Назоўнік – гэта самастойная часціна мовы, якая абазначае прадмет і адказвае на пытанне "хто?" / "што?" Пачатковай формай назоўніка з'яўляецца назоўны склон, адзіночны лік: школа, дрэва, кот. У сказе назоўнік можа быць дзейнікам, выказнікам (а таксама ўваходзіць у іменную частку выказніка), дапаўненнем, недапасаваным азначэннем, акалічнасцю і звароткам.
Род назоўнікаў
Назоўнікі падзяляюцца на тры роды: мужчынскі, жаночы і ніякі.
Назоўнікі агульнага роду – тыя, якія ў сказе ў залежнасці ад палавой прыналежнасці таго, каго яны называюць, маюць граматычныя прыкметы жаночага або мужчынскага роду: сірата, плакса, Саша, Жэня.
Некаторыя назоўнікі, якія называюць асоб абодвух палоў, але маюць граматычныя прыкметы мужчынскага роду: урач, сакратар.
Род складанаскарочаных слоў (абрэвіятур) вызначаецца па структуры скарачэння або роду апорнага слова поўнай назвы. Да мужчынскага роду адносяцца абрэвіятуры, якія складаюцца з гукаў і пішуцца з малой літары (загс) або ўтвораны з ужыванем пачатковых частак слоў і маюць нулявы канчатак (калгас).
Назоўнікі ,якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, не маюць роду: дзверы, нажніцы.
Лік назоўнікаў
Назоўнікі ўжываюцца ў адзіночным ліку, калі гаворка ідзе пра адзін прадмет (дом), а ў множным – калі пра некалькі (дамы) або сукупнасць прадметаў (мінчане).
Толькі ў адзіночным ліку ўжываюцца зборныя, большасць рэчыўных, абстрактныя назоўнікі, назвы дзеянняў або стану, уласныя і назвы напрамкаў свету.
Толькі ў множным ліку бываюць назвы непадзельных і парных прадметаў, прамежкі часу, гульні, а таксама некаторыя рэчаўныя (дровы), назвы дзеянняў (выбары), уласныя (Ашмяны).
Склон назоўнікаў
Склон — гэта граматычная катэгорыя назоўніка, якая паказвае, як назоўнік адносіцца да іншых слоў у сказе. У сучаснай беларускай мове існуе шэсць склонаў:
Пра асобныя выпадкі і складанасці скланення назоўнікаў Sputnik ужо пісаў у "моўнай хвілінцы".
Агульныя і ўласныя назоўнікі
Агульныя назоўнікі — гэта назвы класаў аднародных прадметаў, прыродных з’яў, жывых істот, паняццяў: дом, сонца, кніга, цукерка, сабака.
Большасць з агульных назоўнікаў маюць формы адзіночнага і множнага ліку.
Уласныя назоўнікі – гэта імёны, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, геаграфічныя і астранамічныя назвы, назвы выдавецкай прадукцыі, прадпрыемстваў і інш.: Якуб Колас, Барсік, Мінск, Месяц, "Полымя" (часопіс), "Спартак" (фабрыка). Яны пішуцца з вялікай літары, назвы бяруцца ў двукоссе. Калі ў назве ёсць імя, яно не выдзяляецца двукоссем: гімназія імя Барыса Акрэсціна.
Уласныя назоўнікі могуць пераходзіць у агульныя і наадварот: Панама – горад і панама – від галаўнога ўбора, кот – жывёла і Кот – прозвішча.
Адушаўлённыя і неадушаўлённыя назоўнікі
Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне "хто?" з'яўляюцца адушаўлённымі: маці, ластаўка, матылёк. Назвы міфалагічных істот, шахматных фігур, карт і ніжэйшых жывых арганізмаў таксама адносяць да адушаўлённых назоўнікаў: дамавік, валет, мікроб. Як адушаўлённыя скланяюцца назоўнікі мярцвяк, нябожчык і труп.
Адушаўлённыя назоўнікі падзяляюцца на асабовыя і неасабовыя. Асабовыя – гэта тыя, якія абазначаюць асоб паводле роднасці, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, дзейнасці, якасцяў: бацька, праграміст, беларус, мінчанін, мізантроп.
Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне "што?" адносяць да неадушаўлённых. Гэта могуць быць прадметы, расліны, з'явы прыроды: стол, дрэва, маланка.
Адрозніць адушаўлённыя назоўнікі ад неадушаўлённых дастаткова проста і граматычна: у адушаўлёных назоўнікаў формы вінавальнага склону множнага ліку супадаюць з формамі роднага склону, у неадушаўлёных — з формамі назоўнага склону:
В. бачу катоў, сабак
Р. няма катоў, сабак
Н. ёсць дамы, ложкі
В. бачу дамы, ложкі
Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі
Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць прадметы, якія існуюць у рэчаіснасці. Яны могуць змяняцца па ліках і спалучацца з колькаснымі лічэбнікамі: два стала, тры хлопцы, адзін дом.
Абстрактныя назоўнікі - тыя агульныя на зоўнікі, якія абазначаюць пачуцці, стан, якасці: журба, незалежнасць, гонар. Яны маюць форму адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.
Зборныя і рэчаўныя назоўнікі
Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў ці асоб, якія з'яўляюцца непадзельным цэлым: калоссе, лісце, моладзь, народ. Яны ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.
Рэчыўныя назоўнікі называюць рэчывы аднароднага саставу, якія можна падзяляць, але нельга лічыць: малако, мука, шоўк. Рэчыўныя назоўнікі маюць адну форму ліку: адзіночнага або множнага.