"Мир" - альтэрнатыва Visa і Mastercard або яшчэ адна картка ў кашальку?
© SputnikБелкарт-Мир
© Sputnik
Падпісацца
З пачатку гэтага года ў Беларусі сталі паўнацэнна працаваць карткі "Мир", гэта стала магчымым пасля завяршэння ў мінулым годзе праекта інтэграцыі плацежных сістэм "Белкарт" і "Мир". Як аформіць гэтую картку і дзе ёй можна разлічыцца – у матэрыяле Sputnik.
Сёлета беларусам і расіянам прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам цяжкасцей пры карыстанні банкаўскімі карткамі. У прыватнасці, былі складанасці з правядзеннем аплат па картах Visa і MasterCard, а ў дадатак сем расійскіх банкаў і тры беларускія былі адключаныя ад SWIFT.
Аднак выйсце знайшлося і дастаткова хутка. Многія ўзгадалі пра расійскую плацежную сістэму "Мир", карткі якой з пачатку гэтага года паўнацэнна працуюць на тэрыторыі Беларусі.
Дзе і як у Беларусі можна аформіць такую карту, якія магчымасці яна адкрывае і ці можа яна сапраўды стаць альтэрнатывай звыклым картам Visa і MasterCard, паспрабаваў высветліць Sputnik.
Як аформіць "Мир" у Беларусі
"Мир" уяўляе сабой расійскі аналаг сістэмы "Белкарт". Дарэчы, беларускія банкі ўжо некалькі гадоў, як прапануюць сваім кліентам выпусціць карткі "Белкарт-Мір".
Заказаць яе можна як у выглядзе дадатковай карткі да заробкавага рахунку, так і асобна. У залежнасці ад банка-эмітэнта яны могуць называцца па-рознаму: "Белкарт-Прэміум", карта "Белкарт" з мікрапрацэсарам стандарту EMV, карта "Белкарт-Мір", але сутнасць іх адна - усе яны падтрымліваюць плацежную сістэму "Мир".
Як распавёў чытач Sputnik Кірыл, яму патэлефанавалі з банка, праз які яму налічваецца заробак, і папрасілі пад'ехаць, каб перападпісаць дакументы і атрымаць у дадатак да асноўнай карткі яшчэ і карту "Мир". "Мне выдалі "Белкарт" і патлумачылі, што гэта тое ж самае, што і "Мир". Таксама мне распавялі ў банку, што ў Расіі з яе можна без праблем здымаць грошы і расплачвацца ёю", - падзяліўся суразмоўца.
Аформіць карткі "Белкарт" можна амаль ва ўсіх банках Беларусі, вось іх поўны спіс:
ЗАТ "Альфа-Банк";
ЗАТ "Абсалютбанк";
ААТ "ААБ Беларусбанк";
ЗАТ "Банк ЗГБ" (Беларусь);
ААТ "Белаграпрамбанк";
ААТ "Белгазпрамбанк";
ААТ "Банк БелЗЭБ";
ААТ "Белінвестбанк";
ААТ "БНБ-Банк";
ЗАТ "БСБ Банк";
ААТ "Банк Дабрабыт";
ААТ "Тэхнабанк";
ААТ "Прыёрбанк";
ААТ "Парытэтбанк";
ЗАТ "МТБанк";
ААТ "Сбер Банк";
ЗАТ "Банк Рашэнне";
ЗАТ "РРБ-Банк";
ААТ "Франсабанк".
Абыдзецца карта "Белкарт" з падтрымкай "Мир" ад 3 да 25 беларускіх рублёў, але ёсць і бясплатныя варыянты.
Напрыклад, "Альфа-Банк" прапануе замовіць яе праз колл-цэнтр, анлайн-чат або ў аддзяленні. Карта выдаецца на 5 год і каштуе 20 беларускіх рублёў на ўвесь тэрмін яе дзеяння.
А вось "Беларусьбанк" прапануе гэтую паслугу цалкам бясплатна, больш за тое атрымаць іх "Белкарт" можна не выходзячы з дому, бо пры заказе ў інтэрнэт-банкінгу як да новага, так і да дзейнага рахунку картку даставяць прама ў паштовую скрыню.
Так што перш чым замаўляць выпуск такой карткі ў свайго банка, удакладніце, колькі гэта можа вам каштаваць і на якіх умовах яе можна ў далейшым выкарыстоўваць.
Дзе і як імі можна карыстацца?
З картак можна без праблем зняць наяўныя грошы ў банкаматах. У Беларусі выдача грошай у банкаматах ажыццяўляецца ў беларускіх рублях. Можна таксама праз тэрміналы аплаціць тавары і паслугі. Карткай можна аплаціць і праезд у метро.
Акрамя гэтага з 2021 года сталі даступныя грашовыя пераводы паміж карткамі плацежных сістэм "Мир" і "Белкарт". Перавага ў тым, што грошы на карту атрымальніка паступаюць літаральна на працягу некалькіх хвілін пасля пераводу. А яшчэ паміж сістэмай "Мир" і банкамі-ўдзельнікамі ўстаноўлены нізкія тарыфы, гэта дазваляе трымальнікам карт эканоміць на грашовых пераводах да 3%.
Дзе ж імі можна скарыстацца, апроч Беларусі і Расіі?
Згодна з інфармацыяй на сайце плацежнай сістэмы, уладальнікі банкаўскіх картак "Белкарт" могуць бесперашкодна карыстацца імі ў Турцыі, В'етнаме, Арменіі, Узбекістане, Кыргызстане, Таджыкістане, Казахстане, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Там можна будзе зняць грошы ў банкаматах і расплаціцца самой карткай.
Але важна памятаць, што расплаціцца картай "Мир" атрымаецца не ўсюды, а толькі ў тых банкаматах і тэрміналах аплаты, на якіх ёсць лагатып плацежнай сістэмы. Гэта значыць зняць наяўныя атрымаецца толькі ў тым банкамаце, які падтрымлівае "Мир", гэтак жа як і расплаціцца можна будзе толькі ў тых крамах, тэрміналы якіх падтрымліваюць расійскую плацежную сістэму.
Чытач Кірыл падзяліўся са Sputnik сваім досведам карыстання гэтай карткай.
"За мяжу пакуль не выязджаў, але ў Беларусі ёю актыўна карыстаюся: здымаю грошы ў банкаматах, аплачваю камунальныя паслугі праз інтэрнет-банкінг, пераводзіў нават грошы з карты на карту ўнутры краіны", - расказаў ён.
Ёсць добрая навіна для ўладальнікаў гэтых карт - урад Егіпта ўжо месяц працуе над тым, каб расійскія турысты маглі расплачвацца картамі "Мир". Магчыма, гэтая магчымасць будзе даступная і для беларусаў.
Чакаецца, што гэтае пытанне вырашыцца да канца года. Гатоўнасць прымаць карты "Мир" ужо выказала сетка егіпецкіх гатэляў Rixos, што можа быць вельмі зручным для турыстаў-трымальнікаў карт.
Дарэчы, у Турцыі карты расійскай аплатнай сістэмы "Мир" прымаюць чатыры банкі-Ziraat Bankası, Vakıfbank, Iş Bankası і DenizBank. Сеткі турэцкіх крам таксама сталі актыўна падлучаць у кропках продажаў тэрміналы банкаў, якія гатовыя працаваць з карткамі "Мир", а яшчэ ў канцы мая прымаць гэтыя карты паабяцалі і турэцкія гатэлі.
Асноўная перавага гэтых карт у тым, што, калі да спісу "адрэзаных" ад сістэмы SWIFT беларускіх банкаў дабавяцца і іншыя, то "Белкарт" усё роўна будзе актуальнай карткай, якой можна будзе карыстацца як у Беларусі, так і ў некаторых замежных краінах.
Але не спяшаецеся выкідваць MasterСard і Visa - большасць з іх пакуль яшчэ працуюць і ў межах краін і за імі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Адключэнне расійскіх банкаў ад SWIFT і замарозка актываў ЦБ. Што далей?
Набіуліна расказала, ці варта чакаць дэфолту ў Расіі