дзед казаў. А навіна ў тым, што цяпер ўжо канчаткова па старой завядзёнцы пачаўся новы год. Ужо тыдзень як нарадзіўся Хрыстос і Каляды ў самай сіле. Жыццё працягваецца – і ад гэтай аптымістычнай думкі глыбокі спакой і светлая радасць апанавалі душу.

"Сапраўдны Новы год"

Напярэдадні па народным календары, па якім жылі нашы продкі і нам не трэба забываць, адзначалі Васілле або сустрэчу Новага года па старому стылю. Вось ужо колькі стагоддзяў гэту падзею святкуюць 1 студзеня, а народу ўсё адно радасць, што наперадзе ёсць "сапраўдны Новы год", які святкуюць на Васілле.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядная ёлка
Калядная ёлка - Sputnik Беларусь, 1920, 15.01.2022
Калядная ёлка
Маўляў, "так жылі нашы бацькі і дзяды, і мы ўступім у іх сляды".
Разважаючы аб традыцыях сустракаць Новы год у розныя дні, на Капыльшчыне сцвярджалі:
"Новы год пачалі святкаваць недзе ў пяцідзесятых. А так, раней, стары Новы год заўсёды святкавалі, той, каторы чатырнаццатага студзеня".
Вось і я, па праўдзе, узгадваючы 70-я гады мінулага стагоддзя, не памятаю, каб мае дзяды вызначалі неяк ноч на 1 студзеня. Для іх у гэты час быў самы пост і таму старыя спакойна спалі, чакаючы Каляд. Іншая справа Васілле, калі можна было павесяліць і душу, і цела. Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку:
"На тое Бог даў Коляды, каб людзі весяліліся".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЦацкі на калядную ёлку
Цацкі на калядную елку - Sputnik Беларусь, 1920, 15.01.2022
Цацкі на калядную ёлку
З якога боку ні глянь, а дзень гэты вельмі добры для ўсіх. Дзяды, гаспадары, моладзь адпачывалі кожны на свой манер. Старыя ўглядаліся ў неба, мяркуючы якім будзе надвор’е ўлетку, ці будуць багатыя палеткі, у які час будуць раіцца пчолы і іншыя важныя для гаспадаркі і жыцця рэчы.
У дарослай моладзі былі свае клопаты. Хлопцы і дзяўчаты варажылі на лёс, спрабуючы даведацца пра замужжа ці жаніцьбу: насіліся каля дрывотні з бярэмям дроў, кармілі блінамі сабаку, кідалі за вароты боты і іншае. Бацькі пазіралі на гэта з лагоднай усмешкай і ўздыхалі, узгадваючы тыя часы, калі самі рабілі тое ж.

"Пакуццявалі настаяшча"

Напярэдадні большасць спраў па гаспадарцы пароблена, а гаспадыня нагатавала столькі ўсялякай смакаты, што хопіць і гасцей прыняць і самім некалькі дзён раз-пораз частавацца.
У нацепленай хаце ціха, стомленая гаспадыня задрамала на ложку, а гаспадар, прыстроіўшыся на пабеленай перад святам печы, у думках будуе планы на будучыню. А яшчэ з асалодай узгадвае ўчарашнюю "куццявую вячэру":

"Пакуццявалі настаяшча", з гуморам, у добрым настроі, бо на стале ўсяго было столькі, што не сорамна ні перад людзьмі, ні перад Богам. Пірагі, каўбасы, мёд, сыр і масла, салёныя грыбкі і агуркі, тлуста капуста, піва, квас, гарэлка! Як кажуць "усяго даволі, а бяда ніколі!". Усё гэта здабыта шчырай працай. А якую ўдалую куццю зварыла гаспадыня! Зярнятка ў зярнятка, рассыпістая каша, а ў ёй свіны хвосцік. Як урачыста паднесла яна мне, гаспадару, гэты хвосцік – знак асаблівай пашаны да мяне, галоўнага ў сям’і чалавека! Гаспадар, не "куцця" якая! Мае спрыт у працы і характар, за мной гаспадыня, як "у Бога за дзвярыма". Не роўна, як слабахарактарны, непаваротлівы сусед Грышка, пра якога ў вёсцы кажуць: "Куцця ты, жвавей варушыся. Куцця ты, куцця, горш бабы!".

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвойскія мясныя вырабы да свята
Свойскія мясныя вырабы да свята - Sputnik Беларусь, 1920, 15.01.2022
Свойскія мясныя вырабы да свята

Сакрэты "Куцці з хвастом"

Да прыгатавання самай галоўнай абрадавай стравы ставіліся вельмі адказна, бо на думку хлебапашца ад якасці гэтай простай, на першы погляд, кашы залежыў дабрабыт і лад у сям’і. Лічылася: якая куцця, такі будзе і ўраджай; які дзень (надвор’е) – такі будзе і год.
Нават казалі:
"Якое безладдзе ў хадзяйстві на Васілля, такое будзе ўвесь год, і нічога не зробіш, як ні старайся".
Гаспадыні стараліся прытрымвацца пэўнага парадку. Так, напрыклад:
гатаваць калядную куццю ад пачатку да канца павінен нехта адзін – ці гаспадыня, ці іншая жанчына па яе даручэнні. Яна сама павінна перабраць зярняткі, вымыць іх, зварыць, астудзіць і падаць на стол. Тады на наступны год захаваецца сямейная і гаспадарчая еднасць;
зярнят павінна адабраць адной меркай столькі, каб яны не перавышалі аб’ёму гаршка, дзе будзе варыцца куцця, іначай куцця не задасца;
недахоп прызначаных на куццю зярнятак не трэба дапаўняць у гаршку: куцця сама дапоўніць гаршчок пад час гатавання. Калі яна вырасла з гаршка, то ў сям’і будзе панаваць агульны дастатак;
на ўсе тры куцці сыплюць аднолькавую колькасць зерня;
гатуюць куццю толькі з ячменнага або пшанічнага зерня.
Вядома ж, на такія дробязі, як колькасць усыпаных у гаршчок круп, цяпер мала хто звяртае ўвагу і добра, калі ўвогуле не забываюцца яе прыгатаваць. А, між іншым, правільна звараная куцця сапраўднае ўпрыгажэнне "куццявой вячэры". На Багатую Куццю яе запраўляюць па-рознаму, кіруючыся існуючымі ў сям’і і пэўнай мясцовасці традыцыямі. У прыгатаваную кашу дадаюць падсмажанае з цыбуляй сала, кавалачкі каўбасы, загадзя звараныя сухія баравікі і інш. Карацей кажучы, тое, што мае гаспадыня.
Асабліва цікавай з’яўляецца амаль забытая найстаражытнейшая завядзёнка: гатаваць куццю са свіным хвастом, што мае сваё абрадавае значэнне. Стравы са свініны абавязковыя на Каляды, бо ў народзе свіння лічылася сімвалам дабрабыту, а хвост, як частка цела жывёлы, надзяляўся разнастайнай сімволікай. На думку продкаў, свіны хвост фалічнай формы і таму яго звязвалі з сексуальнасцю. Так, з’есці хвост у куцці або ў гарохавай кашы для гаспадара азначала мець мужчынскую сілу напрацягу года. Падобную традыцыю ўзгадваў беларускі фалькларыст Чэслаў Пяткевіч, які апісваў сялянскія звычаі палешукоў:
"Існуе традыцыя хоць раз у год варыць гарохавы суп са свіным хвастом; нават сусед, гледзячы на адкормленага суседскага кабана, кажа зычліва: "Дай Божа, штоб ты хвосцік з’еў з гарохам!".
Куццю са свіным хвастом і цяпер на Шчадрэц гатуюць у вёсцы Семежава, што ў Капыльскім р-не Мінскай вобласці. Але хвост гэты дастаецца не гаспадару, а яго незамужняй дачцэ.
"Калі куцця зварыцца, то дзяўчына мусіць узяць у рот хвост з яе і бегчы па вуліцы да першага сустрэчнага мужчыны. Як зваць таго чалавека – такое імя будзе і ў будучага мужа".

"Хвастаты" рэцэпт

З чаго гатаваць:
ячныя крупы (улічваючы аб’ём чыгунка),
свіны хвост,
соль.
Як гатаваць. Насыпаць у чыгунок ячных круп, заліць вадой, пасаліць па смаку і укласці ў сярэдзіну свіны хвост. Варыць у печы або духоўцы 1-1,5 гадзіны.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядная зорка
Калядная зорка - Sputnik Беларусь, 1920, 15.01.2022
Калядная зорка
Узгадваючы даўнія традыцыі, у чарговы раз пераканалася, што галоўнае ў нашым існаванні не памянялася, хоць і маем сучасныя выгоды: ездзім на самаходах, не колем дровы і замест цёплай печы ў кожнага ёсць электрычная ці газавая пліта, а ў кішэні боўтаецца мабільны тэлефон, з-за якога людзі перасталі заўважаць адзін аднаго. Ды ўсё ж і цяпер гаспадары напярэдадні святкаванняў Новага года робяць усё тое, што і даўней. Прыбіраюцца ў хаце, гатуюць смачныя стравы, сустракаюць гасцей, або самі ідуць у госці. Бо галоўнае – застаўся добры настрой, з якім усе сустракаюць свята, і тое спрадвечнае жаданне, глыбока схаваная мара аб тым, каб заўтра было лепей, чым учора. Залатыя словы казаў наш мудры, цярплівы народ:

"Ці праўда, ці не, а людзі і цяпер робяць так, як рабілі дзяды, бо ведамо, дзяды як-небудзь перажылі свой век, а мы яшчэ не вядомо: ці перажывом, ці Бог веку ўкароціць".

Шануймо сваё, даражэнькія, і каб Бог даў кожнаму шчасце, здароўе і розум у Новым годзе!
Да сустрэчы!
Каўбасы, сушаныя на кропнай саломе - Sputnik Беларусь, 1920, 14.01.2022
"Залезь на баляску і дастань каўбаску!", або Запрашем у госці Каляду
Таксама на Sputnik:
Шчодры вечар у Лазовічах - фота
Як зрабіць калядную маску: кажухі навыварат і сапраўдныя рогі
"Калядныя цары" зноў прайшлі па вуліцах беларускай вёскі – фота
Калядныя спевы: я каза-страказа, паўбока луплена, за тры грошы куплена
Калядкі ў беларускім Палессі - самыя каларытныя здымкі
Стужка навiн
0