Тоўстая вячэра, або "Заўсягды, як на Дзяды"

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАўсяны кісель з цыбуляй для Дзядоў
Аўсяны кісель з цыбуляй для Дзядоў - Sputnik Беларусь, 1920, 05.11.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму на Асяніны нельга зачыняць юшку ў печы, і вучыць, як правільна дзедаваць, каб не пакрыўдзіць продкаў.
Лістападаўскі вецер шапаціць апалым лісцем, а ў шэрым небе ўсё часцей гагочуць, адлятаючы на чужбіну, гусі. Кажуць, што гэта душы памерлых падымаюцца на неба па "гусінай дарозе". Клін хутка знікае, і сэрца запаланяе шкадаванне аб згаслым леце, а думкі вяртаюць на зямлю, нагадваючы, што хутка Дзяды. Выбраўшы вольны дзень, вяскоўцы спяшаюцца наведаць могілкі. Да свята прыбіраюць магілы памерлых родзічаў, а як надыдзе "той самы" дзень, гатуюць "тоўстую вячэру", каб сесці за стол і сям’ёй "Дзяды дзедаваць".

Адно з любімых свят

Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з ушанаваннем продкаў ("дзядоў") – не толькі памерлых бацькоў, але і ўсіх родзічаў. Нашы продкі верылі, што памерлы ператвараецца ў духа-продка, якога блізкія яму людзі імкнуліся задобрыць, таму што лічылі яго здольным уплываць на жывых. Адсюль такое трапяткое стаўленне да памінальных дзён.
У славянскай міфалогіі дзядамі называюць не толькі продкаў, але і іх душы.
Сярод народных свят, Дзяды – адно з важнейшых. Не ведаю, адкуль тое павялося, але ў народзе лічаць, што трэба памятаць сем кален свайго роду. Шкада, але цяпер, калі паспрабаваць скласці сваё генеалагічнае дрэва, то ўзгадаеш максімум тры, а больш упартыя дакапаюцца да чацвёртага ці, можа, пятага пакаленняў. Дарэчы, занятак гэты – захапляючае падарожжа ў мінулае!
Вандруючы па Беларусі, не раз даводзілася бываць на старых могілках. На некаторых з іх невялікія надмагільныя камяні шчыльна месціліся адзін каля аднаго, ствараючы шэрагі. На аблепленай лішайнікамі паверхні асобных яшчэ можна было заўважыць ледзь бачныя, часам незразумелыя надпісы і знакі. Аб старых могілках тутэйшыя тлумачылі, што калі чалавек паміраў, то па ім ставілі дубовы крыж, а ў галаве і ў нагах закопвалі большы і меньшы камень. Крыж з часам падаў долу, магіла раўнялася з зямлёй і ўсё. Заставаліся толькі паглынутыя зямлёй камяні, а аб гэтым чалавечым жыцці забываліся. Але нараджаліся новыя жыцці – і род працягваўся. Кажуць жа, што чалавек жыве датуль, пакуль аб ім памятаюць.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтарыя крыжы на могілках
Крыжы на могілках в Цераблічы Століншчына - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Старыя крыжы на могілках
Дзяды – памяць павагі да продкаў, да людзей, якія далі нам спосаб жыць, выхавалі ў нас разуменне того, што добрае, а што рабіць не варта, навучылі паважаць сябе і сваю працу, ды родную зямлю. А яна і ёсць той падмурак, які патрэбен кожнаму, каб трывала стаяць на нагах, куды б ні занеслі нас зямныя дарогі.
Пра тое, што Дзяды– адно з любімых свят беларусаў, кажуць прымаўкі:
"Яды, як на Дзяды, а работы, як у нядзелю"
ды
"З добрым рабіць, як Дзяды дзедаваць".

Дзяды не адзначаюць, а "дзедуюць"

Свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў на год: перад Масленічным тыднем, на Радаўніцу, перад Троіцай, Пятровіцай і на Асяніны. Традыцыя памінання продкаў настолькі трывалая, што атаясамліваецца з нечым нязменным, пра што ў народзе склалі цэлы шэраг прымавак:

"Заўсягды, як на Дзяды",
"Як рабілі нашы дзеды, так і нам трэба ўступіць у іх следы",
"Не ад нас так заведзена",
"Не ад нас тое пайшло й не на нас яно кончыцца".

Восеньскія Дзяды носяць некалькі назваў: Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Хаўтуры, а таксама Тоўстая вячэра. У розных рэгіёнах Беларусі ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці вернікаў тэрмін правядзення свята прыпадае на розныя дні ад другой паловы кастрычніка да лістапада. Існавала ўстойлівае выслоў’е ў дачыненні правядзення абраду: звычайна казалі не "адзначыць" або "святкаваць Дзяды", а "Дзяды дзедаваць".
У цэнтры абраду – "тоўстая вячэра", якую ладзілі ў памяць памерлых сваякоў.
Напярэдадні свята прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы. Затым, непасрэдна ў святочны дзень, да абеду хатнія мыліся ў лазні, пакідаючы крыху вады і венік для "дзядоў". Не шкадуючы прыпасаў, гатавлі смачныя стравы і пітво для ўрачыстай вячэры. Пра багаты, шчодры стол, застаўлены стравамі, казалі: "Яды, як на Дзяды".
© Sputnik / Альфред МикусПра багаты, шчодры стол, застаўлены стравамі, казалі: "Яды, як на Дзяды"
Колядный обряд Щедрец в Осово Солигорского района - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Пра багаты, шчодры стол, застаўлены стравамі, казалі: "Яды, як на Дзяды"
Рабілася гэта для таго, каб задаволіць душы продкаў, якія быццам нябачна прысутнічалі на агульным застоллі.
Далёка не ўсе цяпер прытрымваюцца старых звычаяў, але многія з элементаў гэтага абраду існуюць і цяпер. Асабліва гэта тычыцца ўрачыстай Тоўстай вячэры.
Вакол святочнага стала збіралася ўся сям’я. Гаспадар, які кіраваў абрадам, пасля малітвы пайменна звяртаўся да ўсіх памерлых продкаў, запрашаючы іх прыняць удзел у агульнай вячэры:
"Святыя Дзяды, просім за пачэсны стол",
або
"Дзяды-радзіцелі, хадзіце да нас",
ці

"Дзяды, дзяды, хадзіце сюды".

Пры гэтым на кароткі час адчынялі дзверы і вокны, а юшку ў печы ўвогуле не зачынялі ўсю ноч, паколькі лічылася, што менавіта гэтым шляхам душы продкаў да раніцы пакінуць хату.
На стол ставілі так званую "Дзедаўскую чарку" і "Дзедаўскую міску", куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў, дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць). Але, нягледзячы на вялікую колькасць страў, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі.

Што гатавалі на Дзяды?

Пра бесклапотнае жыццё казалі: "Жыць, як баран да Дзядоў", паколькі перад святам было прынята рэзаць барана, каб прыгатаваць стравы з варанага і смажанага мяса. Таксама пяклі бліны, варылі клёцкі "з душамі", аўсяны кісель, гарох з макавым малаком, крупнік або квас з грыбамі, мясам ці рыбай, верашчаку з каўбасой і іншыя стравы. Але найважнейшай і абавязковай была каша панцаковая, пасолевая або гарохавая.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаша Дзядам
Каша Дзядам - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Каша Дзядам
Падчас урачыстай святочнай вячэры дазвалялася гаварыць толькі аб дзядах: іх жыцці, асобных выпадках і рысах характару, узгадваліся іх словы і настаўленні, мудрыя парады і добрыя ўчынкі.
Святочны вечар быў напоўнены добрым настроем і таямніцай. Сяляне спявалі, гралі на музычных інструментах, скакалі, пераапраналіся ў касцюмы з маскамі. Так паводзілі сябе таму, што продкаў трэба было не толькі добра пачаставаць, але і павесяліць. Лічылася, што тады яны будуць спрыяць у жыццёвых справах сям’і.
Пасля вячэры гаспадар казаў:
"Святыя дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!".
У нашай вёсцы, як і ў многіх мясцінах Беларусі, на стале і цяпер пакідаюць рэшткі страў, бо лічыцца, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы.

Клёцкі "з душамі"

З чаго гатаваць:
1,5 кг бульбы,
1 цыбуля,
2 зубкі часнаку,
1 яйцо,
400 г свінога фаршу,
перац або каляндра,
кмен,
лаўровы ліст,
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКлёцкі з душамі
Клёцкі з душамі - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Клёцкі з душамі
Як гатаваць. У мясны фарш дадаць дробна насечаную цыбулю і часнок, пасаліць, дадаць прыправу, усё добра памяшаць і скатаць шарыкі. Старкаваць бульбу, як для дранікаў, добра яе адціснуць праз марлю. Праз 15 хв. крухмал асядзе на дно. У адціснутую бульбу дадаць, яйцо, соль, крухмал, і ўсё перамяшаць. Бульбяное цеста распляскаць на далоні і ўкласці ў сярэдзіну мясны шарык. Велічынёй з невялікі яблык клёцкі асцярожна апусціць ў падсоленую кіпячую на сярэднім агні ваду. Варыць 30-40 хв. на слабым агні, не закрываючы каструлю вечкам.
Вынуць клёцкі шумоўкай і пакласці іх па адной у талеркі з загадзя звараным мясным булёнам. У кожную талерку пакрышыць зеляніну кропу або пятрушкі. Падобныя клёцкі можна падаць без булёну, і, выклаўшы на талерку, паліць смятанай і пасыпаць зелянінай.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКлёцкі з душамі
Клёцкі з душамі - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Клёцкі з душамі

Аўсяны кісель

З чаго гатаваць:
1 шк. аўсяных круп або шматкоў,
1 шк. вады,
2 ст. л. цукру.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАўсяны кісель з мёдам
Аўсяны кісель з мёдам - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Аўсяны кісель з мёдам
Як гатаваць. Заліць крупы вадой, паставіць у цёплае месца і даць закіснуць. Працадзіць праз сіта, зварыць кісель. Атрымаецца аснова для салодкага або салёнага кісялю. Калі салодкі, то як вараць, дадаюць цукар, калі кісель будуць заскварваць, то разліваюць па формах і астуджваюць. Асобна смажаць парэзанае на кубікі салёнае ці свежае сала з цыбуляй і паліваюць гэтым кісель. Да такога кісялю падаюць вараную бульбу і салёныя агуркі. Салодкі ж ядуць з малаком.
Смачна дзедаваць!
Чытайце таксама:
Дзедаў тыдзень, або Нашы стравы ў памінальную суботу
"Горад мёртвых" запаліў агні: найстарэйшыя могілкі Беларусі на Дзяды
На парозе Дзяды: прыкметы і традыцыі старадаўняга свята
Душы людзей і смерць: што яшчэ сімвалізуе матылёк у беларускай культуры
Куцця і заяц у смятане: гатуем памінальны стол па рэцэптах продкаў
Стужка навiн
0