Масленіца па-лоцвінску, або Галоўная страва на сырнай сядміцы
10:59 11.03.2024 (абноўлена: 11:00 11.03.2024)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБлінцы масленічныя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, што на Масленічным тыдні можна пачуць ад суседзяў, як раней рабілі сырніцу і па якіх рэцэптах лепш гатаваць бліны, каб не было сорамна перад гасцямі.
Адно з самых прыемных вясновых свят – гэта безумоўна Масленіца, якую сёлета святкуюць з 11 па 17 сакавіка.
Масленіца, Масленка, Сырніца – старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з прыродным культам пакланення плодным сілам зямлі, якія якраз адраджаюцца вясной. Галоўная накіраванасць абраду – праводзіны зімы, набліжэнне вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дабрабыту ў гаспадарцы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМасленіца прыйшла!
Масленіца прыйшла!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Масленічная завядзёнка
Зіма яшчэ дзьме ў плечы халоднымі вятрамі, бывае сыпле лёгкім сняжком, які, не далятаючы да зямлі, тае ў паветры, ды гэта не псуе святочнага настрою. Усё часцей свеціць сонейка, весела шчабечуць вераб’і, а паветра напоўнена водарам свежаспечаных бліноў.
Замест вітанняў ад суседзяў чуваць традыцыйнае:
"Сырна, маслена вам!"
А на пытанне пра стан здароўя пачуеш у адказ аптымістычнае:
"Здароўе, як масла кароў’е!"
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПаветра напоўнена водарам свежаспечаных бліноў
Паветра напоўнена водарам свежаспечаных бліноў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, у вёсцы гэтым часам пачынаюць цяліцца каровы, таму ў гаспадыні зяўляюцца лішкі малака. А вось масла і тварог, з якога рабілі знакамітую і ўжо амаль забытую сырніцу, назапашвалі яшчэ з восені. Масла салілі і захоўвалі ў драўлянай бочачцы ў халодным месцы на працягу зімы. Сырніцу ж рабілі так: тварог добра салілі і шчыльна складалі ў вялікую гліняную пасудзіну, далей яго поўнасцю залівалі растопленым маслам. Такім чынам прыгатаваная сырніца магла захоўвацца ад жніўня да лютага. На Масленіцу ў гэты салёны тварог дадавалі свежае малако і мачалі ў сырніцу скручаныя трубачкай кавалкі бліноў. Смакацень!
Любая гаспадыня пачынае рыхтавацца да Масленкі загадзя, бо масленічная кухня – справа адказная. І асабліва гэта датычыцца бліноў!
Бліны – галоўная страва на Масленіцу. Жоўценькія і круглыя, яны так нагадваюць цёплае вясновае сонейка! І нездарма, бо продкі верылі: каб далучыцца да жыватворнай моцы маладога сонца, трэба есці бліны, і чым болей, тым лепш. Цудоўная традыцыя!
© Sputnik / Альфред МикусАбрад "Чырачка" у вёсцы Тонеж
Абрад "Чырачка" у вёсцы Тонеж
© Sputnik / Альфред Микус
Будучы адной з самых старадаўніх мучных страў, бліны заўсёды кулінарны хіт на кухні! Іх ядуць халоднымі і гарачымі, тонкімі і тоўстымі, з рознымі начынкамі, са смятанай, маслам, варэннем… Ні адна з гаспадынь не скажа, што бліны простая страва. Наадварот, спрактыкаваная кухарка ведае, што блінам трэба дагадзіць. Існуе нават меркаванне: каб гэтая няхітрая страва заўсёды ўдавалася, чыгунную патэльню, якая лічыцца лепшай для выпечкі, не пазычаюць нікому, таксама мыюць вельмі акуратна – паверхня бліннай скаварады павінна быць ідэальнай як люстэрка!
Менавіта тады і спячэцца дасканалы блін, які, да таго ж, у разуменні вясковай гаспадыні павінен быць яшчэ і "пышным"!
Як жа спячы сапраўдны пышны блін? Дбайныя гападыні ведаюць, як не забываюцца на гэта і ў старажытнай беларускай вёсцы Семежава (Мінская вобласць):
"Блінцы як жа ж, пякуць! Сыроватка трэ каб была, пасоліш яе, раскалотваеш, каб пышненькія былі, харошыя… А ў нас у Семежаве ўсё врэмя блінцы былі. Соды шчэ ў сыроватцы, ці ў кіпячай вадзе растварыць, каб былі пышныя, чыстыя, да харошыя напячэш, смачныя, а яшчэ авечым лоем, от у свінні жыр, а ў авечкі лой, то яго ў місцы патопіш, ды зверху намажаш… але ж смачна!" (паводле "Народнай кухні Семежава").
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАржаны блін
Аржаны блін
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Бліны па-лоцвінску
Штогод выпяканне бліноў на Масленічым тыдні ператвараецца ў маленькае свята. Асабліва, калі ў пошуках беларускіх кулінарных скарбаў знаходзяцца чарговыя цікавыя рэцэпты неверагодных "сырна-масленых" смакалікаў.
Даспадобы прыйшліся блінныя масленічныя рэцэпты, якія сабралі мае даўнія сяброўкі з вёскі Лоцвіны, што ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Гэтыя вясковыя гаспадыні ўтварылі клубнае аб’яднанне "Лоцвінскія ўдалухі", яны збіраюць мясцовыя кулінарныя рэцэпты і шчыра дзеляцца імі на мясцовых і рэспубліканскіх святах.
Вось некалькі лоцвінскіх рэцэптаў бліноў да Масленічнага тыдня.
Масленічныя бліны
З чаго гатаваць:
500 г пшанічнай мукі,
3 яйкі,
750 мл малака,
30 г дражджэй,
50 г алею,
2 ст. л. цукру,
сметанковае масла,
соль (да смаку).
Як гатаваць. Малако падагрэць, адліць палову і змяшаць з дражджамі. Дадаць соль, цукар, яйкі і перамяшаць. У міску паступова дадаць муку і перамяшаць да аднароднай масы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЦеста на сонечны блін
Цеста на сонечны блін
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Паставіць цеста на 20 хв. у цёплае месца. Калі цеста падымецца, уліць астатняе малако і перамяшаць.
Выпякаць бліны на гарачай патэльні, змазанай алеем. Кожны блін, пакуль гарачы, змазваць сметанковым маслам і складаць у стос.
Да бліноў падаюць мёд, варэнне ці смятану.
Блінчыкі "Вясёлая кампанія"
З чаго гатаваць.
0,5 л кефіру,
1 яйка,
2 ст. л. цукру,
0,5 ч. л. соды,
1 ст. л. алею,
мука (па патрэбе),
соль (да смаку),
Як гатаваць. У кефір дадаць яйка, соду, соль, цукар і перамешваць, узбіваючы. Паціху ўсыпаць муку, каб атрымалася рэдкае цеста.
Спечаныя на алеі блінцы выкласці паасобку на талеркі і ўпрыгожыць: смятанай намаляваць смешныя тварыкі, замест вачэй пакласці цукаты ці марожаныя ягады.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПышныя бліны на абрусе
Пышныя бліны на абрусе
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Блінныя трубачкі
З чаго гатаваць:
2 шк. малака,
3 яйкі,
1 ст. л. алею,
1 шк. пшанічнай мукі,
2-3 ст. л. мёду.
1 ч. л. солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБлінныя трубачкі
Блінныя трубачкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Замясіць цеста з малака, яек, мукі і солі, у 1/3 шк. цёплай гатаванай вады развесці мёд, уліць у цеста і перамяшаць.
Выпякаць з абодвух бакоў на алеі.
Цешчыны бліны
З чаго гатаваць:
мука (па патрэбе),
яйкі (некалькі),
малако (для добрага цеста),
курынае мяса (да смаку),
смажаная бульба (да смаку),
салёныя агуркі (да смаку),
2 зубкі часнаку,
1 ч. л. перцу,
200 г маянэзу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБліны са смажаным салам ды цыбуляй
Бліны са смажаным салам ды цыбуляй
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Спячы бліны з рэдкага цеста на малаку, яйках і пшанічнай муцэ.
Нарэзаць мяса саломкай і абсмажыць, агуркі нацерці на бурачную тарку.
Прыгатаваць соус: у міску выліць маянэз, дадаць выціснуты часнок, перац, лімонны сок і перамяшаць. На кожны блін пакласці крышку мяса, бульбы, агуркоў. Паліць сталовай лыжкай соусу і звярнуць рулецікам.
Паставіць у халоднае месца на некаторы час, каб прапіталіся соусам.
Блінчыкі з тварагом выгодскія
З чаго гатаваць:
3 шк. малака,
2 шк. мукі,
1 шк. крухмалу,
сметанковае масла,
тварог,
смятана,
цукар.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБлінчыкі з тварагом на Масленіцу
Блінчыкі з тварагом на Масленіцу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Малако размяшаць з мукой і крухмалам. Спячы тонкія бліны.
Тварог змяшаць з цукрам, смятанай і яйкамі. У бліны ўкладаць тварог і скручваць бліны канверцікам ці трубачкамі.
Скласці бліны ў гаршчок, наверх пакласці скрылікі сметанковага масла. Паставіць у печ (духоўку) і запякаць 10-15 хв.
Вясёлай вам Масленіцы і смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБлінцы з салам
Блінцы з салам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Сустракаем Абертас, або Цялячыя пяшчоты на сакавіцкай кухні
"На Аўласа коні ды каровы да ласкі ласыя", або Кулінарныя звычаі продкаў
"Без хлеба яда – да парога хада…", або Агаціна свята