Небяспечныя "ватрушкі": як пазбегнуць траўм пры катанні на цюбінгах?
© Sputnik / Алексей Даничев
/ Падпісацца
Віцебскія праваахоўнікі праводзяць рэйды ў месцах масавых катанняў з гор і тлумачаць, у чым небяспека "ватрушак".
ВІЦЕБСК, 17 сту – Sputnik. У апошнія тры гады ўчасціліся выпадкі траўміравання пры катанні зімой з гор і, як адзначаюць віцебскія праваахоўнікі, гэта звязана з цюбінгамі, якія ўвайшлі ў моду.
Sputnik пацікавіўся ў супрацоўнікаў міліцыі, якія траўмы можна атрымаць пры катанні на "ватрушках", наколькі павялічыўся траўматызм з іх з'яўленнем і як засцерагчы сябе пры катанні.
Ад лёгкіх удараў да пералому пазваночніка
"Пачынаючы з канца 2018 года, не толькі вырасла колькасць траўм пры катанні з горак, але траўмы сталі і больш сур’ёзныя. Пры катанні на цюбінгу чалавек можа атрымаць як сінякі і ранкі, так і сур’ёзныя чэрапна-мазгавыя траўмы", - паведаміў Sputnik старэйшы інспектар па асобых даручэннях УАПП МГБ УУС Віцебскага аблвыканкама Раман Бардзееў.
Паводле яго слоў, сёлета з пераломам асновы чэрапа і іншымі цяжкімі пашкоджаннямі ў бальніцу паступіла 5-гадовая дзяўчынка, якая каталася на цюбінгу разам з мамай, але не ўтрымалася і на вялікай хуткасці стукнулася галавой аб зямлю. Дзіця да гэтага часу знаходзіцца ў нейрахірургічным аддзяленні ў сярэднецяжкім стане.
У 2019 годзе некалькі дзяцей у розных населеных пунктах Віцебскай вобласці трапілі ў бальніцы, упаўшы з цюбінгаў або ўрэзаўшыся ў дрэвы.
"У аднаго з рабят была адкрытая пранікальная ЧМТ, пералом лобнай косці і ў аснове чэрапа. Іншае дзіця, вучань чацвёртага класа, урэзалася на цюбінгу ў дрэва і было шпіталізавана з ударам галаўнога мозга, пераломам лёгкай ступені скроневай косткі і іншымі цяжкімі траўмамі", - адзначыў Бардзееў.
Успомніў міліцыянер і пра дзяўчынку, якая, катаючыся на цюбінгу, таксама ўрэзалася ў дрэва і правяла некалькі месяцаў у ложку з пераломам пазваночніка і костак.
Паводле слоў міліцыянера, да зімы 2018-19 гадоў, калі катанне на цюбінгах стала масавым відам зімовага адпачынку, такіх траўм практычна не было, паколькі ні санкі, ні кардонкі, ні ледзянкі не здольныя развіць такую вялікую хуткасць.
Як сябе засцерагчы
"Высокая хуткасць – не самае небяспечнае, значна горш, што цюбінг дае зманлівае пачуццё бяспекі і пры гэтым абсалютна некіруемы. Больш-менш бяспечна катацца на цюбінгах можна на спецыяльных трасах", - заявіў Бардзееў.
Праваахоўнік дадаў, што даць нейкія парады, якія засцерагуць на 100% пры катанні па-за спецыяльнымі трасамі немагчыма, але ёсць некаторыя правілы, выконваючы якія можна мінімізаваць рызыку.
Паводле яго слоў, траса для катання павінна быць раскачаная і з бартамі, каб цюбінг не мог вылецець за яе. Абавязкова з гары дзіцяці павінен запускаць адзін дарослы, а знізу прымаць другі. Ні ў якім разе нельга садзіцца ў цюбінг больш, чым аднаму чалавеку і нельга ездзіць "паравозікам" з "ватрушак".
Паводле слоў Бардзеева, траўматызм ад катання на цюбінгу носіць латэнтны характар, паколькі многія пацярпеўшыя, якія абышліся ўдарамі, ранкамі і сінякамі, не звяртаюцца ў бальніцу. Таму міліцыі вядома толькі аб сур’ёзных траўмах, дзе без шпіталізацыі не абышлося.
Пачынаючы з 2019 года, міліцыя зімой праводзіць рэйды па месцах масавых катанняў з горак, дзе супрацоўнікі праваахоўных органаў нагадваюць адпачываючым аб правілах бяспекі пры катанні на цюбінгу. Акрамя таго, міліцыянеры перад зімовымі канікуламі ходзяць па школах, сустракаюцца з дзецьмі і яшчэ раз тлумачаць, як небяспечна можа быць катанне на "ватрушках".
Як адзначыў Раман Бардзееў, пастаянны напамін людзям аб правілах бяспекі пачынае прыносіць свой плён: у гэтым годзе сур’ёзныя траўмы атрымала толькі адно дзіця. Але наперадзе яшчэ паўтара месяца зімы, і як будзе надалей складацца сітуацыя, пакажа час.
Чытайце таксама:
Да зімы гатовы: у Мінску падрыхтуюць бяспечныя горкі для катання
За суткі ад галалёдных і халадовых траўм пацярпелі 737 чалавек – Мінздароўя
З першым снегам: пацыенты з траўмамі і абмаражэннямі звяртаюцца ў бальніцы