Зімовая "апраніха" з Варварынага куфра, або Посцім смачна з бульбянымі варэнікамі

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЖанчына ў свіце
Жанчына ў свіце - Sputnik Беларусь, 1920, 17.12.2023
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра тое, як продкі беларусаў апраналіся на Варварын дзень, тлумачыць, чым аблавуха лепей за магерку, ды раіць прыгатаваць смачныя вясковыя варэнікі з бульбяной накрыпкай.
17 снежня ў народным календары святкуюць дзень памяці пакутніцы Варвары. Згодна з народнымі ўяўленнямі ад гэтага дня павінна пачацца сапраўдная зіма – з завеямі і моцнымі маразамі. Нездарма ж продкі заўважалі:
"Прыйдзе Варвара – маразы і завараць".
Так было даўней. Цяпер жа замест снегу хутчэй дажджу дачакаешся, а моцнымі маразамі пакуль што і не пахне. Мабыць Варка "забылася" на свае абавязкі? Зусім не, бо адліга на Варвары перад надыходам вялікіх маразоў не рэдкасць. На вёсцы з гэткай нагоды прамаўлялі, што:
"Гэта Варвара варыць…".
І нават пяклі з нагоды свята пірагі з макам, якія проста-такі і называлі – "варэнне".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяны пірог з макам
Бульбяная каша з макам - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Бульбяны пірог з макам
Так пірагамі ды іншым смакоццем жанчыны залагоджвалі святую, спадзяючыся на яе заступніцтва і спагаду.
Дарэчы, у гэты дзень жанчыны не вязалі і не шылі, бо існавала павер’е, што:
"Варвара верацёнамі замучана".
Варкі, або інакш Варвары, – "бабскае"свята і дзень адпачынку. Жанчыны хадзілі ў госці, а дзеці беглі да сваіх бабуль, каб пачаставацца варэнікамі ды паслухаць гісторыі пра тое, як пакутніца Варка ў Піліпаўку "па начах рукавіцы вяжа". Дзеці слухалі, елі варэнікі, а бабуля тым часам даставала з куфра "Варчыны рукавічкі", якія сама навязала малым доўгімі піліпаўскімі вечарамі. І сапраўды – гэтай парой без рукавіц не абыйсціся ні малым, ні дарослым!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРукавіцы-верхніяткі
Рукавіцы-верхніяткі - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Рукавіцы-верхніяткі
Цікава, што на поўначы Беларусі вязаныя рукавіцы называюць "сподкі", а яшчэ "ісподкі", "верхніяткі" і "бушмолы". Выпраўляючыся на пагулянку, вячоркі ці кірмаш, на рукі надзявалі дзве пары рукавіц: спачатку ніжнія, звычайныя рукавіцы – "ісподкі", а зверху – прыгожыя, з узорамі, "верхніяткі". Калі чалавек, запрогшы каня, выпраўляўся ў лес па дровы ці ў далёкі шлях, на "ісподкі" надзявалі "бушмолы" з аўчыны.

Як апраналіся ў "варварыну" сцюжу

Золкія вятры прымушалі продкаў цёпла апранацца. А як жа іначай, бо калі "ўдарыць Варвара, беражы нос ды вуха"!
Аглядаць цёплую вопратку, ці, як яшчэ калісьці казалі, "апраніху" да зімы пачыналі яшчэ з восені. Аб неабходнасці рыхтавацца да зімовых халадоў селяніну нагадваў клапатлівы народны каляндар. Так, яшчэ ў кастрычніку на прысвятак Трыфан і Палагея ён падказваў руплівым гаспадарам: "Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа". Таму і спяшаліся – аглядалі курты, світы, бурносы, футра і кажухі, шылі ды вязалі рукавіцы, гетры, шкарпэткі, даставалі з куфраў "хусткі-абхілянкі", шапкі з аўчыны, клапаціліся аб цёплым абутку – валёнках і бурках.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясковыя валёнкі
Вясковыя валёнкі - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Вясковыя валёнкі
Таксама, каб "зберагчы вуха", для хлопчыкаў і мужчын да пачатку ХХ стагоддзя шылі цёплыя "аблавухі". Аднак да таго ж паўсюдна карысталіся і больш лёгкімі "магеркамі".
Аблавуху – традыцыйную мужчынскую шапку-вушанку – рабілі з аўчыны, або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра. Зверху яе пацягвалі цёмным сукном, да асновы прышывалі 4 крылы (вушы): пярэдняе і задняе паднімалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСелянін у аблавусе і кажуху
Селянін у аблавусе і кажуху - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Селянін у аблавусе і кажуху
Магерка ж вядомая яшчэ з XVI стагоддзя. Гэты старадаўні мужчынскі галаўны ўбор насілі раней па ўсёй Беларусі амаль круглы год. Выраблялі з валенага сукна белага, шэрага, чорнага і карычневага колеру ў выглядзе каўпака ці ўсечанага конуса вышынёй 15-20 см.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГаспадар у бурцы і магерцы
Гаспадар у бурцы і магерцы - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Гаспадар у бурцы і магерцы
Што датычыцца галаўных убораў жанчын, то, зразумела, яны былі больш разнастайныя. Круглы год паверх прычоскі пад хустку і намітку замужнія жанчыны насілі чапцы і каптуры. Шапачка-каптур мела вушкі, да якіх прышываліся стужкі для завязвання пад падбародкам.
На самай справе, каб не хварэць, нашы продкі добра ведалі, што апранацца трэба па надвор’і.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСялянка ў кажуху
Сялянка ў кажуху - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Сялянка ў кажуху
Асабліва, калі ў Варварын дзень выпраўляліся ў госці – на варэнікі!

Варвары – дзень для варэнікаў

Варэнікі любяць усе, і таму згодна з народнымі кулінарнымі традыцыямі Варвары – найлепшы дзень для іх гатавання.
Беларускай кухні варэнікі вядомыя з ХVІ стагоддзя. Традыцыйна гэтую страву гатуюць з прэснага адварнога цеста з рознымі накрыпкамі: тварожнай, бульбяной, капуснай, грыбной ды яшчэ фруктовай.
Лічыцца, што абалонка з цеста павінна быць моцнай і адначасова добра праваранай, далікатнай. Для гэтага крутое прэснае цеста без дражджэй замешваюць на ледзяной вадзе ў халодным памяшканні і тонка раскачваюць.
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяПрэснае цеста без дражджэй тонка раскачваюць
Тесто - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Прэснае цеста без дражджэй тонка раскачваюць
Накрыпку ж гатуюць такім чынам, каб у ёй пры награванні не з’явілася вадкасць. Так, згодна з гэтым кулінарным патрабаваннем, тварог папярэдне праварваюць у кіпені і перамешваюць з жаўткамі, а, напрыклад, з вішні выбіраюць костачкі, засыпаюць на некалькі гадзін цукрам і некалькі разоў адцэджваюць сок.
Каб варэнікі не развальваліся, іх швы моцна зашчыпваюць. А вось вараць у шырокай і нізкай каструлі на сярэднім агні.
Падаюць варэнікі з падліўкамі, якія адпавядаюць накрыпцы.Такім чынам ядуць варэнікі:
з тварагу – са смятанай;
яблычныя – з мёдам;
вішнёвыя – з густым сіропам;
бульбяныя – з таплёным салам;
грыбныя – з грыбным соусам, прыгатаваным на адвары.
© Photo : Public Domain / Brücke-OsteuropaПадаюць варэнікі з падліўкамі, якія адпавядаюць накрыпцы
Вареники с картошкой - Sputnik Беларусь, 1920, 15.12.2023
Падаюць варэнікі з падліўкамі, якія адпавядаюць накрыпцы
Каб прыгатаваць варэнікі, патрэбен час, і таму гаспадыня звычайна робіць іх у вялікай колькасці. Частку з іх замарожваюць у лядоўні на будучыню. Асабліва смачна іх гатуюць на Брэстчыне. Аднойчы давялося трапіць у вёску Дрочава, што знаходзіцца ў Маларыцкім раёне, дзе пашанцавала пакаштаваць варэнікі розных відаў. Сярод іх незвычайна смачнымі здаліся старажытныя вясковыя варэнікі з бульбяной накрыпкай.

Посныя варэнікі з бульбай

Спачатку трэба падрыхтаваць цеста. Робіцца гэта вельмі проста: з мукі, солі і вады (як мага больш халоднай) замешваецца цеста сярэдняй гушчыні. Пасля можна займацца бульбяной начынкай.
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
3 цыбуліны,
4 ст. л. алею,
насенне кропу,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Абабраную бульбу зварыць, патаўчы, змяшаць з падсмажанай на алеі (туку) цыбуляй. Дадаць соль, молатае насенне кропу.
Перад падачай на стол паліць алеем ці гарачым тукам.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"У Піліпаўку дзень – да палудня…", або Кулінарныя вынаходкі ў Калядны пост
"Без капусты жываты пусты!", або Старажытныя стравы з белакачаннай расліны
"Сядзіць, як гарбуза наеўшыся", або Піліпаўскія пачастункі
Стужка навiн
0