"На Саракі дзень з ноччу мераецца…", або "Жаваронкі" з печы ратуюць ад зімы і галечы

© Sputnik / Инна Гришук
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае аб рэлігійнай і народнай этымалогіі свята "Саракавіке", раскрывае таямніцу яго сакральных традыцый і прапануе прыгатаваць абрадавае поснае печыва ў форме птушкі па старажытным беларускім рэцэпце.
Сапраўдная вясна пачынаецца са звонкіх спеваў жаваранка, але ў вялікім горадзе іх не пачуць. А хочацца апынуцца ў полі, заплюшчыць вочы і, падставіўшы твар сонечным промням, слухаць вясну.
Наўздагон вясноваму раўнадзенству разам з першымі сакавіцкімі птушкамі прыляцела свята Саракі, якое адзначаюць 22 сакавіка.

Птушкі вясну нясуць
© Sputnik / Кирилл Каллиников
У народзе з гэткай нагоды калісьці казалі:
"На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".
Згаданае выслоўе захавалася нездарма, бо ў царкоўным календары гэты дзень прысвечаны Сарака пакутнікам Севасцейскім. Драматычная гісторыя распавядае пра рымскіх воінаў, якія адмовіліся адрачыся ад веры ў час праўлення імператара Лікінія. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера (сучасная Турцыя) і спакушалі тым, што на беразе была растоплена лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але смерць напаткала яго на парозе. Тады адзін з вартаўнікоў, уражаны мужнасцю і верай астатніх пакутнікаў, далучыўся да іх.
Сорак птушак вясну нясуць
Цікава, але ж у некаторых раёнах Беларусі свята насіла назву "Саракавіке". Раней – па старым стылі – яго адзначалі ў канцы першай дэкады сакавіка і звязвалі з прылётам птушак:
"Дзясятага марца Саракавіке – гэта з цёплых старон прылятае сорак птушак".

У некаторых раёнах Беларусі свята насіла назву "Саракавіке"
© Sputnik / Альфред Микус
Стагоддзі таму існавала пэўнае правіла: калі Саракі прыпадалі на будны дзень, то яго на вёсцы не лічылі святочным і працавалі, бо кожны вясновы дзень год корміць: "Саракі – не свята, расаду сеюць". Ды і стан надвор’я прыспешвае: цёплыя дзянькі і марозныя ночкі падрыхтоўваюць глебу да ворыва, пра што продкі заўважалі:
"Святыя Саракі – ў поле саху валакі",
бо
"На Саракі пагоне снех да ракі…".

"Святыя Саракі – ў поле саху валакі..."
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А ў Шчучынскім раёне, што на Гродзеншчыне, да таго ж назіралі за надвор’ем і меркавалі, якое яно будзе далей:
"Саракавіке – пад Вялікадня, калі мароз, то сорак маразоў, як водліга, то не будзе маразоў".
Калі ж святочны дзень прыпадаў (як сёлета) на нядзельку, то асабліва пасля абеду стараліся адпачыць ды паслухаць жаўруковыя спевы. Так, у старажытнай вёсцы Груздава, што ў Пастаўскім раёне Віцебшчыны, старыя людзі ўзгадвалі старажытныя вясновыя завядзёнкі:
"Даўней зберуцца святам, гавораць, дзе што сеяць будзім, платы гарадзіць, гавораць, калі касіць будзім, калі жыта вазіць – усё гавораць" (паводле выдання "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі").

"Жавароначкі прыляціце..."
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Сядзяць гэтак старыя на прызбе, вядуць ладком адвечную гаворку ды сочаць за малымі, якія ў гэты сонечны дзень босыя выбягалі на двор, падкідаючы ўгару маленькія булачкі – "жаваронкі" – і спяваючы:
"Жавароначкі прыляціце, цёпла лецейка прынясіце!"
Лічылася, чыя булачка падляціць вышэй, той на працягу года здаравейшы будзе. Ды яшчэ меркавался, што такое печыва хутка паспрыяе дабрабыту ў хаце.

Абрадавае печыва на Саракі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Жаваронкі" на вясновай кухні
І, сапараўды, як жа не браць прыклад з маленькай, мужнай птушачкі, якая не баіцца халадоў ды сваім звонкім спевам абуджае прыроду! А каб сённяшняе старажытнае свята надоўга засталося ў памяці, ёсць магчымасць напячы тых самых "жаваронкаў" па посным продкавым рэцэпце.

Птушкі з цеста
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Булачкі "жаваронкі"
З чаго гатаваць:
0,5 л вады,
6-8 шк. мукі,
30 г свежых дражджэй,
некалькі разынак,
0,5 шк. алею,
0,5 шк. цукру,
1 ч. л. солі.

Цеста для стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зрабіць дражджавое цеста, раскачаць у валік і падзяліць яго на 40 роўных частак.
З кожнага кавалачка зрабіць валік даўжынёй у 15 см. Завязаць яго вузлом і сфармаваць з аднаго канца галоўку з дзюбкай і вочкамі, а з іншага хвосцік. Яго варта расплюшчыць і зрабіць некалькі надрэзаў нажом. Вочкі робяць з пакрышаных на дробныя кавалачкі разынак (замест іх можна скарыстацца зярняткамі грэчкі.
Затым на вышмараваную алеем бляху выкласці булачкі і паставіць у цёплае месца, каб "жаваронкі" крыху "падраслі". Пасля гэтага змазаць булачкі алеем, паставіць бляху з "птушкамі" ў прагрэтую да тэмпературы 180 градусаў печ (духоўку) і выпякаць 20-25 хв.

"Жаваронкі" з цеста
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Гатовую выпечку зняць з бляхі, злёгку апырскаць вадой, накрыць ільняной сурвэткай і пакінуць на 10-15 хв. Вось цяпер "жаваронкі" можна падаваць на стол.
Вясёлага свята і смачна есці!

Свістулькі для вясновага гукання
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе…", або Гатуем з бручкі посныя прысмакі
"Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас…", або Узбагачаем пост 200-гадовымі стравамі