Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…"

© Photo : Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратурыБеларускі паэт Максім Лужанін
Беларускі паэт Максім Лужанін - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2023
Падпісацца
2 лістапада адзначаецца дзень нараджэння аднаго з самых лірычных паэтаў Беларусі. Знаёмцеся ў матэрыяле Sputnik з біяграфіяй і незабыўнымі вершаванымі радкамі Алякандра Каратая, працятымі восеньскім цяплом і разважаннямі пра спрадвечнае.
Паэзія, поўная касмізму, жыццёвай драмы і незвычайных лірычных знаходак – такая спадчына засталася беларускай зямлі ад творцы, які перажыў некалькі войнаў, несправядлівае пакаранне і дачакаўся прыжыццёвага прызнання, – Максіма Лужаніна.

Спачатку быў "Маладняк"

Аляксандр Амвросьевіч Каратай (а гэта сапраўднае імя паэта) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года. Выхадзец з сялянскай сям’і з дзяцінства зведаў цяжкасці вясковага жыцця і непростыя ўмовы існавання сялянства ў часы Першай сусветнай вайны. Але ж з дзяцінства меў моцную волю і вялікае жаданне пазнаваць свет. Дзякуючы гэтаму, а пэўна яшчэ і таму, што родны бацька служыў дзякам у Прускай царкве (в. Прусы Слуцкага павета), хлопчык рана навучыўся чытаць.
Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў 1924-1928 гадах у Мінскім беларускім педагагічным інстытуце. Якраз падчас навучэння ўпершыню быў надрукавы верш Максіма Лужаніна – "Звоніць восень". Дарэчы, тэма восені, да якой пазней далучыліся і ноткі касмізму, стала для маладога паэта адной з самых любімых.
© Photo : Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратурыПаэт Максім Лужанін у маладосці
Паэт Максім Лужанін у маладосці - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Паэт Максім Лужанін у маладосці
Да гэтага часу адносіцца і такі цікавы факт: Аляксандр Каратай паступова становіцца вядомым чытачу не толькі пад іменем Максіма Лужаніна. Рэдка сустрэнеш чалавека, які меў столькі творчых псеўданімаў. Так, беларусы знаёміліся з радкамі М. Бусловіча, Ал. Даведкі, Міколы Драча, Л. Трыера і нават "Шаўцоў". Праўда, апошні псеўданім быў калектыўным, бо пад ім акрамя Лужаніна друкаваліся Пятро Глебка і Паўлюк Трус.
Нягледзячы на складаны посткастрычніцкі час, неверагоднае натхненне ішло поплеч з вучобай. Знаёмства з іншымі маладымі літаратарамі прывяло пачынаючага паэта ў легендарнае творчае аб’яднанне "Маладняк". Буйны росквіт паэтычнага асяроддзя аказаў значны ўплыў на Лужаніна. Менавіта ў гэтыя гады фарміруюцца яго эмацыянальныя лірычныя перавагі, навеяныя подыхам рамантызму і жыцёвымі чаканнямі. Такім чынам ужо праз тры гады пасля першага друкаванага верша паэта, у 1928 годзе, свет пабачыў і першы зборнік Лужаніна "Крокі", аб якім станоўча адзываліся Янка Купала і Цішка Гартны.
"Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі >>>
Наступныя тры гады прайшлі за вучобай у БДУ, і ўжо ў 1931 годзе Лужанін прыступіў да працы ў часопісе вядомага літаб'яднання "Узвышша", дзе друкаваліся Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Змітрок Бядуля, Язэп Пушча і інш., а таксама на Беларускім радыё. У самым пачатку 30-х з’яўляюцца наступныя зборнікі з вершамі і паэмамі паэта: "Неаплачаны рахунак", "Галасуе вясна за вясну", "Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!", "Аднагалосна", "Першамайская вуліца" і "Галасы гарадоў".
© Photo : Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтваМаксім Лужанін сярод літаратараў "Узвышша"
Максім Лужанін сярод літаратараў Узвышша - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Максім Лужанін сярод літаратараў "Узвышша"

Ссылка і вайна

Нечакана ў жыццё і творчасць маладога паэта ўварваўся драматычны віхор – 15 сакавіка 1933 года Максім Лужанін быў раптоўна арыштаваны па справе "Беларускай народнай грамады" і 10 жніўня асуджаны да 2 гадоў ссылкі ў Кемераўскай вобласці. Варта адзначыць, што паэт быў рэабілітаваны толькі ў жніўні 1956 года.
Абазначаныя падзеі наклалі свой цяжкі адбітак на творчы шлях Лужаніна. З 1935 па 1941 гг. паэт становіцца рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве, і ў гэты час амаль нічога з яго твораў не выдаецца.
Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: "Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!.." >>>
Неўзабаве прыйшло наступнае жыццёвае выпрабаванне – чарговая вялікая вайна. Гады Вялікай Айчыннай Максім Лужанін правёў на фронце, удзельнічаў і ў Сталінградскай бітве, і ў іншых баях, вынікам чаго ўжо ў 1945-м пераможным годзе з’явіўся зборнік твораў ваеннай тэматыкі "Шырокае поле вайны". У 1944 годзе Лужанін быў прызначаны загадчыкам аддзела культуры газеты "Звязда" і адказным сакратаром знакамітага часопіса "Вожык".

Паэт, перакладчык, сцэнарыст

Максіма Лужаніна звязвала сяброўства з многімі вядомымі літаратарамі таго часу, ды найбольш цесныя адносіны захаваліся менавіта з Якубам Коласам. І справа не толькі ў тым, што ў пасляваенны час Лужанін быў рэферэнтам АН БССР, сакратаром Якуба Коласа. Два паэты былі знаёмыя ўжо досыць доўгі час, разам ездзілі па грыбы, бо былі зацятымі грыбнікамі, а таксама адначасова адзначалі трайны дзень нараджэння – жонка Лужаніна паэтэса Яўгенія Пфляўмбаўм з’явілася на свет 1 лістапада, сам Лужанін – 2-га, а Якуб Колас – 3-га.
Трэба адзначыць, што Максім Лужанін быў вельмі разнастайнай творчай асобай. Гэта датычыцца і асабістых вершаў, і перакладаў твораў іншых знакамітых пісьменнікаў і паэтаў.
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…" >>>
Так, напрыклад, Лужанін перакладаў Максіма Горкага ("Жыццё Кліма Самгіна"), Аляксандра Грыбаедава ("Гора ад розуму"), Мікалая Гогаля ("Вечары на хутары ля Дзіканькі"), Аляксандра Фадзеева ("Маладую гвардыю"), Міхаіла Шолахава ("Яны змагаліся за Радзіму"), а таксама асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Івана Буніна, Юліяна Тувіма, Уладзіміра Маякоўскага, Яраслава Смелякова і інш.
Пісаў Лужанін і сцэнарыі да кінастужак. А гэта і сцэнарый мастацкага фільма па п’есе Янкі Купалы "Паўлінка", і дакументальнай стужкі "Народны паэт", а таксма сцэнарны дуэт з Аркадзем Куляшовым да мастацкіх фільмаў "Першыя выпрабаванні", "Запомні гэты дзень"...
Дарэчы, Максім Лужанін з 1959 года быў членам сцэнарнай калегіі, а у 1967-1972 гадах займаў пасаду галоўнага рэдактара кінастудыі "Беларусьфільм".
Пасляваенныя творы Максіма Лужаніна прасякнуты грамадзянскай лірыкай і неўміручым рамантызмам. У гэты час свет пабачылі паэтычныя зборнікі з вершамі і паэмамі "Поступ" (1950), "Святло Радзімы" (1952), "Моваю сэрца" (1955), "Прасторы" (1958), "Росы на коласе" (1973), "Прага крыла" (1974), "Як нараджаўся новы свет" (1975), "Лявоніха" (1977).
"Быў гэта толькі сумны сон…": шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі >>>
Да гэтага перыяду адносяцца і празаічныя кнігі: "Колас расказвае пра сябе" (1964), "Дванаццаць вячорных вогнішчаў" (1968), "Людзі, птушкі, прастор" (1976) і інш. Дарэчы, за кнігу-эсэ пра Коласа ў 1965 годзе паэт быў удастоены літаратурнай прэміі імя песняра.

Крокі ў вечнасць

Пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя творчасць Максіма Лужаніна набывае больш філасофскія рысы. Неверагоднасць жыццёвых колераў адбіваецца ў касмізме вечнага існавання светлых пачуццяў і неўміручасці паэзіі. Сведчанне таму – кнігі "Галасы пад выраем" (1980), "Паразмаўляй са мной, зямля" (1983), "Вярнуся ветрам" (1987) і шматлікія вершы, напісаныя ў 90-я.

Калісьці беларускі паэт Анатоль Вярцінскі выказаўся пра таленты Лужаніна: "За што б ён ні браўся – ўсюды, і ў прозе, і ў кінадраматургіі, перш за ўсё адчуваецца, што аўтар гэтых твораў – паэт".

Пакінуў гэты свет Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001 года.
Паэзія праз усё жыццё… Менавіта такім літаратарам, які нёс светач лірызму і дабрыні, і быў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969) і заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975) Максім Лужанін.
Чытайце падборку лірычных вершаў на Sputnik.
© Sputnik / Мария Амелина…Асеннія дні. Чырванее рабіна...
Осенние листья - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
…Асеннія дні. Чырванее рабіна...

* * *

…Асеннія дні. Чырванее рабіна,
І просіцца з купіны ў рот журавіна.
Я гэтай празрыстаю, яснай парою
Ніяк не дараджу, дзе дзецца з сабою.

Уночы не спіш, дачакаешся рання –
І цягне і вабіць на шлях вандраванне!
Напэўна, напэўна за тым небакраем
Рака маладосці з бароў выбягае.

Іду і тапчу туманок вераснёвы,
І сонца ўсплывае лісцінай пунсовай.
Ніколі не бачыў, ніколі не быў,
Ніколі так моцна зямлі не любіў!

© Sputnik / Сергей Пятаков / Перайсці ў медыябанкБіла восені бомкае ў лісце мядзянае...
Опавшие кленовые листья - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Біла восені бомкае ў лісце мядзянае...

* * *

Вецер тузае ў небе вяроўкі дажджоў,
Біла восені бомкае ў лісце мядзянае.
Я далёка ад дому. Чакаю лістоў,
Хоць самому не верыцца ў неспадзяванае.

І ніякай уцехай не ўцішыш згрызот,
Што, відаць, не папраўдзе я лёсам абдзелены.
Не са мною на поўнач ідзе самалёт,
Дзе ўсміхаецца мара мая ненадзейная.

Не паклічаш назад, не схаваеш у спрат…
Хай табе пасміхаецца, хай забываецца!
Я збяднеў на цябе і табою багат:
Прамінула тваё, а маё не мінаецца.

© Sputnik / Мария АмелинаІ я ўлагоджваю вятры, / Міру лісты апошнія...
Осень в Гомеле - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
І я ўлагоджваю вятры, / Міру лісты апошнія...

* * *

Галлё шуміць… Як дзень, так ноч
За вокнамі хістаецца,
З вятрамі сварыцца яно,
І з лістам ліст спрачаецца.

І я ўлагоджваю вятры,
Міру лісты апошнія,
Палю асеннія кастры
І зоры наддарожныя.

А можа, згледзеўшы здалёк
Душа душы паклоніцца,
Падхопіць зыркі вугалёк
Мае лясной бяссонніцы.

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСерп аджаўся і свеціць акрайцам...
Жніво завершана - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Серп аджаўся і свеціць акрайцам...

* * *

Зноў ажыны паўзуць па зямлі.
Серп аджаўся і свеціць акрайцам.
Дзе ж вы тупалі, дні, дзе былі?
Ужо бусел за мора пабраўся.

І за выраем – з хат, па імхах
Позні верасень курыць дымкамі…
А якая мне трэба страха,
А якіх падарожжаў шукаю?

Каб жа ведаць! Спакой і віхор
Лёс няроўнаю мераю мераў:
Б’ешся, рвеш акіянскі прастор,
А вяртаешся шумай на бераг.

© Sputnik / Виктор ТолочкоКаб выпадкам лёс дазволіў / Мне шляхі наноў абраць...
Туман в октябре на дороге в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Каб выпадкам лёс дазволіў / Мне шляхі наноў абраць...

* * *

Каб выпадкам лёс дазволіў
Мне шляхі наноў абраць,
Ні за што, нідзе, ніколі
Не шукаў бы лепшых, брат,
Чымся весці лёт бунтоўны
Па нятораных, вандроўных,
Па-над прорвамі хрыбтах,
Дзе глядзіш са стромай кручы
На прастор, што не прыручан, –
І крыла дужэе ўзмах.

© Sputnik / Альфред МикусВам будзе нядоўгай і лёгкай / да сонца любога дарога...
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Вам будзе нядоўгай і лёгкай / да сонца любога дарога...

* * *

Калі вы даспееце ў свеце
да светлага чыну такога:
Ніхто на хаду не ўздымае,
ты ўласнаю воляю рушыш,

Вам будзе нядоўгай і лёгкай
да сонца любога дарога,
І стануць бяссмертнымі думы,
і стануць відушчымі душы.

© Sputnik / Vitaly Timkiv / Перайсці ў медыябанкА я пад Шляхам Млечным / Іду, міргаюць вокны зор...
Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
А я пад Шляхам Млечным / Іду, міргаюць вокны зор...

* * *

Курыць надранішні прастор,
А я пад Шляхам Млечным
Іду, міргаюць вокны зор,
Адкуль цікуе вечнасць.

Здаецца, ходзіш так даўно
Па падваконню ў сонцаў,
Што мог бы стаць і сам акном
У вечнасць, у бясконцасць.

© Sputnik / Artur Lebedev / Перайсці ў медыябанкВырас на мне карэннем, / Піў з нашых чыстых рэк...
Раннее цветение мимозы в Сочи - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
Вырас на мне карэннем, / Піў з нашых чыстых рэк...

* * *

Некалі жыў адною
Думкай – і ўноч, і ўдзень, –
Хто ж там ідзе за мною,
Ці толькі ўласны цень?

Ці ўжо зусім не будзе
Гэткага, што б гукаў:
– Не занядбайце, людзі,
Продкам пачатых спраў!

Прымаразкам разводдзе
Скута, як шкло ў акне.
Сэрца на гэтым лёдзе
Не пакаўзнецца, не!

Чую, ўжо вырастае
Той, хто прыме зямлю.
Не пазнаю, не знаю,
Бачу яго, люблю.

Хай сабе непадобны
Ён да мяне і вас,
Святлейшы і болей добры –
Яму дазваляе час.

Вырас на мне карэннем,
Піў з нашых чыстых рэк,
Мае маё сумленне
Век той і чалавек.

© Sputnik / Павел Львов...Над светам – ноч, над тварам – губы, / Над Белай Вежай – першы снег.
Заснеженные деревья  - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
...Над светам – ноч, над тварам – губы, / Над Белай Вежай – першы снег.

* * *

Усё жыццё – усё адно:
Жыць у трызні, у парыванні,
Хапаць пяро, трывожыць ранне,
Аблётваць светы праз акно.

Яшчэ хвіліна – і радкі! –
Паўнавабранцы, паўсалдаты
Нязграбна робяць крок на хату
З прастораў сэрца напрасткі.

І – цуд! Наблізілася нейк,
Здалёк паўстала тая любасць…
Над светам – ноч, над тварам – губы,
Над Белай Вежай – першы снег.

© Sputnik / Альфред Микус...А спатрэбіцца – ў будзень / Агонь разадзьміце.
Купалье в Строчицах - Sputnik Беларусь, 1920, 02.11.2022
...А спатрэбіцца – ў будзень / Агонь разадзьміце.

* * *

Толькі вока заплюшчу,
Лячу за віхурай
З Белавежскае пушчы
У восеньскі Тураў.

На дарожных развілках
Сівеюць паданні
Аб народных асілках,
Народных паўстаннях.

Дрэмле ціхае месца.
Буяюць ажыны,
Мы тут вогнішча сэрцаў
Сваіх разлажылі.

І гарэў тры прадвесні
Касцёр партызанскі.
…Не даспевана песня,
Не складзена казка.

Але сэрцы – пад прыскам,
Яны не сатлелі, –
З той нязгаснаю іскрай
Той першай нядзелі.

Вы нас, добрыя людзі,
Для свят не шчадзіце,
А спатрэбіцца – ў будзень
Агонь разадзьміце.

Чытайце таксама:
Грыбныя прыкметы і вершы: "Налезла ў кошык верасовых па кулаку баравікоў…"
"Як звoняць свiтaльнa кpынiцы…": восеньскія вершы Aнaтoля Гpaчaнiкaва
"У вырай плывуць журавы і аблокі…": вершы пра восень
"Я пepaд xлeбaм шaпкy здымaю…": вершы пра жытні скарб
Стужка навiн
0