Спяць на падлозе, але шчаслівыя: як жывуць мамы з немаўлятамі ў ТЛЦ "Брузгі"
© SputnikЯк жывуць мамы з немаўлятамі ў ТЛЦ "Брузгі" ля беларуска-польскай мяжы
© Sputnik
Падпісацца
У ТЛЦ "Брузгі" перасяліліся тры жанчыны-курдкі, якія месяц таму сталі мамамі, зараз яны будуць жыць у лагеры для мігрантаў з нованароджанымі малымі.
ГРОДНА, 24 сту – Sputnik, Іна Грышук. Мігранткі з Ірака, якія месяц таму нарадзілі малых і пасля выпіскі з радзільнага дома жылі ў "крызісным пакоі" Чырвонага Крыжа ў Гродне, вырашылі перасяліцца назад у лагер у ТЛЦ "Брузгі".
У якіх умовах будуць жыць нованароджаныя дзеці мігрантаў і як сябе адчуваюць іх маці, вырашыла даведацца журналістка Sputnik Іна Грышук.
Палатка з матрацаў і коўдраў
"Я шчаслівы, што нарэшце змог сустрэцца з жонкай, са старэйшай дачкой, мы не бачыліся цэлы месяц, я ўбачыў сваю маленькую нованароджаную дачку. Так, тут умовы не самыя лепшыя для немаўля, але што рабіць, мы хочам патрапіць у Германію, будзем чакаць", - кажа мігрант з Ірака па імені Рэбаз.
Жонка Рэбаза – мігрантка па імені Баназ у пачатку снежня нарадзіла дачку, пасля выпіскі з радзільнага дома з двума іншымі маладымі мамамі з прыгранічнага лагера для бежанцаў жыла ў крызісным пакоі Чырвонага Крыжа ў Гродне. У мінулую пятніцу яны перасяліліся ў ТЛЦ "Брузгі".
© SputnikЧасовае жыллё мігрантаў
Часовае жыллё мігрантаў
© Sputnik
Асаблівых умоў для сямей з нованароджанымі дзецьмі ў прыгранічным лагеры стварыць нельга. Мамы з малымі пераехалі на тыя ж месцы, дзе яны жылі да нараджэння дзяцей.
Цяперашняе жыллё маладой курдскай сям’і Рэбаза – гэта імправізаваны пакой памерам з вялікі двухспальны ложак, прыкладна 2 на 2 метры. Замест сцен – пледы і коўдры, на падлозе – пласт з матрацаў. Вышыня міні-пакоя – прыкладна паўтара метра, гэта значыць устаць у поўны рост тут нельга, усё даводзіцца рабіць альбо седзячы, альбо стоячы на каленках. Большую частку займаюць спальныя месцы, асобны кут выдзелены для рэчаў, якія патрэбны нованароджанаму малому. Гэта пакеты з падгузнікамі, зменным адзеннем, бутэлечкамі. Гэты "пасаг" жанчыны атрымалі яшчэ ў радзільным доме, калі з’яжджалі ў крызісны пакой.
Гэта не месца для дзіцяці
Маладая мама сядзіць на падлозе, усміхаецца, ахвотна пазіруе на камеру і паказвае малую. Старэйшая чатырохгадовая дачка спіць побач, накрыўшыся пледам. Малады бацька, убачыўшы супрацоўніка Чырвонага Крыжа, просіць дастаць яму тэрмас, вільготныя сурвэткі і ліхтарык. Да журналісткі звяртаецца з просьбай пашукаць у аптэцы ў горадзе крэм для нованароджаных, які яму параілі іншыя курдскія бацькі гадавалых малых.
"Тут няма магчымасці пастаянна купаць дзіця. Будзем выкарыстоўваць вільготныя сурвэткі. Каб на скуры малога не было раздражнення, трэба выкарыстоўваць гэты крэм. Дапамажыце яго знайсці", - растлумачыў мігрант.
Бацькі нованароджаных дзяцей гавораць, што ўмовы прыгранічнага лагера ў ТЛЦ "Брузгі" - не самыя прыдатныя для жыцця дзіцяці ва ўзросце аднаго месяца. Але дадаюць, што іх жонкі не скардзяцца і не патрабуюць спешна вярнуцца ў Ірак.
"Мы пакуль проста радуемся, што нарэшце сустрэліся, што мы зараз разам. У Ірак вяртацца не хочам. Вернемся толькі ў крайнім выпадку, калі малому тут будзе нешта пагражаць. Цяпер дзіця здаровае, з ім усё добра, будзем трываць і чакаць", - кажа Рэбаз.
Чырвоны Крыж: забяспечым усім неабходным
Цалкам задаволенай выглядае і іншая маці народжанага ў гродзенскім радзільным доме малыша – мігрантка па імені Шылан. Яна выйшла на прагулку, нованароджанага сына захінула ў блакітны канверт, які выдалі пры выпісцы з радзільнага дома. Кажа, што рада вяртанню ў лагер, што лепш і спакайней, калі муж побач.
© SputnikМігрантка Шылан
Мігрантка Шылан
© Sputnik
Прагулкі Шылан з маленькім сынам абмяжоўваюцца паходамі па раду паміж спальнымі месцамі ў будынку ТЛЦ "Брузгі", па факце – гэта праход паміж грузавымі стэлажамі, якія сталі часовым жыллём для мігрантаў. Да яе падыходзяць іншыя мігранты – суседзі па жылым радзе, віншуюць маладых мам з вяртаннем у лагер.
"Вядома, ім няпроста з маленькімі дзецьмі, але мы ўсе чакаем і спадзяемся, што нам удасца трапіць у Германію. Кожны дзень мы чакаем навін, чакаем, што мяжу адкрыюць, што Германія дазволіць нам прыехаць", - дадала адна з мігрантак.
У Чырвоным Крыжы растлумачылі, што пастараюцца забяспечыць сем’і з нованароджанымі дзецьмі ўсім неабходным.
"Нашы супрацоўнікі будуць ведаць бацькоў нованароджаных дзяцей у твар, мужчыны змогуць прыходзіць у палатку для выдачы гуманітарнай дапамогі і атрымліваць усё неабходнае. На вуліцы холадна, мамам з малымі не давядзецца лішні раз выходзіць на вуліцу", – растлумачыў начальнік аддзела па рэагаванні, надзвычайных сітуацыях і вышуку Беларускага Чырвонага Крыжа Ігар Трусаў.
Паводле яго слоў, сем’і з нованароджанымі малымі ўзяты на асаблівы кантроль, яны змогуць атрымліваць усе неабходныя рэчы для догляду за дзецьмі.
© SputnikМігранты з дзецьмі
Мігранты з дзецьмі
© Sputnik
Крызіс на мяжы
Нагадаем, што мігранты з Ірака, Ірана, Сірыі і іншых краін Блізкага Усходу жывуць каля польскай мяжы недалёка ад Гродна з 8 лістапада.
Спачатку яны разбілі вялікі стыхійны палатачны лагер каля плота польскай мяжы, затым перайшлі ў пункт пропуску "Брузгі". Мігранты спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы, пасля чаго польскі бок прымяніў вадамёты, слёзатачывы газ і святлошумавыя гранаты.
З 16 па 18 лістапада мігранты перабраліся ў арганізаваны беларускім бокам крызісны цэнтр у ТЛЦ "Брузгі". Тут ім выдаюць цёплыя рэчы, адзенне, ежу, аказваюць медыцынскую і іншую неабходную дапамогу.
Частка мігрантаў пакінула ТЛЦ на эвакуацыйных рэйсах і па праграме вяртання і рэінтэграцыі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і паляцела на радзіму, але частка працягвае чакаць, калі ім адкрыюць гуманітарны калідор – яны хочуць дабрацца да Германіі і некаторых іншых краін Еўропы.
Па прыкладных падліках, на сярэдзіну студзеня 2022 года ў ТЛЦ "Брузгі" пражывае крыху больш за 700 мігрантаў, з іх - не менш за 300 дзяцей і непаўналетніх.
Таксама на Sputnik:
Як праходзяць урокі ў школе для мігрантаў у ТЛЦ "Брузгі" – відэа
Дзеці мігрантаў упершыню ўбачылі Дзеда Мароза і Снягурку
Выхадны ў лагеры бежанцаў: шчаслівыя бацькі, футбол і ўрокі рускай
Зноў папаўненне: яшчэ дзве мігранткі ў Беларусі нарадзілі дзяцей
"Яны ж дзеці": як жывуць маленькія мігранты на мяжы – відэа