Беларускія фільмы пра вайну адметныя праз рэалістычнасць, праўдзівасць і нерв драматургіі, што нікога не пакідаюць абыякавымі.
Ідзі і глядзі (1985)
Бадай, самы праўдзівы фільм пра жахі найвялікшага ліхалецця ХХ стагодзя. Рэжысёр Элем Клімаў ішоў да яго стварэння ўсё сваё жыццё. Клімаў пабычыў твар вайны на свае ўласныя вочы, нажаль, у дзіцячым узросце, што зрабіла незагойную рану на яго сэрцы. Са слоў рэжысёра, ён ведаў ужо з той пары, што павінен зняць фільм пра вайну. Без упрыгожванняў. Без выдумак.
Выдумак няма ў стужцы, выдумак няма і ў тым, што падчас паказу фільму ў ЗША ля кінатэатраў дзяжурылі карэты "хуткай дапамогі" — людзі ад пабачанага страчвалі прытомнасць.
Цераз могілкі (1965)
Віктар Тураў, як і Клімаў, бачыў вайну і маўчаць не мусіў. Адна з найвыбітнейшых постацей у гісторыі беларускага кінамастацтва, знакамітая сваімі экранізацыямі. Фільм "Цераз могілкі" быў зняты рэжысёрам у якасці дыпломнай работы, і ці мог падумаць тады Тураў, што пазней ён будзе ўнесены ЮНЕСКА ў спіс лепшых фільмаў свету.
Кадр з фільма "Цераз могілкі"
© Sputnik
Фільм зняты паводле апавядання аднаіменнай аповесці Паўла Ніліна ў 1965 годзе. Глыбокая, філасоўская стужка, якая прымушае гледача задумацца над кожным нюансам, прааналізаваць асобныя, на першы погляд выпадковыя, сцэны. Фільм прасякнуты сімвалізмам.
Знак бяды (1986)
Наймацнейшае апавяданне Васіля Быкава не пакінула абыякавым Міхаіла Пташука.
Здымкі фільму праходзілі на хутары Бартнікі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Ідэю здымаць менавіта там Пташуку падсказаў старшыня калгасу "Кастрычнік" Леў Аліферка, дзе некалі Пташук здымаў сваю стужку "Вазьму твой боль".
Фільм зняты тонка, з густам і адзначаны шэрагам міжнародных узнагарод.
Трэцяя ракета (1963)
Менавіта праз гэты фільм твор Васіля Быкава трапіў на беларускія экраны ўпершыню. Стужка Рычарда Віктарава выйшла ў 1963 годзе. Характэрная адметнасць стужкі — адсутнасць галоўнага героя. Цягам усяго фільму на экране фігуруюць толькі шэсць чалавек рознай нацыянальнасці і ўсе рэжысёрам паказаны роўнымі перад тварам вайны.
Альпійская балада (1965)
Фільм пра гісторыю кахання скрозь прызму гарматаў і нястачы. Зноў за аснову ўзята апавяданне Быкава, гэтым разам рэжысёрам Барысам Сцяпанавым. Гэта гісторыя пра тры кароткія дні, якія героям падаліся бясконцымі. Дні, якія падаравалі былым вязням канцлагеру шчырае каханне і надзею на ратаванне.
Гадзіннік спыніўся апоўначы (1959)
А гэты фільм знакаміты праз ролю актрысы Рыты Гладунко і выкананне ёй песні ў доме ворага на беларускай мове, за што яна была адзначана першай прэміяй на кінафестывалі ў Кіеве. У год выхаду фільма яго прагледзела больш за 35 мільёнаў чалавек.
Фільм мае складаную гісторыю — ён быў пастаўлены "Беларусьфільмам" у 1959, але выйшаў на вялікія экраны толькі ў 1974-м пасля аднаўлення на кінастудыі імя Горкага.
Дзяўчынка шукае бацьку (1959)
"Беларусьфільм" славіўся не толькі фільмамі пра вайну, але і дзіцячымі. Калі ж дзве моцныя плыні спалучаюцца, то твор становіцца папулярным. Такім атрымалася экранізацыя Льва Голуба, майстра беларускага дзіцячага кіно, "Дзяўчынка шукае бацьку" паводле аднаіменнага апавядання Кастуся Губарэвіча. Фільм пра сапраўднае сяброўства, шчырасць і прыгоды дзяцей у савецкі час прыйшоўся да спадобы кожнаму.
Вуліца малодшага сына (1962)
Трагедыя адной жанчыны. Яе муж ідзе на фронт, а адзіны сын дапамагае партызанам у барацьбе з фашыстамі. Прайшоўшы праз шмат выпрабаванняў і пазбегнуўшы шмат небяспечных сітуацыі, яе сын падарваўся на міне ля сваёй хаты. Фільм-узор піянерскага геройства ў экранізацыі Льва Голуба.
Саша Корнеў у ролі Валодзі Дубініна ў фільме Л. Голуба "Вуліца малодшага сына"
© Sputnik / РИА Новости
/ У жніўні 44-га (2000)
Адзін з лепшых фільмаў Міхаіла Пташука паводле апавядання Уладзіміра Багамолава "Момант ісціны (у жніўні 44-га)". Фільм сумеснай вытворчасці Беларусі і Расіі пра дзейнасць контрразведкі і вышук шпіёнаў напрыканцы вайны на тэрыторыі Беларусі. Выдатны акцёрскі складнік і майстэрства Пташука зрабілі стужку па-сапраўднаму культавай.
Брэсцкая крэпасць (2010)
Рэжысёр Аляксандр Кот узяў за аснову сюжэта першыя дні абароны Брэсцкай крэпасці. Выдатныя дэкарацыі і спецэфекты прывабілі вялікую колькасць гледачоў, а майстэрства акцёраў і неўміручая тэма вайны прымусіла большасць з іх расчуліцца напрыканцы стужкі. На думку кінакрытыкаў, "Брэсцкая крэпасць" — найлепшы фільм пра вайну з батальнымі сцэнамі з часоў "Ідзі і глядзі" Элема Клімава.