Танцамі і песнямі адзначылі дзень нараджэння Янкі Купалы на малой радзіме паэта – у Вязынцы. Менавіта тут – у невялікім фальварку Вілейскага павета – 7 ліпеня 1882 года нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
Амаль 50 гадоў у мясцовым філіяле дзяржаўнага літаратурнага музея імя Купалы праходзіць свята паэзіі, песні і народных рамёстваў.
"Янка Купала для беларусаў - асаблівы паэт, абсалютная аксіёма, прарок і філосаф. Сваё жыццё ён прысвяціў стварэнню нашай нацыянальнай ідэі. Многія яго творы па-беларуску можна назваць"неуміручымі", гэта значыць бессмяротнымі. У прыватнасці, шырока вядомую "Паўлінку", якая з'яўляецца візітнай карткай нашага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У савецкі час яго біяграфія і творчасць вельмі старанна вывучаліся. Але да гэтага часу мы адкрываем як новыя артэфакты, так і новыя падзеі з яго жыцця", - падкрэсліла ў інтэрв’ю Sputnik дырэктар музея Алена Ляшковіч.
Традыцыйная праграма са спевамі і танцамі штогод прываблівае вялікую колькасць наведвальнікаў. У гэтым годзе з новай музычнай праграмай выступіў былы саліст ансамбля "Песняры" Аляксандр Віслаўскі. Традыцыйныя беларускія песні заспяваў фальклорна-этнаграфічны калектыў з Маладзечна "Маркаўчанка".
Абавязковая частка свята – выступы беларускіх пісьменнікаў з вершамі-прысвячэннямі Янку Купалу і яго радзіме.
У гэтым годзе адбылося шмат знакавых падзей, звязаных з асобай паэта. Так, пры дапамозе музея ў кітайскім горадзе Сіань правінцыі Шэнсі з’явіўся помнік і адкрылася адмысловая выстава. Акрамя таго, зімой гэтага года нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" плануе прадставіць фільм пра Купалу, здымкі якога скончыліся напрыканцы чэрвеня.
Чытайце таксама:
- Гасцей пільнаваў сабака: як праходзілі застоллі ў Янкі Купалы
- Складаны лёс вершаў Купалы: за што арыштавалі першы наклад "Жалейкі"
- Вершы Янкі Купалы: пра радзіму, каханне і волю
- Янка Купала. Таямніцы жыцця, кахання і смерці