Карыснае пустазелле з майскіх градак, або Сакавітыя стрэлкі ў аптэчцы і на кухні

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСалата са стрэлкамі
Салата са стрэлкамі - Sputnik Беларусь, 1920, 23.05.2025
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра вітамінную зеляніну на вясковым агародзе і яе перавагі ў беларускім рацыёне, раскрывае лекавыя ўласцівасці звычайных стрэлак і раіць прыгатаваць з іх па старажытных рэцэптах пажыўны майскі суп і раскошную салату.
Халодны май сёлета цалкам адпавядае народнай прымаўцы: "Май – каню сена дай, а сам на печ уцякай". І хоць навокал зелена і ўсё квітнее, увечары хочацца трымацца цёплай печы. Начныя прымаразкі падсапсавалі настрой агароднікам, якія, спадзеючыся на цёплы апошні вясенні месяц, паспяшаліся высадзіць цеплалюбівыя культуры ў зямлю.
Затое пустазеллю майскі мароз не страшны – яно красуе і просіцца на талерку!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтрэлкі на майскіх градах
Стрэлкі на градах - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
Стрэлкі на майскіх градах

Зялёныя лекі і ежа

Гатаваць з лебяды, макрыцы, сніткі, дзядоўніка і іншых дзікаросаў – справа падобная да гастранамічнага падарожжа ў краіну забытых смакаў. Бо, нягледзячы на тое, што калісьці кожная з гэтых усім вядомых раслін часта і трывала ўжываліся ў ежу, у другой палове ХХ стагоддзя яны амаль зніклі з вясковага меню.
Прыемная на смак і карысная для здароўя чалавека маладая зеляніна, багатая на мінералы і вітаміны, шчодра прапануецца прыродай. Варта толькі зрабіць смелы крок і пачаць гатаваць нязвыклае. Дарэчы, вучоныя лічаць, што для нармальнай жыццядзейнасці на працягу года чалавек павінен спажыць 3-7 кг зяленіўных культур. Вядома ж, сярод гэтых раслін сёння пераважна сустракаецца такая гародніна, як салата, шпінат, шчаў’е, спаржа і іншая сакавітая зеляніна. Але ў той перыяд, калі іх яшчэ няма, добрым дадаткам на кухні з’яўляюцца блізкія да іх ядомыя дзікарослыя культуры.
Адраджаючы забытыя смакі нашых продкаў, без прыгод не абысціся. Не адкідваючы ўбок вядомыя многім крапіву, лебяду і шчаўе, прапаную сёння пазнаёміцца з раслінай, якая часта сустракаецца на градках. У народзе яна вядома пад рознымі назвамі: "стрэлкі звычайныя", "палявая грачыха", "чарвічнік" і "клопікі". Лацінская назва гэтай лекавай расліны, якая па-руску завецца "пастушья сумка", гучыць як Capsella bursa-pastoris.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяУ народзе стрэлкі вядомыя пад рознымі назвамі: "палявая грачыха", "чарвічнік" і "клопікі"
Стрэлкі звычайныя - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
У народзе стрэлкі вядомыя пад рознымі назвамі: "палявая грачыха", "чарвічнік" і "клопікі"
У якасці лекавай сыравіны стрэлкі збіраюць падчас цвіцення ў маі-ліпені. Сушаць у памяшканнях, якія добра праветрываюцца. Прэпараты стрэлак маюць кроваспыняльнае і гіпатэнзіўнае дзеянне. Настоі на іх аснове ўжываюць пры павышаным артэрыяльным ціску, пры парушэнні абмену рэчываў, захворваннях печані, нырак, мачавога пузыра, хваробах сэрца. Звонку прыкладаюць да выцятых месцаў і ран.
Цікава, што ў Японіі і Кітаі стрэлкі ўжываюцца як вітамінны сродак і адначасова вырошчваюцца на агародах для прыгатавання супоў, баршчоў, пюрэ.

Гатуем са стрэлак

У Беларусі ж стрэлкі наўмысна на агародзе ніхто не садзіць, бо яны і самі добра паўсюдна растуць. Але й беларусам здаўна вядома нямала добрых рэцэптаў гатавання гэтай расліны: стрэлкі ядуць варанымі, смажанымі, сырымі, лісце сушаць, соляць, дадаюць у якасці гарніру да страў з мяса і рыбы, у супы і соусы. Дарэчы, акрамя маладой зеляніны ў ежу выкарыстоўваюць і молатае насенне ў якасці прыправы да мясных і рыбных страў.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМаладое лісце стрэлкі звычайнай
Маладое лісце стрэлкі звычайнай - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
Маладое лісце стрэлкі звычайнай

Суп са стрэлак

З чаго гатаваць:
50 г маладога лісця стрэлак,
100 г бульбы,
10 г цыбулі рэпкі,
20 г смятаны,
10 г масла вяршковага (тлушчу),
500 г вады,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСуп са стрэлкамі
Суп са стрэлкамі - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
Суп са стрэлкамі
Як гатаваць. У ваду, якая кіпіць, пакласці нарэзаную кубікамі ці скрылікамі бульбу, давесці да кіпення.
Накрышыць цыбулю і падсмажыць яе на масле (тлушчы) разам з нарэзанай зелянінай стрэлак. Дадаць усё гэта да бульбы і пасаліць. Варыць 7-10 хв.
Перад падачай заправіць смятанай.

Салата са стрэлак

З чаго гатаваць:
60 г маладога лісця стрэлак,
60 г зялёнай цыбулі,
30 г лісця салаты,
20 г любога алею,
1 зваранае яйка,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСалата са стрэлкамі
Салата са стрэлкамі - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
Салата са стрэлкамі
Як гатаваць. Маладое лісце стрэлак прамыць, дробна скрышыць, перамяшаць з нарэзаным пяром цыбулі і салаты, дадаць скрышанае яйка, пасаліць і заправіць алеем (можна льняным) або смятанай (маянэзам).

Прыправа з насення стрэлак

З чаго гатаваць:
насенне стрэлак (па патрэбе).
Як гатаваць. Насенне сушаць, мелюць да стану парашку (можна у кавамолцы).
Выкарыстоўваюць як гарчыцу да мясных і рыбных страў.
Смачна есці і не хварэць!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясенняя зеляніна
Вясенняя зеляніна - Sputnik Беларусь, 1920, 16.05.2025
Вясенняя зеляніна
Чытайце таксама:
"Як машкара ўецца, так і ўраджай даецца…", або Майская кулінарыя з ганцавіцкім каларытам
"Май халодны – не будзеш галодны…", або Як прыгатаваць вясковае смакоцце з талакна
"У сваім гародзе роўны ваяводзе…", або Майскія клопаты са смакам аўсянай кухні
Стужка навiн
0