На наваселле запрашалі родных, сваякоў, суседзяў, сяброў. Віншуючы гаспадароў, госці дарылі ім падарункі. Звычайна гэта былі рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. Акрамя іх на вёсцы прыносілі яшчэ і зерне жыта, печаны хлеб, сала, каўбасы і іншыя прадукты. Бралі з сабой і грошы, якія заўсёды атаясамліваліся з багаццем. Існаваў звычай, калі, пераступаючы парог, некаторыя госці кідалі на падлогу манеты, жадаючы такім чынам дабрабыту ў доме.
Спачатку жывёла, а потым чалавек
У народна-міфалагічным асэнсаванні незаселены, неабжыты людзьмі дом успрымаўся як небяспечная, варожая прастора. Менавіта таму засяленне гэтай прасторы павінна было адбывацца ў пэўнай паслядоўнасці: спачатку жывёла, а потым чалавек.
Адзін з першых даследчыкаў усходнеславянскай міфалогіі Дзмітрый Зяленін занатаваў у свой час цікавы беларускі звычай, звязаны з уваходзінамі. У адпаведнасці з ім у новым доме павінны былі пераначаваць у строгай паслядоўнасці розныя жывёлы напрацягу шасці дзён: у першы дзень – певень з курыцай, у другі – гусь або кот з кошкай, у трэці – парася, у чацвёрты – авечка, у пяты – карова, у шосты – конь і толькі на сёмы дзень уваходзіў гаспадар з агнём і хлебам ці з цестам у дзяжы.
З часам гэты вельмі распаўсюджаны ва ўсходніх славян звычай моцна змяніўся, але не знік зусім, як гэта сталася з многімі іншымі звычаямі беларусаў. Працягласць абрада і колькасць яго ўдзельнікаў значна скараціліся. І тым не менш і цяпер у некаторых мясцовасцях Беларусі можна пабачыць рэшткі гэтай старажытнай урачыстасці. Паступова ў абрадзе з’явіліся абразы і святая вада, калі была магчымасць, то запрашалі святара, а з жывёл засталіся толькі кот і певень.
Яшчэ не так даўно па ўспамінах жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці першы ўваход у новую хату быў абстаўлены прыкладна так. Перш чым зайсці ў двор новай хаты, туды ўпускалі сабак, паколькі верылі, што сабака – гаспадар двара. Далей заходзілі ў хату з абразам, хлебам, соллю, свянцонай вадой і катом або пеўнем. Каб не жыла нячыстая сіла, абраз праносілі па ўсіх пакоях. Свянцонай вадой абпырсквалі не толькі хату, але і гаспадарчыя пабудовы, калі такія былі.
Не любіць нечысць і ката з пеўнем. Па народных уяўленнях яна пакідае новую хату ў якой гэтыя "чартагоны" пераначавалі да людзей. Чаму менавіта кот і певень найчасцей сярод іншых жывёл станавіліся ўдзельнікамі гэтага важнага абрада?
Галасістага пеўня лічылі сімвалам шчасця, жыццёвай сілы, урадлівасці, захавальнікам хатняга агменю, а кот, па некаторых народных павер’ях, быў у сяброўстве з Дамавіком. Нават жывёлу гаспадарам рэкамендавалася набываць менавіта той масці, якой быў хатні кот. Лічылі, што тады Дамавік будзе апякаць яе ў хляве.
Падчас абраду за паводзінамі пухнатага звярка сачылі, і калі кот не ўцякаў з хаты, а наадварот заставаўся ў ёй, то гэта быў добры знак. І наадварот, няшчасце прадвяшчала тое, калі кот сыходзіў з хаты.
Дарэчы на Міншчыне і самога Дамавіка са старой хаты ўрачыста пераносілі ў новую ў лапці, які пакідалі на гарышчы. У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Дамавік пераязджаў на новае месца жыхарства на дзеркачы - веніку з бярозавых галінак. Гэтага нябачнага духа як гаспадара-апекуна хаты імкнуліся залагодзіць. Так, на Беласточчыне гаспадыня, хаваючы на гарышчы пачастунак, прамаўляла яму замову-просьбу: "Хазяін-хатнік, дамавік, прымі хлеб-соль, прымі куццю і яешню. Зберажы скацінку ад пошасці, хату ахавай ад злога чалавека, ад агню. Амін".
На ўлазінах трэба, каб усе елі, пілі і весяліліся
Наваселле пачыналася з агледзін новага жытла. Запрошаныя на абрад суседзі і сваякі паводле старшынства выказвалі пажаданні гаспадару і гаспадыні традыцыйнымі выразамі накшталт гэтых: "Ацета вампаляніца, штоб радзіло жыта і пшаніца, а ета ось драбок солі, кеб Бог даў вам усяго даволі, штоб дзеці вашы раслі высока, да не прыставалі к ім урокі".
Затым гаспадар усім дзякаваў і запрашаў за стол багата застаўлены лепшымі стравамі традыцыйнай кухні. Абавязкова на стале была каўбаса. Прапаную прыгатаваць каўбасу з пячонкі так, як яе гатуюць у знакамітым сваімі кулінарнымі фэстамі Моталі, што на Брэстчыне. Гэта страва стане ўпрыгожаннем любога святочнага стала. Тым больш, што пра каштоўнасць такога прадукта, як пячонка, вядома ўсім, і нават кажуць, што стравы з яе дапамагаюць змагацца з зімовымі дэпрэсіямі.
Мотальская "печанёвая" каўбаса
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Каб пячонка страціла сваю гаркавасць, яе трымаюць некаторы час у цёплай вадзе з лімонным сокам.
Падрыхтаваную пячонку і сала нарэзаць дробнымі кубікамі, дадаць пакрышаную цыбулю, соль, перамяшаць. Гэтым фаршам напоўніць старанна прамытую кішку, добра завязаць з абодвух канцоў. Каўбасу адварыць, а затым абсмажыць на тлушчы. Падаць з варанай бульбай і салёнымі агуркамі.
Каўбаса
© Pixabay / PhotoMIX-Company
Застолле рэдка завяршалася ў той самы дзень. Гаспадару вельмі хацелася, каб усе аднолькава былі задаволены прыёмам, бо незадаволеныя госці маглі парушыць шчасце ў новай сядзібе. На Палессі так і казалі: "на ўлазінах трэба, штоб усе елі, пілі і весяліліся, бо чыясць нерадасць ліхам адгукнецца на хазяіну".
Завяршалася ўрачыстасць танцамі. Госці яшчэ доўга з удзячнасцю ўзгадвалі гаспадароў, дзелячыся ўспамінамі зса сваякамі і суседзямі: "Я добра пагуляў на ўлазінах".