Абед для Хатніка, або Бульбяныя стравы на вясковым стале
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульба з мазёхай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае, што рабілі продкі, каб пры пераездзе ў новую хату не спалохаць Дамавіка, як гаспадарам не раззлаваць Падпечніка незнарок і чым любіць паласавацца нябачны хатні памочнік, а таксама звяртаецца да вясковых далікатэсаў з бульбы.
У народным календары 14 красавіка пазначаны як дзень "абуджэння дамавіка". Дамавік, або інакш Хатнік, – бадай адзін з самых вядомых хатніх духаў, які здаўна лічыцца апекуном дому і, быццам бы, ёсць там, дзе жывуць людзі.
Хатнік, Дамавік, Гаспадар, Хазяін, Дзядзька, Падпечнік – дух хаты, які ў беларускай міфалогіі цесна звязаны з уяўленнямі аб гаспадарчым дабрабыце сям’і і продках (паводле энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія").
Некаторыя сяляне вераць, што калі наладзіць з ім нейкім чынам зносіны, то ён можа спрыяць у гаспадарчых справах. Дарэчы, у народзе дагэтуль існуе шэраг народных звычаяў, звязаных з гэтым духам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяІснуе меркаванне, што дамавікам да спадобы лугавыя кветкі
Існуе меркаванне, што дамавікам да спадобы лугавыя кветкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У кожнай хаце – па Хатніку
Нашы продкі верылі, што нябачныя людзям у кожнай хаце жывуць са сваімі сем’ямі Хатнікі. Яны п’юць, ядуць, сумуюць і радуюцца, нараджаюцца, жэняцца і паміраюць – амаль усё як у людзей!
У народзе сцвярджалі, што пры асаблівых абставінах духі хаты могуць паказвацца сапраўдным гаспадарам: ці то ў чалавечым абліччы, ці то як чорны калматы сабака, ці то ў выглядзе вужа. Таму, каму пашанцавала ўбачыць Хатніка, апісвалі яго як сытага, сярэдняга росту чалавека з сівой шырокай барадой, прыгожым, лагодным тварам, круглымі блакітнымі вачамі і доўгімі сівымі валасамі. А яшчэ кажуць, што Хатнік часта бывае падобны да гаспадара хаты, у якой ён жыве.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбрадавыя лялькі-дамавікі
Абрадавыя лялькі-дамавікі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Па сведчаннях вясковых гаспадароў, апранаецца Хатнік заўсёды па сезону, але ў адрозненні ад людзей ніколі не носіць абутку і шапкі. Спіць на печы, або пад печчу, таму і называюць яго часам Падпечнікам. Ён цудоўны гаспадар і прачынаецца вельмі рана – трасе пеўня, каб гаспадары не праспалі ўзыход сонца. І сапраўды, маючы гаспадарку, толькі паспявай паварочвацца бо, як кажуць, добраму гаспадару работа сама ў рукі ідзе. І калі справы ладзяцца, то гэта не іначай як Хатнік спрыяе.
Чакалі ладу і ў новым доме пасля яго будаўніцтва, а для гэтага са старой хаты ў адмысловым лапці гаспадара сімвалічна перавозілі Хатніка. Чаму? Лічылася, што хата, у якой няма Дамавіка, паступова пачынае разбурацца.
© Sputnik / Артем КирьяновХата, у якой няма Дамавіка, разбураецца
Хата, у якой няма Дамавіка, разбураецца
© Sputnik / Артем Кирьянов
Аднойчы з рэхам такой даўняй падзеі давялося сутыкнуцца на малой Радзіме: сваякі падчас рамонту ў доме майго прадзеда, які быў пабудаваны ў 1918 годзе і цяпер ім належыць, знайшлі на гарышчы ля пячнога коміна самотны лапаць, які адтуль прыбралі з-за непатрэбнасці.
Зразумеўшы, чаму той лапаць трапіў на гарышча, распавяла сваякам пра стары звычай – і рэч вярнулася на сваё месца, як памяць у гонар прадзеда, які, напэўна, стараўся з Хатнікам сябраваць.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСа старой хаты ў новую Хатніка гаспадары заўсёды перавозілі ў адмысловым лапці
Са старой хаты ў новую Хатніка гаспадары заўсёды перавозілі ў адмысловым лапці
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Што ў Дамавіка наўме?
Так здаўна павялося, што Хатнік можа выканаць жаданне. Продкі меркавалі, што для гэтага трэба ўпотай (без сведкаў) услых выказаць сваё пажаданне. І тады быццам бы Хатнік у межах гаспадаркі будзе рабіць, што загадана – мыць сцены, чыніць мэблю, шыць, прасці, малаціць і шмат што іншае.
А яшчэ гэты дух можа быць вельмі ласкавы: сваіх любімцаў ён гладзіць па галаве, закручвае кудзеры, заплятае косы, а, калі тыя спяць, дык адганяе ад іх мух. Адначасова Дамавік сцеражэ дом і дабро, папярэджвае аб пажары, крадзяжах і хваробах. Даведацца пра гэта можна, калі ў хаце ноччу раптоўна пачуецца нейкі нечаканы грукат, смех, плач або здараецца нешта дзіўнае – мяркуецца, што менавіта так Хатнік звяртае на нешта ўвагу.
Кажуць, Дамавік – вельмі добры сем’янін, і таму сам любіць дружную сям’ю. Дарчы, як і яго і жонка Дамавуха – нізенькая, кругленькая, як хлебная кадачка кабета. Яна першая, хто спрыяе ў хатніх справах увішнай гаспадыні: падпальвае агонь у печы, сочыць за гатаваннем страў, дапамагае хадзіць за дзецьмі, калыхае іх ў люльцы, лекуе чароўнымі зёлкамі, якія дапамагаюць хутчэй здаравець.
© Sputnik / Альфрэд МікусДамавуха спрыяе ў хатніх справах увішнай гаспадыні: падпальвае агонь у печы, сочыць за гатаваннем страў, калыхае дзяцей у люльцы
Дамавуха спрыяе ў хатніх справах увішнай гаспадыні: падпальвае агонь у печы, сочыць за гатаваннем страў, калыхае дзяцей у люльцы
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Аднак да таго ж, Хатнікі – духі сур’ёзныя, яны зусім не прымаюць розныя звады ў сям’і і могуць з выхаваўчых мэт крыху шкодзіць сямейнікам. Так, калі гаспадыня не сочыць за парадкам у хаце, то кажуць, што Дамавуха ў прыгатаваную ежу можа падкінуць зёлку "свірэпку", ад якой у хаце можа здарыцца сварка. Да Дамавухі далучыцца са сваімі "жартачкамі" і Хатнік, які пільна назірае за справамі гаспадара. Калі ж гаспадыня і гаспадар, зразумеюць у чым справа і выправяцца, то ўсё хутка наладзіцца.
Наогул, продкі лічылі Дамавіка добрым духам і ставіліся да яго з павагай, бо меркавалі, што дапамога, дабро, атрыманае ад яго, не прападзе дарэмна.
А яшчэ на вёсцы захавалася перакананне, што Хатнік баяўся чарцей, а таксама крыўдзіўся, калі яго называлі нячысцікам. Ды й святы Ілля, па продкавых уяўленнях, спагадліва ставіўся да Дамавіка і не палохаў яго перунамі. З гэткай нагоды старажытныя беларусы казалі:
"Хатнік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў".
З даўніх часоў, каб дагадзіць Хатніку, продкі ладзілі невялічкае сямейнае свята са спевамі, музыкай, танцамі і, вядома ж, абедам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбед з яечняй
Абед з яечняй
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ласуемся разам з Дамавіком
Жыхары беларускай вёскі прыкмячалі, што нашы Дамавік з Дамавухай – сапраўдныя "бульбашы", бо любяць ласавацца стравамі з бульбы. Так, любімая ежа жонкі Хатніка – вараная бульба з малаком ці квасам. Ведаючы аб гэтым, добрыя гаспадары, каб дагадзіць сваім нябачным памочнікам, ставілі для іх посуд з пачастункам у клець.
Аднак і пра сябе нельга забываць – вось некалькі добрых бульбяных рэцэптаў, якія падыдуць як дамавікам, так і гаспадарам!
Піражкі бульбяныя з грыбамі
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
100 г сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
2 яйкі,
0,5 шк. паніровачных сухароў,
4 ст. л. сметанковага масла (алею),
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПіражкі бульбяныя з грыбамі
Піражкі бульбяныя з грыбамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраную бульбу зварыць, падсушыць, патаўчы, дадаць 1 ст. л. масла (алею), 1 яйка і ўсё вымешаць. Загадзя замочаныя грыбы зварыць, дробна пасячы, перамяшаць з дробна нашаткаванай і падсмажанай на алеі або масле цыбуляй, соллю і перцам.
Ад бульбяной масы сталовай лыжкай аддзяліць часткі і на далоні фарміраваць невялікія плоскія кружкі, у сярэдзіну якіх укладаць грыбную накрыпку, краі цеста зашчыпаць. Гатовыя піражкі абмакнуць ва ўзбітае яйка і абсмажыць у разагрэтым на патэльні масле.
Запяканка з бульбы і яек
З чаго гатаваць:
800 г бульбы,
4 яйкі,
50 г цвёрдага сыру,
60 г тлушчу,
0,25 шк. малака,
шчопаць зеляніны пятрушкі (кропу),
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяная запяканка
Бульбяная запяканка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Бульбу зварыць у лупінах, абабраць, парэзаць кружочкамі, абсмажыць на тлушчы, выкласці ў форму, змазаную тлушчам. Узбіць яйкі, дадаць старкаваны сыр, соль, перац, пасечаную зеляніну пятрушкі ці кропу, заліць бульбу і паставіць у духоўку на 7-10 хв.
Галкі бульбяныя, фаршыраваныя грыбамі
З чаго гатаваць:
1,2 кг бульбы,
40 г сушаных грыбоў,
1 цыбуліна,
1 яйка,
1 ст. л. мукі,
1 ст. л. паніровачных сухароў,
3 ст. л. топленага масла,
0,5 шк. смятаны,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяныя галкі
Бульбяныя галкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Старкаваць абабраную бульбу, адціснуць, дадаць яйка, соль, перамяшаць. Замочаныя ў вадзе ці малаку грыбы прамыць, адварыць, дробна нарэзаць і абсмажыць на масле з нашаткаванай цыбуляй, дадаць перац, пасаліць. З бульбяной масы сфарміраваць галкі, зрабіць у іх паглыбленне, запоўніць яго грыбным фаршам. Укачаць галкі ў муку, перамяшаную з сухарамі, і абсмажыць. Перакласці ў гаршчок, або форму для запякання (калі гатуеце ў духоўцы), заліць смятанай і патушыць.
Смачна есці і лагодных вам Дамавікоў!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяныя стравы – самыя смачныя!
Бульбяныя стравы – самыя смачныя!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Жораў – з цяплом, а гаспадар – з "камом", або Сустракаем Саракі на кухні і ў полі
"Калі рыбна, дык і юшна!", або Рыбны дзень каля хатняй печы
"Сядзіць, як гарбуза наеўшыся", або Піліпаўскія пачастункі