Сёмуха, або Госці ў Тройцын дзень

© Sputnik / Альфред МикусОбряд "Вождение Куста"
Обряд Вождение Куста - Sputnik Беларусь, 1920, 11.06.2022
Падпісацца на
Yandex newsTelegram
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае аб старадаўніх завядзёнках на Зялёныя святкі і раіць, як правільна падрыхтавацца да прыёму гасцей.
Пачатак лета пахне бэзам, сенакосам і півонямі, што распусціліся ў кветніку перад хатай. Вока радуецца росквіту зеляніны, у гонар якой здаўна адзначаюць старажытнае каляндарнае свята Сёмуху. Яно святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня і менавіта адсюль адна з назваў гэтага старажытнага свята.
Тройца або Зялёныя святкі, Май, Русаллі, Зелянец, Гранная нядзеля і Дух сёлета прыпадае на 12 чэрвеня.

Сакральны сэнс Русалля

Памяць у чарговы раз нагадвае тыя часы, калі Тройцу святкавала кожная хата. На некалькі дзён вёска прыбіралася ў зеляніну з ссечаных маладых дрэўцаў бярозы і клёна. У суботу перад святам кожны спяшаўся наламаць галінкі "маю", каб упрыгожыць імі абразы і партрэты сваякоў у хаце.
Аб традыцыі наводзіць чысціню перад гэтым святам склалі прымаўку: "Прыбрацца, як хата перад Тройцаю".
Праўда так казалі пра залішне багата і акуратна прыбранага чалавека, калі хацелі з яго пакпіць. Але ж паўсюдна панаваў выключны парадак. Чакалі гасцей.
Так было заўсёды і, прынамсі, паўстагоддзя таму ніхто не задаваўся пытаннямі, чаму менавіта так адзначаюць гэта свята. Яго сакральны сэнс для большасці быў амаль страчаны з-за пануючага ў сярэдзіне ХХ стагоддзя атэізму. Старэйшае ж пакаленне працягвала прытрымлівацца старых завядзёнак і, калі была магчымасць, наведвала царкву.
І, тым не менш, асноўны сэнс гэтага свята – дахрысціянскі: ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў, буйны росквіт якіх атаясамліваўся з жыццёвай сілай прыроды. Каб прывабіць яе сілу, спрыяць будучаму ўраджаю, забяспечыць плоднасць жывёлы, здароўе і дабрабыт сям’і, галінкамі бярозы, ліпы і клёна аздаблялі сядзібныя пабудовы.
Не толькі само свята Троіца, але і ўвесь тыдзень перад ім адметны. Кожны дзень быў нечым значны. Так на тыдні ў Крывую або Градавую сераду нічога не рабілі на полі, бо лічылі, што град пашкодзіць пасевы, не палолі і не садзілі, каб не вырасла крывым. У пятніцу гатавалі посныя стравы, а ў суботу елі скаромнае і адзначалі Сёмушныя або Траецкія Дзяды.

"На Тройцын дзень і сваха прыехала!"

Асабліва напружанай на ўсялякія падзеі была субота напярэдадні свята, бо к вечару чакалі прыезду далёкіх і блізкіх сваякоў. У чаканні гасцей з печы даносіўся водар страў, прыгатаваных да святочнай бяседы.
Сама Траецкая бяседа – асаблівы клопат для гаспадыні. Зладзіць багатую колькасць разнастайных страў гаспадыні дапамагалі дарослыя дочкі, нявесткі і нават суседкі, якія мелі час. Ад самага рання, а часам і за дзень да свята пачыналі гатаваць святочную вячэру на "вялікія госці".
Аб чаканні важных гасцей казалі: "На Тройцын дзень і сваха прыехала".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Аладкі са смятанай
Траецкія пачастункі. Аладкі са смятанай - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Аладкі са смятанай
Існавала прыкмета, што калі "харошы" стол на Троіцу, то будзе хапаць усяго і увесь год будзеш добра жыць. Вось і імкнуліся зрабіць застолле разнастайным на стравы. На стале прысутнічала ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая (мінулагодняя) бульба і буракі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Хлеб з печы
Траецкія пачастункі. Хлеб з печы - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Хлеб з печы
Абавязкова пяклі свежы хлеб і пірагі, а з агароду ўжо мелі зялёную цыбулю і кроп.
Загадзя збівалі масла і рабілі сыры, якія часта падавалі з мёдам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Вараны сыр з мёдам
Траецкія пачастункі. Вараны сыр - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Вараны сыр з мёдам
З драўляных кадак даставалі салёнае сала, якое наразалі скрылікамі таўшчынёй ў палец, маўляў, каб было што падчапіць на відэлец. З тонка нарэзанага ("па-гарадскому") сала ў вёсцы падсміхваліся, лічачы, што гаспадыня скупаватая. Але ж сала ў вёсцы ў добрых гаспадароў хапала і таму яго не ашчаджалі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Каўбаскі
Траецкія пачастункі. Каўбаскі - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Каўбаскі
Самыя ж далікатэсныя мясныя прысмакі захоўвалі на гарышчы ў кашах з вечкам. Адтуль даставалі вялены кумпяк, сухія хатнія каўбасы, каўбух, посік і іншую смакату, рэшткі якой яшчэ заставаліся ў добрай гаспадыні пасля Вялікадня і сенакосу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Студзень
Траецкія пачастункі. Студзень - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Студзень
Калі было з чаго, то варылі студзень, адварвалі або запякалі мяса і смажылі курыцу.
У горад ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 50 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся здабыць і рачную рыбу, якую пераважна смажылі.
На радасць дзецям пяклі салодкія "грыбкі" (від бісквітнага пірага). З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабару.
Ну, і пэўна ж, з напіткаў была "свая" і "купляная" гарэлка, медавуха ды хатняе піва і віно.
Апрануўшыся ў "чыстае" (святочнае адзенне) ўсе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адзін аднаго, чакаючы вечара.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТраецкія пачастункі. Святочны каравай
Траецкія пачастункі. Святочны каравай - Sputnik Беларусь, 1920, 10.06.2022
Траецкія пачастункі. Святочны каравай
Паступова прыязджалі госці і да глыбокай ночы ў хатах не гасілі святла. Вёска гула, як пчолы ў вуллі, а на наступны дзень пасля абеду свята працягвалася. На танцавальнай пляцоўцы гралі нанятыя агулам музыкі. Моладзь, якая танцавала ўночы саступала месца старэйшым, якія з асалодай круціліся ў вальсах, "кракавяках" і "польках".
Лічылася, што на Тройцу першыя тры дні нельга працаваць, і таму са спакойным сэрцам адпачывалі.
Вясёлага і вам свята і добрага адпачынку!
Таксама на Sputnik:
Сустрэча на Сёмуху: як прайшоў абрад "Ваджэнне Кусты"
"Закусачку паелі, па дарозе запелі" – традыцыі Зялёных святак
Як у Мяркулавічах Куста вадзілі
Стужка навiн
0