"Радаўніца – сталы засцілаць, дзядоў памінаць…", або Традыцыі і кухня наўскай трызны

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяныя бліны
Бульбяныя бліны - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская напамінае пра даўнія правілы шанавання продкаў на Радаўніцу і прапануе прыгатаваць да гэтага сакральнага дня бульбяныя бліны з грыбамі па старажытным чавускім рэцэпце.
Радаўніца – вядомае ўсім славянскім народам свята ўшанавання памяці продкаў. Сёлета гэты дзень, якім па даўняй традыцыі завяршаецца Велікодны тыдзень, прыпадае на 21 красавіка. У народзе гэты важны дзень лічылі Вялікаднем памерлых, а паколькі ў Бога ўсе жывыя, то і свята ладзілася як для жывых.
Раней на Велікодным тыдні продкаў ушаноўвалі не толькі на Радаўніцу. У многіх мясцовасцях Беларусі памінальным днём лічыўся чацвер, а таксама нядзеля. Так, аб распаўсюджанасці традыцыі наведваць могілкі ў чацвер сведчаць яго разнастайныя назвы: Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, таксама Бабскі ці Мёртвы Вялікдзень ды проста-такі Наўскі чацвер. У некаторых беларускіх раёнах Радаўніцу адзначалі ў нядзелю, як, напрыклад, у Ельскім раёне на Гомельшчыне, і называлі Праводнай. Аднак у іншых кутках Беларусі Провады Радаўніцы адбываліся менавіта ў аўторак. З цягам часу гэтая традыцыя стала паступова забывацца. Калі ж афіцыйна дзень, замацаваны за Радаўніцай, стаў вольным ад працы, то большасць насельніцтва пачала прыязджаць на могілкі непасрэдна ў аўторак.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтарыя могілкі
Старыя могілкі - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Старыя могілкі

Шанаванне продкаў

У сельскай мясцовасці могілкі звычайна размешчаны паблізу ад вёскі і зрэдку (калі вёска вялікая) яны могуць быць у самім населеным пункце. У гарадах жа яшчэ дзве сотні гадоў таму могілкі часцей за ўсё размяшчалі пры храмах і манастырах. Да таго ж прадстаўнікоў розных канфесій у мінулым хавалі асобна – на Беларусі і цяпер існуюць каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія і татарскія могілкі, якія маюць свае этнаканфесіянальныя адметнасці ў сімволіцы і мемарыяльных знаках.
З даўніх часоў мемарыяльнымі знакамі для хрысціянскіх месцаў пахавання служылі крыж ці камень з яго выявай – крыж звычайна ставілі ў галавах нябожчыкаў, а камень клалі ў нагах. Зрэдку на старых могілках яшчэ можна сустрэць падобныя пахаванні. І, калі дубовыя крыжы даўно спарахнелі, то замшэлыя камяні, на якіх часам яшчэ можна разгледзець сцёртыя часам надпісы, усё яшчэ захоўваюць памяць аб продках.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМагіла з каменем у нагах
Магіла з каменем у галавах і нагах - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Магіла з каменем у нагах
У народзе да месцаў пахаванняў ставяцца з вялікай пашанай. Забараняецца рваць кветкі, збіраць ягады і шумець, што, на думку народа, парушае спакой памерлых.
Існуе і пэўны парадак наведвання могілак – акрамя хаўтур і памінак іх наведваюць восенню на Дзяды і ўвесну на Радаўніцу. Памінаючы продкаў у гэтыя святочныя дні, абавязкова імкнуцца перш паўдзельнічаць у набажэнстве, а ўжо пасля едуць парадкаваць месцы пахавання.
Калісьці акрамя прыбірання смецця з магіл, якое нацерушылася з дрэў за зіму, існавала традыцыя ўпрыгожвання крыжа. Яго аздаблялі або маленькім вянком, сплеценым з яловых галінак, барвенку і сухаквецця, або новым ручнічком і фартушком, якія часта аздабляліся вышыўкай з выявамі птушак, кветак ды крыжа з літарамі Х і У, якія азначалі велікоднае "Хрыстос Уваскрэс".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКрыжы з фартушкамі і стужкамі на могілках
Крыжы з фартушкамі і стужкамі на могілках у вёсцы Цераблічы - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Крыжы з фартушкамі і стужкамі на могілках
Часам можна было назіраць крыжы, якія налічвалі дзясяткі фартушкоў. Дарэчы, фартушкі павязвалі на крыж жаночага пахавання, а ручнік – на мужчынскага. Пазней фартушкі і ручнікі пачалі замяняць на стужкі, а цяпер з-за адсутнасці натуральнага крыжа на большасці сучасных помнікаў гэтая традыцыя зусім не падтрымліваецца.
Амаль знікла і традыцыя несці на могілкі галінкі вярбы, асвячоныя ў царкве на Вербніцу, а замест гэтага з’явілася мода на букеты са штучных кветак. Аднак Царква заклікае не аздабляць імі магілы, паколькі штучныя кветкі засмечваюць навакольнае асяроддзе.

Таемнасць наўскай трызны

Спрадвеку беларусы шанавалі традыцыю наўскай трызны, калі, памінаючы продкаў, на адной з магіл апошняга па часе памерлага родзіча рассцілалі ручнік ці абрус і выстаўлялі ежу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбрусік для трызны на магіле падчас Радаўніцы
Радаўніца, абрусік для трызны на магіле - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Абрусік для трызны на магіле падчас Радаўніцы
Гэта называлася "снеданне па радзіцелях", у якім жывыя прымалі як бы супольна з памерлымі ежу. Пасля памінання пакідалі на магілах чырвонае яечка і хлеб і, памаліўшыся, сыходзілі, прамаўляючы на развітанне:
"Няхай на тым свеце спачываюць, а нам з таго света паспрыяюць".
Пад уплывам царквы, якая не ўхваляе ўжыванне ежы на могілках, дадзеная старажытная традыцыя, якая спалучае ў сабе і язычніцкія, і хрысціянскія звычаі, паступова адыходзіць у нябыт.
І ўсё ж такі Провады Радаўніцы – жыццясцвярджальны дзень, у якім ёсць месца і працы, і жалю, і радасці! З гэткай нагоды захавалася наступнае продкавае выслоўе:
"На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць".
© Sputnik / Виктор ТолочкоРадаўніца на могілках
Радуница на Северном кладбище Минска - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Радаўніца на могілках
І хоць, наведваючы могілкі сваякоў, сёння наўскую трызну ўжо амаль не спраўляюць, аднак Радаўніцу, як і іншыя сямейныя святы, звычайна праводзяць за бяседным сталом у хаце.
Ад Вялікадня да Радаўніцы гаспадыні заўсёды пакідалі рэшту святочнай ежы, якая магла доўга захоўвацца: булкі, варанае мяса, каўбасы, хлеб, піражкі, сыр, масла і чырвоныя яйкі. Тым больш, пасля аўторка на Велікодным тыдні пачыналі гатаваць іншыя стравы, каб на Радаўніцу падаць да святочнага стала ў дадатак да халодных заедак што-небудзь гарачае. Напрыклад, бульбяныя бліны з грыбамі – накшталт тых, якія гатуюць у вёсцы Радзімічы Чавускага раёна на Магілёўшчыне.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТрадыцыйныя стравы на Радаўніцу
Традыцыйныя стравы на Дзяды - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Традыцыйныя стравы на Радаўніцу

Бульбяныя бліны з грыбамі

З чаго гатаваць бліны:
1 кг бульбы,
2 яйкі,
20 г сала (для падмазвання патэльні)
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяНатаркаваная бульба для стравы
Драная бульба на церцюху - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Натаркаваная бульба для стравы
З чаго гатаваць начынку:
1-2 морквы,
2 сярэднія цыбуліны,
400 г марожаных грыбоў,
100-150 г вяршковага масла,
смятана.
Як гатаваць. Натаркаваць бульбу як для дранікаў, пакінуўшы бульбяны сок, дадаць яйкі, соль, перамяшаць. Разагрэць патэльню і, змазваючы яе кавалкам сала (падмазкай), напячы бульбяных бліноў.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяны блін гатуецца ў печы
Бульбяны блін гатуецца ў печы - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Бульбяны блін гатуецца ў печы
У патэльні растапіць вяршковае масла, укінуць натаркаваную моркву і нарэзаную кубікам цыбулю. Паставіць смажыцца. Дробна накрышыць грыбы і дадаць іх да цыбулі з морквай (пры гэтым у начынку соль не дадаваць). Пасмажыць усё амаль да гатоўнасці.
Затым на палову бліна пакласці лыжку начынкі і накрыць усё другой паловай. Дарэчы, колькасць начынкі залежыць ад велічыні бліна (так, на сярэдні блін дастаткова сталовай лыжкі з горкай). Складзеныя такім чынам бліны пакласці адзін на адзін у шэраг у глыбокую патэльню.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяныя бліны па чавускім рэцэпце
Бульбяныя бліны па чавускім рэцэпце - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Бульбяныя бліны па чавускім рэцэпце
Зверху дадаць яшчэ каля 80 г масла і пад накрыўкай паставіць у печ (духоўку). Тушыць 15 хв. пры тэмпературы 140-150 градусаў.
Падаваць страву са смятанай.
Добрай памяці аб продках са старажытнымі смакамі!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБульбяныя бліны да Радаўніцы
Бульбяныя бліны да Радаўніцы - Sputnik Беларусь, 1920, 20.04.2026
Бульбяныя бліны да Радаўніцы
Чытайце таксама:
"Таўкушчы дзень" каля печы, або Кулінарныя традыцыі велікоднага стала
"Светлая Вербніца – Вялікадня прадвесніца…", або Поснае чараўніцтва перадвелікодных смакаў
"Калючы ёрш – а юшка смачная…", або Рыбны дзень каля сялянскай печы
Стужка навiн
0