"Сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе…", або Гатуем з бручкі посныя прысмакі

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРаслінныя галушкі з цыбуляй
Раслінныя галушкі з цыбуляй - Sputnik Беларусь, 1920, 07.03.2026
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра карысныя ўласцівасці звычайнай бручкі і прапануе па старажытных рэцэптах прыгатаваць гэтую пажыўную расліну ў глазуры ды патушыць з морквай і цыбуляй.
У прадчуванні хуткага надыходу вясны яшчэ ў канцы лютага прыляцелі гракі. Па-гаспадарску аглядаючы свае гнёзды, яны бы нагадалі наваколлю, што час адкінуць у бок зімовы сон і прыступіцца да вясновых клопатаў. Вядома ж, кожнаму свае турботы: птушкам гнёзды віць, а гаспадыням абед варыць!
"Сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе!"
Так у народзе казалі, характарызуючы першы вясновы месяц.
З першых дзён сакавіка ўсталявалася цёплае надвор’е і глыбокія снежныя сумёты пачалі таяць, ператвараючыся ў імклівыя ручаі. Усё часцей усміхаецца з нябёсаў сонейка, ад гэтага настрой робіцца весялейшы і хочацца часцей бываць на двары.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПад сакавіцкім сонцам вясну не спыніць!
Сакавіцкае сонца прыгравае - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
Пад сакавіцкім сонцам вясну не спыніць!
І ўсё ж яшчэ зімна: начныя прымаразкі нагадваюць, што да сапраўднага вясенняга цяпла яшчэ далёка, маўляў, апранайцеся цяплей, бо "марац шчыпле за паляц". Бывае і так, сярод яснага неба раптам наляціць цёмная хмара ды сыпане мокрым снегам на зямлю. Тады кажуць, што гэта зіма "злуецца ды змятае палаткі". Але ўсё гэта часова, бо вясну не спыніць. І, пакуль зямля яшчэ пад снягамі, самы час паклапаціцца аб набыцці насення традыцыйнай для беларусаў агародніны, без якой ніводная сялянская страва не абыходзіцца.
Працягваецца Вялікі пост і перад гаспадыняй адвечная задача – як сытна і смачна накарміць гэтай парой сваю сям’ю. Цяпер патрэбную агародніну лёгка набыць у краме, а даўней усё патрэбнае было з гаспадыняй побач.
Гартаючы старыя кулінарныя кнігі, аматары беларускай кухні могуць знайсці безліч смачных вясенніх страў, якія гатуюцца са звычайнай бручкі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБручка буяе
Бручка буяе - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
Бручка буяе
Аднак, каб прыгатаваць што-небудзь з гэтай агародніны, раней у вёсцы трэба было добра пакарпець. Дарэчы, за савецкім часам вырошчванне бручкі было ўласціва не толькі для асабістых градак, але і для калектыўнай гаспадаркі.
Так, перад вачамі паўстаюць успаміны, як працуючы ў калгасе бабуля брала нас з сястрой "у брыгаду рваць бручку". Адбывалася гэта звычайна ў чэрвені, калі расада гэтай расліны ўжо была гатова для перасадкі. Калгасніцы збіраліся на невялікім полі, дзе была пасеяна дадзеная культура. Гатовую расаду жанчыны складалі ў скрынкі. Далей агародніну садзілі, палолі, а восенню рвалі – і нарэшце яна трапляла на стол.

Дазвольце пазнаёміцца, бручка!

Бручка – блізкая сваячка капусты і рэпы. Яна вядома чалавецтву з вельмі далёкіх часоў, бо ўжо тысячы гадоў таму першапачаткова ўжывалася ў якасці корму для жывёл ды народных лекаў. Пазней, у часы сярэднявечча, у краінах Заходняй Еўропы бручка прыжылася як харчовая расліна, а вось у Англіі бручка, прыгатаваная з мясам, стала нават нацыянальнай стравай.
У Расію бручку сталі вырошчваць у ХІV ст. Амаль адначасова з’явілася яна і ў Беларусі. Нашым продкам гэтая гаспадарчая расліна спадабалася сваёй непатрабавальнасцю да суровых кліматычных умоў і сваімі пажыўнымі якасцямі. З таго часу ўжо некалькі стагоддзяў запар бручку тушаць, пякуць, смажаць, параць, гатуюць супы і ядуць у свежым выглядзе.
CC BY-SA 3.0 / Seedambassadors / З восені да пачатку вясны стравы з бручкі ўваходзілі ў сялянскае меню
Брюква - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
З восені да пачатку вясны стравы з бручкі ўваходзілі ў сялянскае меню
Цікава, што па колькасці вітамінаў і мінеральных рэчываў бручка лічыцца больш карыснай харчовай раслінай, чым буракі, капуста, цыбуля, агуркі і іншыя агародныя культуры.
Да таго ж салодкая бручка добра захоўваецца і таму стравы з яе вельмі дарэчы ў пост. Асабліва, калі гатаваць па старадаўніх рэцэптах!

Бручка ў глазуры

З чаго гатаваць:
некалькі бручак,
2 ст. л. цукру,
1 ст. л. алею,
3-4 ст. л. булёну,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДля стравы спатрэбяцца некалькі бручак
Свойская бручка - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
Для стравы спатрэбяцца некалькі бручак
Як гатаваць. Адабраць некалькі бручак (дарэчы, калі бручкі няма, то страву можна прыгатаваць з капусты кальрабі ці рэпы). Нарэзаць абабраныя караняплоды кружочкамі. Варыць у падсоленым кіпені 15 хв. Калі гародніна падчас варкі застаецца цвёрдай – у ваду трэба дадаць крыху соды. Пасля адцадзіць.
Добра змазаць форму алеем (вяршковым маслам, калі не ў пост), выкласці ў яе кружочкі бручкі, пасыпаць цукрам, пакрапіць булёнам, у якім варылася гародніна.
Запякаць у печы (духоўцы), пакуль кружочкі бручкі не стануць румянымі.

Бручка, абсыпаная сухарыкамі

З чаго гатаваць:
некалькі бручак,
1 ст. л. алею,
2 ст. л. цёртых сухарыкаў.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗамест бручкі страву можна прыгатаваць з капусты кальрабі
Капуста кальрабі - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
Замест бручкі страву можна прыгатаваць з капусты кальрабі
Як гатаваць. Пачысціць бручку (або кальрабі), парэзаць кружочкамі і варыць у падсоленай вадзе.
Гатовую бручку адцадзіць, выкласці ў форму для запякання, абліць алеем з сухарыкамі (не ў пост можна выкарыстаць растопленае масла) і запячы.

Бручка, тушаная з морквай і цыбуляй

З чаго гатаваць:
1 бручка,
1 морква,
1-2 невялікія цыбуліны,
50-70 г алею,
1 ст. л. таматнага соусу,
спецыі (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская1-2 невялікія цыбуліны зробяць страву непаўторнай
Цыбулька смажыцца - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
1-2 невялікія цыбуліны зробяць страву непаўторнай
Як гатаваць. Нарэзаць абабраную бручку кубікамі і тушыць у невялікай колькасці вады пад накрыўкай на сярэднім агні.
Моркву і цыбулю спасераваць на алеі (вяршковым масле, калі не ў пост) амаль да гатоўнасці і дадаць да бручкі. Пасаліць, дадаць любімыя спецыі. Як будзе амаль гатова – перамяшаць з лыжкай таматнага соусу.
Смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБручка – блізкая сваячка капусты і рэпы
Скрылікі варанай рэпы - Sputnik Беларусь, 1920, 06.03.2026
Бручка – блізкая сваячка капусты і рэпы
Чытайце таксама:
"Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас…", або Узбагачаем пост 200-гадовымі стравамі
Вясна пачынаецца з Грамніц, або Стрэчанне са смакам сялянскай кухні
Кудзелю адкласці ўбок, або Традыцыі і смак дзявоцкай вечарыны на Андрэйкі
Стужка навiн
0