Залатыя ключы ад Святога Юрыя, або Май – жывёлу ў поле пхай

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбед з яечняй
Абед з яечняй - Sputnik Беларусь, 1920, 05.05.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская кліча ўсіх ладзіць карагоды на Юр'ю, а таксама прапануе пачаставацца малочнымі стравамі.
Яшчэ не так даўно амаль кожная сям’я ў вёсцы мела пры сваёй гаспадарцы адну, а то і болей кароў. Гэта хатняя жывёла заўсёды лічылася сімвалам дабрабыту, карміцелькай і любіміцай гаспадыні. З надыходам цяпла, калі з’яўлялася маладая, сакавітая трава, жывёл пачыналі выганяць у поле. Седзячы каля хаты на прызбе, старыя навучалі: "Май – жывёлу ў поле пхай"!
Калісьці гэты час прыпадаў на пачатак мая, сама цырымонія першага выгану кароў на пашу была абстаўлена ўрачыстасцямі. Свята адбывалася 6 мая на Юр’е, які ў народзе лічыўся апякуном жывёлы і земляробства.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтатак кароў
Статак кароў - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2022
Статак кароў
На думку народа менавіта ён, св. Юрый (Ягорый) меў "залатыя ключы", якімі адмыкаў "зямлю сырусенькую" і выпускаў "расу цяплюсенькую на Белую Русь і на ўвесь свет".
Цікава, што ў гэты час у лесе жоўтымі кветачкамі пачынае квітнець першацвет, які ў народзе называюць "ключыкамі". Гэтыя "залатыя ключыкі" св. Юраю падносіў жаваронак, каб той "выпусціў тэплое літо" і тады будзе "радзіць густое жыта на корань караністае, на колас каласістае, на зерне ядраністае".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗалатыя ключыкі
Залатыя ключыкі - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2022
Залатыя ключыкі
Юр’е-Ягор’е і нават Часны Леса - усё гэта назвы свята, якое і цяпер шануецца ў беларускай вёсцы. Часта можна пачуць, як сяляне плануюць нейкія справы да Юр’я ці пасля яго.
Вядома ж, вялікі абрадавы комплекс, які калісьці існаваў да гэтага свята, даўно ўжо ніхто не выконвае. Святкуючы, вяскоўцы часта ідуць у сельскі клуб, каб паглядзець адноўленае культработнікамі святочнае прадстаўленне, паслухаць песні і нават разам з імі павадзіць юр’еўскія карагоды ў залатым ад квітнеючых дзьмухаўцоў полі. Пасля ў памяць пра частаванні пастухоў яйкамі людзі збіраюцца на агульную паседжанку на прыродзе і ядуць яечню.
Але вернемся ў тыя часы, калі вёскі мела вялікія статкі "тавару". Так некалі называлі статак буйной рагатай жывёлы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКарова
Карова - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2022
Карова
Увечары, калі каровы вярталіся з поля, гаспадыні імкнуліся ўчас "пераняць" сваю каля двара, каб тая не "бадзялася" пасля па вёсцы. У гэты час вёска поўнілася спеўнымі галасамі жанчын, якія заклікалі сваіх Мілак, Зорак, Рабін, Красуль, Белак да цёплых рук гаспадыні, а тыя ў адказ нецярпліва рыкалі.
Надыходзіў час даення і справа гэта сур'ёзная, бо патрабавала не толькі гігіенічных працэдур, але і ласкавага слова. На вёсцы і цяпер некаторыя гаспадыні дзеля добрага ўдою не толькі пестуюць сваю кароўку кавалачкам хлеба, але і прамаўляюць старажытныя замовы. Многія з іх з’яўляюцца шэдэўрамі народнага мастацкага слова.
Напрыклад такая: "Добры вечар, скацінка, прыйшла к табе хазяечка з залатой даёначкай, з шоўкавай цадзілачкай. Маць Прачыстая цябе даіла, а хазяечку малачком надзяліла, жоўтым масліцам і харошай смятанкай. Ні сваімы думамі, а гасподнімы словамы, дай, Госпадзі, на помач".
У прадчувні сваёй долі цёплага сырадою цярпліва чакалі каты і дзеці. Неўзабаве катам даставалася пенка, а дзецям малако, якое менавіта "з-пад каровы" лічылася лекавым, спрыяла іх росту.
Не ведаю як вы, а я вельмі люблю малочныя стравы і гатова іх есці амаль штодня. Без малочнага ў мяне псуецца настрой. Пра такіх як я кажуць "малочная душа". І гэта не дзіва, бо ў дзяцінстве пашанцавала гадавацца на малацэ і смятане.
Цяпер пра тое малако мне нагадвае толькі калекцыя старых збанкоў і глечыкаў на паліцы. Здаецца, зазірнеш у каторы і ўбачыш усярэдзіне ўсмешлівы твар бабулі: "Што, выгаладалася? З'еш малака з хлебам". Накрыты льняной сурвэткай глечык з "салодкім" малаком або, як яшчэ кажуць "пастаялачкай" ніколі не прыбіраўся са стала, пі колькі хочаш. Якое ж яно было смачнае ў прыкуску з лустай "чорнага" хлеба!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯечня
Яечня - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2022
Яечня

Абед на скорую руку

Май гарачы на працу месяц. Гаспадыні працягваюць завіхацца ў гародзе. Вядома ж, "вясновы дзень год корміць", таму ежу гатуюць пераважна простую. Найбольш папулярныя гэтым часам разнастайныя халаднікі і найперш з кіслага малака, цыбулі і кропу. Ядуць іх з варанай бульбай, таўканіцай з заскварай ці жытнім хлебам.
Халаднiк з кicлага малака
З чаго гатаваць:
1 л кіслага малака (прастаквашы або кефіру),
пер’е цыбулі,
зеляніна кропу,
соль да смаку.
Як гатаваць.У кіслае малако ўкрышыць цыбулю і кроп, прысаліць. Да халадніка падаць засквараную бульбяную кашу або таўканіцу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяХаладнік з кіслага малака
Халаднік з кіслага малака - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2022
Халаднік з кіслага малака
Бульбяная каша або таўканіца
З чаго гатаваць:
8-10 бульбін,
100 г саленага або свежага сала,
1-2 цыбуліны,
соль.
Як гатаваць. Бульбу абабраць, зварыць, патаўчы, асобна пасмажыць крыху дробна парэзанага салёнага сала. Пакрышыць галоўку цыбулі і ўкінуць у тлушч, каб падсмажылася да залатога колеру. Перамяшаць усё гэта з бульбай.
Сыракваша
З чаго гатаваць:
0,6 л кіслага малака,
0,4 л малака або вяршкоў,
2 ч лыжкі цукру.
Як гатаваць. Кіслае малако паставіць у выпаленую печ у лёгкі дух або нагрэтую духоўку хвілі на 7-10, каб утварыўся мяккі тварог. Выняць, адцадзіць сыроватку. У тварожную масу дадаць малако або вяршкі, цукар, асцярожна перамяшаць.
Падаць да бліноў.
Тварожныя піражкі да кісялю
З чаго гатаваць:
500 г тварагу,
1 шклянка мукі,
1 яйка,
2 ст лыжкі смятаны,
1 ст лыжка цукру,
0,5 ч лыжкі соды,
3 ст лыжкі цукровай пудры,
соль,
тлушч для смажання.
Як гатаваць. Тварог добра расцерці, дадаць муку, яйка, смятану, соль, цукар, яйка, перамяшаць. Атрыманае цеста раскачаць тонкімі каўбаскамі, нарэзаць іх брусочкамі даўжынёй 8-10 см. Смажыць у вялікай колькасці тлушчу да залацістага колеру. Гатовыя піражкі выкласці на папяровую сурвэтку, каб выдаліць лішкі тлушчу і пасыпаць цукровай пудрай. Асобна падаць фруктовы кісель.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
У травень будзе мужык управен, або Агародныя клопаты на Кузьму
Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, або Час араць і рагатаць
Рыба хвастом лёд разбіла, або Аляксей Цёплы на парозе
Стужка навiн
0