"Скачком бліны!": галоўная масленічная страва па старажытных рэцэптах

© Sputnik / Мария АмелинаМасленіца ў Гомелі
Масленіца ў Гомелі - Sputnik Беларусь, 1920, 04.03.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра блінныя завядзёнкі на Масленіцу і тлумачыць, што можа здарыцца, калі пабачыць блін у сне.
Адна з самых старадаўніх мучных страў – бліны – заўсёды хіт на кухні! Яна вядома амаль усім народам свету і наш край не выключэнне. Бадай, няма чалавека, які б не любіў іх есці. І можа таму вясковая раніца амаль заўсёды пачыналася з выпякання бліноў на сняданак.
Якіх толькі бліноў не выпякала гаспадыня! Аўсяныя, грэцкія, аржаныя, ячныя, пшанічныя, гарохавыя і бульбяныя, з мучной сумесі. Іх ядуць халодныя і гарачыя, тонкія і тоўстыя, з рознымі начынкамі, са смятанай, маслам, варэннем. Трапіць у хату, калі там пякуць бліны, шанс іх пакаштаваць. Дарэчы чалавек, якому ён выпаў, павінен быў павітацца асобым чынам. "Скачком бліны!", - казаў госць, пераступаючы парог. Тым жа віталі і таго, хто ў гэты час іх еў.

Сонца на патэльні

Бліны – галоўная страва на Масленіцу. Жоўценькія і круглыя яны нагадваюць цёплае вясновае сонейка! А каб далучыцца да жыватворнай моцы маладога сонца, трэба было іх есці. І чым болей, тым лепш.
© Sputnik / Альфред МикусМасленіца ў Абчыне Любанскага раёна
Масленица в Обчине Любанского района - Sputnik Беларусь, 1920, 02.03.2022
Масленіца ў Абчыне Любанскага раёна

Масленіца, Масленка або Сырніца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды адраджэннем урадлівых сіл зямлі. Галоўная накіраванасць абраду – праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту ў гаспадарцы.

Сёлета Масленіца прыпадае на перыяд ад 28 лютага да 5 сакавіка. Па традыцыі старажытнае язычніцкае свята Масленіцу прынята адзначаць весела і гучна. У даўніну верылі, што чалавека, які як след не адзначыў Масленіцу, чакаюць няўдачы. Можа таму ў народнай свядомасці Масленіца – весялуха, танцорка, пявуння, рагатуха, жартаўніца і, вядома ж, "палізуха".
Ад канца 60-х мінулага стагоддзя памяць малюе дзве Масленіцы – вясковую і гарадскую, бо дзяды жылі ў вёсцы, а бацькі ў горадзе.
У калгаснай вёсцы Масленіцу адзначалі даволі сціпла. Яе святкаванне не выходзіла за межы ўласнай хаты і двара, дзе старэйшае пакаленне ў большасці сваёй рыхтавалася да працяглага посту. Вясковая Масленка выяўлялася ў святочным сямейным застоллі, асаблівай увазе да хатняй жывёлы, жаночых пасядзелках "на сяле" ў суседак, паходах моладзі ў калгасныя клубы "на танцы", а таксама прыманнем у госці сваякоў і дарослых дзяцей, якія з сем’ямі прыязджалі з горада на бацькоўскія бліны. Ну, і абавязковыя спевы пад гармонік, які быў і ў нашай сям’і.
У горадзе ж іначай. Паўсюдна людскія натоўпы, усмешлівыя твары адпачываючых, кірмашы з пераапранутымі ў карнавальныя касцюмы артыстамі, музыка з гукаўзмацняльнікаў, гульні і атракцыёны ў парках і велізарныя чэргі да шапікаў, дзе прадавалі гарачыя бліны. Выгаладаўшыся на чыстым паветры, іх з апетытам аплётвалі не толькі дзеці, але і дарослыя.

Блінныя завядзёнкі

Пра хуткае выкананне пэўнай працы казалі, што гэта лёгка "як бліны пячы". Але ж ці так гэта? Ні адна з гаспадынь не скажа, што бліны – простая страва. Наадварот, спрактыкаваная кухарка ведае, што блінам трэба "дагадзіць".
© Sputnik / Альфред МикусНі адна з гаспадынь не скажа, што бліны – простая страва
Абрад Чырачка у вёсцы Тонеж - Sputnik Беларусь, 1920, 02.03.2022
Ні адна з гаспадынь не скажа, што бліны – простая страва
Каб гэтая няхітрая страва заўсёды ўдавалася, цеста для бліноў рашчынялі ў адмысловай дзежцы "блінніцы" ці як яшчэ казалі "бліноўцы". Найлепшай патэльняй для выпечкі бліноў лічылі чыгунную скавараду без ручкі. Яе, як і саму блінніцу забаранялася пазычаць. Мылі патэльню з асцярожнасцю, каб не падрапаць яе паверхню, якая павінна быць гладкай, як люстэрка!
Выпякаць бліны дзяўчынак вучылі з маленства. Пра першы, няўдала спечаны блін "на выкід" казалі, што "першы блін сабаку". Праўда падчас каляднай варажбы дзяўчаты выкладалі перад сабакам зусім не кепскія блінцы, спадзеючыся, што той падкажа ім, калі каму замуж ісці. А пра нецярплівага, галоднага сабаку яшчэ і так казалі, што яму печаны блін не патрэбны, бо "ён і цестам пад’есць".
Таксама нягеглага работніка і нікчэмнага чалавека параўноўвалі з гарэлым блінам. Маўляў "ні то, ні сё – як гарэлы блін". Ды пра настойлівае прыставанне, прыліпанне каго-небудзь да кагосьці іншага казалі: "прыстаў, як кепскі блін".

Соннік пра бліны

Бліны як містычная з’ява знайшлі прытулак і ў народным сонніку. Так, у большасці тлумачэнняў у старых сонніках адзначалася, што бачыць, есці ці пячы бліны – гэта ў большасці выпадкаў добра для таго, хто такі сон бачыць:

"Бліны есці – добрую навіну пачуеш, удача"

"Бліны пячы – адгукацца пра кагосьці добра або пісаць ліст"

"Бачыць бліны – знатца, атрымаеш пісьмо ад сына-салдата" і таксама "шэльма якая-небудзь звоня аб табе" (плёткі)

"Як маслечкам па душы"

Рэцэптура і склад гэтай простай на першы погляд стравы вылучаліся вялікай разнастайнасцю: бульбяныя, грэцкія, пшанічныя, аўсяныя і г.д. Маглі нават змешваць муку розных відаў, што, дарэчы, спрыяла па веры нашых продкаў-земляробаў добраму ўраджаю ў новым годзе. Напрыклад, да пшанічнай прымешвалі грэцкую муку. Дарэчы, бліны, калі іх выпякаюць толькі з грэцкай мукі, вельмі крохкія. З патэльні адразу на талерку, бо страцяць "таварны" выгляд. Пра грэцкія бліны насмешліва казалі: "Ламацца, марнавацца як грэцкі блін у торбе".

Бліны масленічныя

З чаго гатаваць:
1 шк. грэцкай мукі,
1 шк. пшанічнай мукі,
3 жаўткі,
2 бялкі,
тоўстыя вяршкі (15-20%) па патрэбе,
30 г дражджэй,
2 ст. л. цукру,
0,5 ч. л. солі
© Sputnik / Алексей Мальгавко / Перайсці ў медыябанкБліны масленічныя
Блины на праздничной ярмарке - Sputnik Беларусь, 1920, 02.03.2022
Бліны масленічныя
Як гатаваць. У цёплых вяршках развядзіце сырыя дрожджы і, патроху падсыпаючы муку, замясіце цеста да кансістэнцыі вадкай смятаны. Пастаўце цеста ў цёплае месца. Калі праз гадзіну-другую яно падыдзе, дадайце жаўткі, расцёртыя з цукрам і соллю. Цяпер усё добранька размяшайце. І зноў пастаўце цеста ў цёплае месца, каб зноў падышло. А цяпер асобна добра ўскалбатайце бялкі ў густую пену, акуратна перамяшайце з цестам. Змажце чыгунную патэльню алеем, маслам або кавалкам сырой скваркі і хутчэй выпякайце вашы блінцы.
Падаюць бліны да стала абавязкова з маслам. Чаму? Ды каб каровы малака шмат давалі! Дарэчы, не здзіўляйцеся, калі цешча перад абедам надумае памазаць зяцю і дачцэ галаву каровіным маслам. Гэта ўсё для таго, каб жылося ім цэлы год сытна.

Грэцкія бліны

З чаго гатаваць:
400 г пшанічнай мукі,
400 г грэцкай мукі,
750 г вады,
10 г сухіх дражджэй,
1 ч. л. цукру,
1 ч. л. солі.
Як гатаваць. Замясіце цеста з пшанічнай мукі, сухіх дражджэй і абавязкова цёплай вады. Пастаўце ў цёплае месца. Калі цеста падымецца, трэба яго добра вымясіць драўлянай лыжкай або лапаткай. Далей усыпце соль, цукар і грэцкую муку, перамяшайце і зноў пакіньце ў цёплым месцым, каб падышло.
Цяпер добра прагрэйце патэльню, нашмаруйце яе маслам або кавалкам сырой скваркі і выпякайце блінцы.
Кажуць, што такія бліны вельмі смачныя з ікрой, але іх можна таксама намазаць разагрэтым мёдам, або ўкруціць у іх начынку з грыбоў, і тады ў вас атрымаюцца сапраўдныя грачанікі.

Бліны на сыроватцы

З чаго гатаваць:
1 л сыроваткі,
0,5 ст. л. соды,
1 яйка,
мука па патрэбе,
цукар,
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБліны на сыроватцы
Бліны на сыроватцы - Sputnik Беларусь, 1920, 02.03.2022
Бліны на сыроватцы
Як гатаваць. У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста добра лілося. Не шкадуючы, алей уліваюць на разагрэтую патэльню і наліваюць два апалоніка цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць, пакуль не зашкварчыць, каб перавярнуць блін на другі бок.
Да бліноў падаюць салодкае малако.

Батончыкі тварожныя

З чаго гатаваць:
500 г тварагу,
1 шк. мукі,
1 яйка,
2 ст. л. смятаны,
1 ст. л. цукру,
0,5 ч. л. соды,
3 ст. л. цукровай пудры
тлушч для смажання,
соль.
Як гатаваць. Тварог добра расцерці, дадаць муку, яйка, смятану, соду, цукар, соль па смаку і ўсё перамяшаць. Атрыманую масу раскачаць тонкімі каўбаскамі, нарэзаць іх брусочкамі 8-10 см. Смажыць у вялікай колькасці тлушчу да залацістага колеру.
Гатовыя брусочкі пасыпаць цукровай пудрай. Падаваць з фруктовым кісялём.
Масленіца – свята сямейнае, і залатая апетытная горка блінцоў, якая ўрачыста ўзвышаецца ў цэнтры накрытага чыстым абрусам стала, дорыць радасць кожнаму яе члену.
Добрай вам Масленіцы і смачна есці!
Чытайце таксама:
Масленічныя песні: "Маслінка-каўзуха, вадзіся ж ты да Духа!"
Масленіца ў разгары: самыя смачныя рэцэпты бліноў
Масленічны тыдзень пачаўся ў праваслаўных
Масленіца ў Лынтупах - Sputnik Беларусь, 1920, 22.02.2020
Д'ябальскае свята: як святкавалі Масленіцу замужнія жанчыны
Стужка навiн
0