Куды не трэба ісці на Хэлоўін: топ-10 месцаў Мінска, дзе "жывуць" прывіды

© Sputnik / Альфред МикусСамайн
Самайн - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2023
Падпісацца
Некаторыя мінчане традыцыйна накіроўваюцца на тэматчную вечарыну. Але ў аматараў містычных вандровак свае лакацыі, дзе можна незнарок сутыкнуцца з нечым невядомым. Sputnik падрыхтаваў спісак незвычайных месцаў сталіцы, якія лепей абыходзіць на Дзень усіх святых.
Хэлоўін ужо літаральна грукае ў дзверы. І хоць Дзень усіх святых – прынесенае свята, але гэта не значыць, што беларуская нечысць увесь год хаваецца толькі па лясах і балотах, каб паказацца ў гэты прызначаны дзень.
Міфалагічныя істоты, а таксама прывіды некаторых знакамітых мінчан перыядычна палохаюць прахожых у сваіх прывычных прыжыццёвых месцах у пэўны час. І гэтак жа спешна знікаюць, рассыпаючыся ў паветры ці праходзячы скрозь сцены.
Гісторыя гарадскіх і навакольных мясцін старажытнай беларускай сталіцы змяшчае шмат цікавых старонак, частку якіх можна безумоўна назваць містычнымі.
Пра месцы, якія лепш за усё абыходзіць бокам асабліва на Хэлоўін, і асабліва ў позні час, – чытайце ў матэрыяле Sputnik.

Постаць Менеска

Да гэтай пары кропка ў дэбатах вакол пытання, дзе ўзнік старажытны Мінск, ячшэ не пастаўлена. Але мінская гарадская міфалогія распавядае, што ў няблізкія часы на беразе Свіслачы каля старой Віленскай дарогі з’явіўся вялізны млын на сямі колах, што неўзабаве і дало пачатак мінскаму паселішчу. Звязана такая незвычайная пабудова была з асобай знахара-асілка Менеска.
© Sputnik / Альфред МикусВолат
Самайн - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Млын быў гіганцкага памеру і малоў муку не са спелага збожжа, а з камення. Сам жа Менеск, будучы волатам, "раз’язджаў" на гэтым млыне па начах, набіраючы магутных хлопцаў у дружыну для абароны сваёй зямлі.
У народзе кажуць, што галоўным выпрабаваннем для будучых дружыннікаў было падняцце вялізных жорнаў, і калі юнак не спраўляўся з цяжкай задачай, Менеск мог раззлавацца, бо лічыў, што яго падманваюць. Ёсць чуткі, што некаторыя з такіх хлопцаў ператвараліся ў камяні.
Старыя мінчане кажуць, што месца, дзе стаяў млын Менеска, супадае з ускраінай сучаснага Парку Перамогі і Камсамольскага возера.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокЖорны
Жорны - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
Дарэчы, адны жорны з менескава млына там і стаяць.

"Дзед" з валуна

Якое тысячагоддзе таму, калі Мінска яшчэ не існавала ў тым выглядзе, да якога мы ўсе прывыклі, каля невялічкага людскога паселішча стаяў высокі ўзгорак, парослы густым лесам. Побач з узгоркам ляжаў вялізны валун, вакол якога старажытныя мінчане зрабілі капішча і да якога нярэдка завітвалі са сваімі просьбамі ды балячкамі. Дарэчы, побач з-пад зямлі біла крыніца з гаючай вадой, што дапамагала хворым, а таксама жанчынам, якія пакутвалі без дзяцей.
Кажуць, з валуна, якому пакланяліся продкі-язычнікі, у пэўны час выходзіў "Дзед", які з’яўляўся толькі самым стомленым і хваравітым. Ішла гаворка, што хворыя людзі і пасля таго вылечваліся, а жынчыны маглі нараджаць.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокВалун
Валун - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
Гэты валун і зараз існуе, але ўжо не на старым месцы. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя яго разам з падобнымі перанеслі на ўсход сучаснай сталіцы ва Уручча. І дагэтуль у Музеі валуноў можна ўбачыць знакаміты камень, які, калі ўгледзецца, нейк напамінае выяву дзеда.
Наведвальнікі кажуць, што аднойчы ў бязветраную ноч з’яўляецца побач з валуном постаць сівога старца, да якога ў гэты час лепш не набліжацца – кажуць, што "Дзед" злуецца, што яго калісьці зрынулі са старога месца і ўжо ніхто не прыходзіць да яго з просьбамі, як раней.

Вершнікі і чорны ваўкалак

"На Нямізе снапы сцелюць галовамі… Нямігі крывавыя берагі не дабром былі зесеяны: засеяны косцьмі сыноў…".

Так згадваецца ў знакамітым "Слове аб палку Ігаравым…" пра жахлівую бітву паміж Усяславам Чарадзеем і яго родзічамі, братамі Яраславічамі, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года.
© Sputnik / Альфред МикусВаўкалак
Самайн - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Дзве дружыны сышліся на берагах Нямігі і сталі ў глыбокім снезе адна насупраць адной. 7 дзён трымалася стаянне. Ды ўрэшце Усяслаў Полацкі ноччу пры свеце поўні распачаў сечу. З абодвух бакоў пала шмат воінаў, ды Усяслаў пацярпеў паражэнне. Кажуць, пасля таго ён ператварыўся ў ваўкалака і збег.
З таго часу прайшло ужо 955 гадоў. Там, дзе было поле бітвы, праляглі гарадскія вуліцы і ўзняліся гмахі. Няміга "схавалася" ад вачэй у падземны калектар.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокНяміга
Няміга - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
Але і сёння ў раёне паміж вуліцай Калектарнай і берагам Свіслачы начным часам у яркую поўню, калі горад спіць, а са Свіслачы паўзе шэры туман, можна раптоўна пачуць фырканне коней і далёкі жалезны лязгат. Ды неўзабаве ўбачыць празрыстыя постаці даўніх тысячагадовых вершнікаў і чорную фігуру ці то вялікага сабакі, ці то ваўкалака, што знікаюць у прырэчнай дымцы.

Русалка ў Купалаўскім

Дагэтуль ходзіць адна старая легенда пра лёс беднай прыгажуні, якую загубіла родная маці.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРусалле
Русалле. Вянок на хаце - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Аднойчы сустрэла дзяўчына-мінчанка прыгожага ды дужага хлопца і закахалася ў яго. На жаль, хлопец не адказваў ёй узаемнасцю, нягледзячы на ўсе яе старанні.
Здарылася так, што аднаго разу раніцай прыгажуня пайшла да Свіслачы і застала на беразе ракі свайго закаханага, які абдымаўся з яе роднай маці. Тая ж вырашыла пазбавіцца ад сведкі – і штурхнула прыгажуню ў ваду, дзе дачка і патанула.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокУ Купалаўскім парку
У Купалаўскім парку - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
Кажуць, адбылося гэта не адно стагоддзе таму. Але ж і па сённяшні час апоўначы ў Купалаўскім парку можна пачуць дзявочы смех і заўважыць ў цемры бляск рыбінай лускавінкі ды незвычайнае вогненнае ззянне засмучаных вачэй.

Цені Камароўкі

Наступнае месца знаёма ўсім мінчанам ды й гасцям сталіцы – Камароўскі рынак. Але ж нямногія ведаюць, што тут, дзе зараз ідзе бойкі гандаль, а пакупнікі спрачаюцца наконт спажывецкіх цэн, раней было балота, а побач на ўскраіне горада стаяла царква.
© Sputnik / Дзмітрый КарлюкКаля Камароўскага рынку
Мінскія скульптуры - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Народная гісторыя распавядае, як адзін спрытны манах знайшоў у саборы скрыню з золатам. Але ж без сведак не бывае – ўбачыў скарб мясцовы юродзівы, які знаходзіўся пры храме, і патрабаваў палову за сваё маўчанне. Манах спачатку пагадзіўся і пайшоў з юродзівым да балота, каб там падзяліць золата. Пайшоў і пасварыўся, ды так, што абодва патанулі ў багне.
Звалі таго юродзівага Федзька Камар. І хоць няма ўжо ні Камароўскага балота, ні вёскі Камароўкі побач з ім, перадаюцца чуткі, што ў пэўны час на золку можна пачуць каля рынку галасы мужчын, якія спрачаюцца, і сутыкнуцца з двума ценямі, што быццам бы дужацца паміж сабой. А, калі ўзыдзе сонца, цені знікаюць у нябыт.

Прывід сваяка Радзівіла

Адна з гісторый, якая звязана з прозвішчам Радзівілаў і мае містычны працяг, здарылася ў самым цэнтры Верхняга горада – каля Ратушы.
У 18 стагоддзі ў Мінску бясчынстваваў Міхаіл Валадковіч – далёкі сваяк знакамітага Пане Каханку. Скандаліў і заляцаўся да чужых жонак, а таксама правакаваў асобных гараджан да боек.
Неўзабаве цярпенне гарадскіх улад лопнула, і сваяка Радзівіла за вялікае злачынства прыгаварылі да расстрэлу.
© Sputnik / Роман ШантарРатуша
Городская ратуша в Минске - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Кажуць, што Валадковіч да апошняга жартаваў і чакаў, што Кароль Радзівіл дапаможа яму. Але ж прыгавор усё ж быў выкананы.
Гісторыя працягнулася, бо з таго часу стаў у дзень вынясення смяротнага прысуду з’яўляцца побач з Ратушай неспакойны прывід. У поўнач дзесьці адбіваецца таемны звон і паўстае празрыстая мужчынская выява, якая спрабуе наблізіцца да позняга прахожага, менавіта прымаючы таго за Пане Каханку, што так і не з’явіўся сваяку на дапамогу.

Паненка з Кальварыі

Чарговы – ўжо жаночы – прывід стаў з’яўляцца ў познюю восеньскую пару з канца 19 стагоддзя. У той час на старых Кальварыйскіх могілках адбывалася пахаванне маладой і вельмі прыгожай гараджанкі.
Чаму тая сышла з жыцця – ніхто не ведаў. Але ж ляжала тая ў труне быццам жывая.
Неўзабаве маладую дзяўчыну адпелі і пахавалі ў сямейным склепе. У хуткім часе пасля таго наведвальнікі могілак сталі чуць нейкі грукат з-пад зямлі, як быццам бы нехта просіцца наверх.
© Sputnik / Виктор ТолочкоМогілкі
Кладбище в Друе - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Праз некалькі дзён высветлілася, што дзяўчыну, якую палічылі за нябожчыцу, пахавалі жывою, калі тая знаходзілася ў летаргічным сне. Дзяўчына прыйшла ў сябе ўжо пад зямлёй, але ж выбрацца не здолела.
Амаль адразу пасля гэтага папаўзлі чуткі, што ў цёмную восеньскую ноч адзінкавыя мінчане, якія праходзілі побач з могілкамі, чулі тужлівае стагнанне, што сыходзіла ад склепа, і палохаліся празрыстай жаночай постаці, што павольна плыла да іх у паветры.
Ёсць меркаванне, што адбываецца гэта і сёння.

Белая пасія Чапскага

1905 год быў азначаны не толькі Курлоўскім расстрэлам мірных грамадзян, які, дарэчы, адбыўся 31 кастрычніка. Гэты год парадзіў адну з гарадскіх легенд, што працягвае існаваць і зараз.
Гісторыя гэтай легенды пачынаецца ў 1884 годзе, калі ў знакаміты Лошыцкі маёнтак уехаў новы гаспадар – Еўстафій Любанскі. Праз шэсць гадоў ён узяўся шлюбам з мазырскай прыгажуняй Ядзвігай Кеневіч.
© Sputnik / Роман ШантарУваход у Лошыцкі парк
Вход в Лошицкий парк - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Расказваюць, што дзяўчына мела крыху свавольны характар і мноства паклоннікаў, якія не цураліся аказваць ёй увагу. Існуе меркаванне, што з гаспадыняй Лошыцы меў зносіны і знакаміты гарадскі галава Караль Чапскі. Так гэта было, ці не зусім, але ў адзін чэрвеньскі вечар адбылося ў маёнтку таемнае здарэнне, якое так і не змаглі раскрыць.
Па чутках мясцовых жыхароў, у дзень святкавання свайго трыццаціпяцігоддзя маладая паненка была заўважана сваім законным мужам у абдымках з іншым мужчынам. Пачалася сварка, і гаспадыня збегла ў начны парк.
Да раніцы ад яе не было чуваць ніякіх звестак, і гаспадар Лошыцкай сядзібы арганізаваў пошукі сваёй жонкі. Хутка яна была знойдзена, але, на жаль, без прыкмет жыцця: у глыбокай вадзе на месцы, дзе рачулка Лоша ўпадае ў больш магутную Свіслач, жыхары і слугі маёнтка адшукалі Ядзвігу.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокЛошыца
Лошыца - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
У памяць аб сваёй каханай Еўстафій Любанскі пасадзіў абрыкос. Кажуць, што калі на ім з’яўляюцца кветкі, уначы на паркавыя сцежкі вяртаецца белая выява маладой паненкі, каб напалохаць выпадковага прахожага ці дапамагчы закаханым. Аднак сустракаюцца сведчанні, што паказваецца гэты прывід не толькі ўвесну.
Прапануем не правяраць.

Цьмяны вайсковец

Мінулая вайна, якая цяжкою хадою прайшлася па нашай зямлі, пакінула пасля сябе шмат пакалечаных лёсаў. Ды і па сённяшні дзень страшныя напаміны час ад часу ўсё яшчэ працягваюць знаходзіць. Гэта тычыцца астанкаў і нашых загінулых байцоў, і салдат варожай нямецкай арміі.
Часцяком на месцы былога бою ў пэўны час людзі заўважаюць постаці вайскоўцаў, якія раз за разам падымаюцца і ідуць у прывідную атаку.
© Sputnik / Самарий Гурарий / Перайсці ў медыябанкСавецкія войскі
Советские тяжелые танки КВ-1 выходят на позицию для атаки на Западном фронте - Sputnik Беларусь, 1920, 31.10.2022
Але здараюцца і выпадкі адзінкавых прывідаў. Так, напрыклад, у невялічкім лесапаркавым масіве паміж станцыямі метро "Усход" і "Барысаўскі тракт" час ад часу можна спаткаць постаць празрыстага вайскоўца, апранутага, як здаецца, у форму варожай арміі.
Відавочцы расказвалі, што дакладней складана разгледзець. Ды найперш, што кідаецца ў вочы, гэта цьмяны разгублены твар, які хутчэй можа напалохаць, чым зрабіць нейкую шкоду.
© Sputnik / Дзяніс ДзмітранокПрывід
Прывід - Sputnik Беларусь, 1920, 01.11.2022
Але можна пераблытаць з галодным студэнтам, які вяртаецца праз лясок з Нацыяналкі.
Будзьце ўважлівы!

Поўсць ласкавага Варгіна

Мяркуем, кожны амаль хоць раз у жыцці сустракаў чорнага ката. Зразумела, можна лічыць забабонамі байкі пра наступствы раптоўнай сустрэчы з ім. Але гарадская міфалогія настойліва прапануе напомніць і пра такога персанажа як Варгін.
Па звестках відавочцаў Варгін, ці інакш Варган, не зусім кот. Дарэчы кажучы, дэманічная істота, якая маскіруецца пад кашэчай выявай. І нездарма. З даўніх пор такое стварэнне завуць каціным каралём, і сустрэча з ім не суліць нічога добрага, бо той сваім вуркатаннем можа насылаць на чалавека вос і іншых пачвар.
© Sputnik / Наталья Селиверстова / Перайсці ў медыябанкКот
Международная выставка кошек в Москве - Sputnik Беларусь, 1920, 30.10.2023
Таксама кажуць, што калі Варгін пацёрся аб чалавека і пакінуў на ім камяк сваёй шэрсці, то чалавек неўзабаве можа цяжка захварэць.
Як сведчаць некаторыя дасведчаныя людзі, Варгін з’яўляецца раптоўна. Нечакана для прахожага ў паветры ўзнікае невялічкая цьмяная постаць, якая хутка ператвараецца ў чорнага ката. Такі "кацейка" можа выйсці насустрач проста з глухой сцяны і такім жа чынам знікнуць у ёй.
Што ж, застаецца толькі патрымацца за белы гузік і смела рушыць наперад. Ці з перасцярогай збочыць.
Чытайце таксама:
Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін
Абярэгі нашых продкаў: як выгнаць дэмана і навошта мазаць хлеў экскрыментамі
Церцюха для Дамавухі, ці як зрабіць сябрам Дамавіка
Стужка навiн
0