"Пачынаецца ўсё з любві…": як прызнацца сваёй другой палавінцы ў самым светлым пачуцці

© Sputnik / Владимир Федоренко / Перайсці ў медыябанкВясельныя ласункі
Вясельныя ласункі - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2024
Падпісацца
Дзеля прызнання выбранніцы свайго сэрца многія чакаюць асаблівага дня, але ў полымі пачуцця часта губляюцца. З мэтай дапамагчы закаханым, Sputnik падрыхтаваў нізку мілагучных вершаў пра любоў, каб чытачы маглі сардэчна пачытаць іх сваім "зорачкам" і "красуням".
Нішто так не падмацоўвае душэўнае памкненне, як словы гарачага прызнання!
Здзівіце ж сваю другую палавінку, прачытаўшы ёй прыгожыя радкі, што кранаюць розум глыбінёй беларускай паэзіі і дыхаюць сардэчнай споведдзю вашага пачуцця. Ці дашліце вершаваны шэдэўр у смс-паведамленні або ў сацыяльных сетках.
Sputnik шчыра дапамагае сваім чытачам у хвалюючую сардэчную хвіліну і раіць памятаць: шчасце заўсёды побач!
© Sputnik / Мария АмелинаЗорка босая йшла па зямлі. / Я хацеў ёй купіць чаравічкі...
Верующие снимали обувь и босиком ходили по ковру из свежесрезанных цветов - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Зорка босая йшла па зямлі. / Я хацеў ёй купіць чаравічкі...

Босая зорка

Зорка босая йшла па зямлі.
Я хацеў ёй купіць чаравічкі.
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.

Зорка босая йшла па расе,
і сляды яе не астывалі.
і вятры слугавалі красе.
Халады ад яе адставалі.

Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазніцца баялася дужа.
Дзе ступала, цвілі васількі,
Дзе стаяла, ўсміхалася ружа.

Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою.

Рыгор Барадулін
© Sputnik / Ганна СакаловаМне не забыцца песні той даўняе вясны...
Педагог-арганізатар майстар-класа па пляценні вянкоў Яніна Таўтын - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Мне не забыцца песні той даўняе вясны...

Александрына

Мне не забыцца песні той даўняе вясны:
– На Мурамскай дарожцы стаялі тры сасны…

Хадзілі мы, спявалі, і з песняй ты цвіла.
Александрына, помніш, якою ты была?

Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,
Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.

Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,
Сказаць, што ты лілея, – сцюдзёная ж яна.

Сказаць, што ты званочак… Ды ўсіх жа мала іх!..
Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх.

Мінула часу многа. Мне навявалі сны,
Як дзесьці на дарожцы стаялі тры сасны.

Прайшлі вясна, і лета, і восень, і зіма…
Александрына, дзе ты? Шукаю я – няма…

Пятрусь Броўка
© Sputnik / Альфред МикусТы пакліч мяне. Пазаві. / Там заблудзімся ў хмельных травах...
Рассвет на лугу - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2024
Ты пакліч мяне. Пазаві. / Там заблудзімся ў хмельных травах...

* * *

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.

І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві –
Першы поспех і першыя крокі.

Прыручаюцца салаўі,
І змяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё з любві –
Нават ненавісць і агіда…

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві.
А інакш і жыць немагчыма.

Яўгенія Янішчыц
© Sputnik / Альфред Микус...Цешыцца явар з калінаю, / Скінуўшы зімнія чары.
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
...Цешыцца явар з калінаю, / Скінуўшы зімнія чары.

Явар і каліна

Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
У сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.

Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.

Чуецца музыка дзіўная
У повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.

Янка Купала
© Sputnik / Егор Еремов / Перайсці ў медыябанкНібыта набліжацца да агню, / I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў...
Праздник летнего солнцестояния Купалье - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Нібыта набліжацца да агню, / I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў...

Каханне

Ісці к табе трывожна і спакусна,
Нібыта набліжацца да агню,
I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў,
I спапяліць цнатлівую браню.

I ўвайсці ў агонь. Пламеннем задыхацца,
Лавіць яго, і жыць і дыхаць ім.
Згарэць на попел. З попелу узняцца,
Каб зноў глытаць агню вярэдны дым.

I ачышчацца ў полымі упарта,
Згарэўшы зноў, вяртацца з небыцця,
Бо той, хто уцякае ад цябе, – не варты
I ні цябе, ні самаго жыцця.

Бо толькі так і можна жыць ва свеце:
Згарэўшы ўшчэнт, застацца зноўку жыць,
Каб пры жывым табе твой попел стылы вецер
Зайздросна мог, як памяць, варушыць.

Янка Сiпакоў
© Sputnik / Перайсці ў медыябанкЯ адракаўся, нібы здраднік, / Ад цёмных кос...
Кадр из фильма Человек родился. В роли нади Смирновой - артистка Ольга Бган, Виталий - артист Владимир Андреев - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Я адракаўся, нібы здраднік, / Ад цёмных кос...

* * *

Я прысягаў не раз, не двойчы
Не абуджаць у сэрца зноў
Тваю паходку, стан дзявочы,
Загадкавых апошніх слоў.

Я уцякаў, нібы злачынца,
З пакутнай катаргі, хутчэй,
Каб адзінотаю лячыцца
Ад варажбы тваіх вачэй.

Я адракаўся, нібы здраднік,
Ад цёмных кос.
Я голас твой
Усё глыбей, усё старанней
Хаваў у памяці сваёй.

I марна ўсё!
За мной усюды,
Сама не знаючы таго,
Ідзеш па нейкаму прысуду
Ты і ў ваду і у агонь...

За днямі дні праходзяць цугам.
А я, знаць, вымушаны век
Блукаць бяздомным валацугам
Пад ценем ласкавых павек.

Пiмен Панчанка
© Sputnik / Ilya Pitalev / Перайсці ў медыябанкТы і я: пралеска ў снах бурану, / Дрэўца вішні ў ярасным агні...
Целующиеся молодые люди в парке Музеон в Москве - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Ты і я: пралеска ў снах бурану, / Дрэўца вішні ў ярасным агні...

Ты і я

Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.

Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, –
Адкажы на вуха ўладару,

Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?

Уладзімір Караткевіч
© Sputnik / Сергей ЛескетьЧаромхі горкі пах… / Зялёных дрэў красунак… / Пялёсткі на тваіх губах – / мой пацалунак...
Снег в мае - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Чаромхі горкі пах… / Зялёных дрэў красунак… / Пялёсткі на тваіх губах – / мой пацалунак...

Нявыказаная балада

Чаромхі горкі пах…
Зялёных дрэў красунак…
Пялёсткі на тваіх губах –
мой пацалунак.

Спяшаўся я і не паспеў:
заспела ранне…
Ляснога ветру спеў –
маё прызнанне.

Прайду дажджом, з’яўлюся сном,
мільгну трывожным ценем.
Шум вяза пад тваім акном –
маё трызненне…

Куды твой шлях ні павядзе –
і я там буду.
Не азірайся
анідзе –
з табою я ўсюды…

Марыя, чуй,
Марыя, стой!.. –
варожыць ноч глухая.
А ты бяжыш… І за табой
бязмоўнае: кахаю!..

Алесь Разанаў
© Sputnik / Альфред МикусI стала мне / Так сумна, сумна ў цішыне. / Я ў сад пайшоў…
Заброшенный дом в деревне Погост  - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
I стала мне / Так сумна, сумна ў цішыне. / Я ў сад пайшоў…

* * *

Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў… Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс "Вераніка",
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.

Максім Багдановіч
© Sputnik / Сергей ЛескетьI мроіўся белы, рамонкавы луг: / ад краю да краю бялелі рамонкі...
Уборка ромашки - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
I мроіўся белы, рамонкавы луг: / ад краю да краю бялелі рамонкі...

* * *

Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гудзела, гуло ва ўсім маім целе.
А з целам была заадно і душа –
суладна яны звінелі, гудзелі.
Як мора ў бераг,
так біўся той гул
ў мае барабанныя перапонкі.
I мроіўся белы, рамонкавы луг:
ад краю да краю бялелі рамонкі.
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гуло і звінела ва ўсёй істоце.
Гуло на высокай пранізлівай ноце.
I я зразумеў –
о, шчасце! О, жах! –
што значыць той гул,
што значыць той луг.
Я быў закаханы.
Я быў, як усе мы.
I я, як звяно, уключаўся ў ланцуг
кахання, яго ўсепланетнай сістэмы…

Анатоль Вярцінскі
© Sputnik / Виталий ЧуясовЗамест сэрца – б’юцца жорны ў целе, / А замест крыві – / Вады струмень…
Водяная мельница обеспечивает собственной хлебопекарное производство - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Замест сэрца – б’юцца жорны ў целе, / А замест крыві – / Вады струмень…

Млын

З дзеўчынай развітваўся юнак,
Аддаваў яе шляхам, далінам.
– Лепш бы млынам стаць… –
Падумаў так
І зрабіўся на тым месцы млынам.
Людзі жыта носяць дзень у дзень,
А драўляны млын слухмяна меле.
Замест сэрца – б’юцца жорны ў целе,
А замест крыві –
Вады струмень…
Кажа нам паданне пра яго,
Што не можа ён з тых чараў выйсці,
Як не перамеле усяго,
Што яму належала калісьці.
Як належала яму не шмат,
Дык спадзе з яго палон драўляны,
Прыйдзе зноў ён вольны да дзяўчат,
Ні ў адну яшчэ не закаханы.
А як шмат?.. Але гадаць не след,
Бо адзін ён ведае пра тое,
Што яму належаў цэлы свет,
Як хадзіў з дзяўчынай у жытное.

Аркадзь Куляшоў
© Sputnik / Максим БогдановичЖнiвень, арэхi i жоўтыя восы, / Што замiналi цябе цалаваць...
В нынешнем году осы совсем распоясались - для спелого винограда они представляют серьезную угрозу - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы, / Што замiналi цябе цалаваць...

* * *

Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах.

Недзе на пожнi рыпелi калёсы.
Недзе натужна маторы гулi…
Грэшнае шчасце на грэшнай зямлi.
Жнiвень… Арэхi… I жоўтыя восы…

Ніл Гілевіч
© Sputnik / Vitaly Timkiv / Перайсці ў медыябанкМы ў далоні з неба зор маністы / сыплем рук суладным ускалыхам...
Метеорный поток Персеиды - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2024
Мы ў далоні з неба зор маністы / сыплем рук суладным ускалыхам...

* * *

Атруці мяне
вясновым хмелем,
Апляці мяне
рукамі цёплымі.
На дваіх з табою мы падзелім
Ноч, што льецца залатымі кроплямі.

Ап’яні мяне
дыханнем чыстым,
Ахіні мяне
прызнаннем ціхім.
Мы ў далоні з неба зор маністы
Ссыплем рук суладным ускалыхам.

Прытулі мацней,
мая абранніца.
Наталі
мае сухія вусны…
О, як хутка прыплывае раніца –
Сну і явы сонечнае вусце!..

Генадзь Бураўкін
© Photo : Tatan Syuflana...Звіняць ёй завушніцы / Ўсё пра маё каханне.
Мусульманский активист принимает участие в митинге против торговли суматранскими тиграми в Джакарте, Индонезия - Sputnik Беларусь, 1920, 08.02.2022
...Звіняць ёй завушніцы / Ўсё пра маё каханне.

Завушнiцы

О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханні!

Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань.

Але і я – упарты.
I каб свайго дабіцца,
Прасіў я шчыра майстра
Зрабіць ёй завушніцы.

На гэтых завушніцах
Я напісаў закляцце –
Усё, што не сказаў ёй,
А ў чым хацеў прызнацца.

Сягоння не ўцячэ ўжо
Ад слоў маіх гарачых
Ні ў час, калі смяецца,
Спявае або плача.

Ні ў час, калі прыляжа,
Змарыўшыся, змярканнем, –
Звіняць ёй завушніцы
Ўсё пра маё каханне.

Максiм Танк
Янка Купала і Якуб Колас - Sputnik Беларусь, 1920, 14.02.2020
Не творчасцю адзінай: каго кахалі беларускія пісьменнікі
Таксама на Sputnik:
Салодкае прываротнае зелле: як прыгатаваць беларускі шакалад
Каханне пераадолее ўсё: лепшыя вясельныя фота 2020
Максімава: за сем дзён можна і закахацца, і разлюбіць чалавека
Стужка навiн
0