Відэа

Бліны на дрэвах растуць: абрад "Грамніцы" у беларускай вёсцы - відэа

Адно з вялікіх праваслаўных свят - Стрэчанне Гасподняе, а ў народзе святкуюць Грамніцы. Лічыцца, што пасля гэтага дня сіла зімы памяншаецца. Глядзіце на відэа, як выглядае абрад "Грамніцы" у беларускай вёсцы.
Sputnik

"На Грамніцы - паўзіміцы" ці "Як прыйдуць грамніцы - скідай рукавіцы" - так кажуць у вёсцы Пласток Любанскага раёна.

Грамніцы народ успрымаў як сустрэчу зімы з летам. У гэтым годзе 14 лютага ў Пластокскі сельскі дом культуры прыехалі паўдзельнічаць у Грамніцы яшчэ і жыхары вёскі Камуна Любанскага раёна.

Святочныя традыцыйныя гулянні ў вёскі Пласток пачынаюцца карагодамі: адна група ходзіць сваім карагодам, паказваючы лета, іншая група - сваім карагодам, паказваючы зіму. Усе сустракаюцца ў цэнтры вёскі, вітаюць адзін аднаго і выказваюць пажаданні аб будучыні лета.

Спяваюць: "У нас сегонне стрэчанне, стрэчанне. Зіма з Летам стрэлася, стрэлася. Лета Зіму піхнула, піхнула. І ножачку звіхнула, звіхнула. Пайшло Лета скачучы, скачучы. Зіма пайшла плачучы, плачучы".

Пакуль водзяцца карагоды і спяваюцца грамнічны песні, мясцовы мужчына ад "грамнічнай" свечкі запальвае невялікае вогнішча з саломы і шчапы - "жывы агонь", каб абараніцца ад злых духаў.

У Оршу вярнулася згубленая святыня

Вакол гэтага вогнішча ўсе водзяць карагоды, традыцыйна перакідваюцца паміж сабой блінамі. Бліны ў дадзеным абрадзе ўвасабляюць сонца: "Няхай у снег упадзе, Сонейка снег тапіць пачне", потым бліны паднімаюць са снегу і вешаюць або закідваюць на дрэвы, каб падкарміць птушачак.

Потым качаюць упрыгожанае стужкамі і кветкамі кола ад калаўрота па вёсцы: "Дзяўчаты, каціце калясо-Сонейка па вуліцы, каб сонца на лета перакацілася, каб лецечка абудзілася!". Дзяўчыны качаюць па вуліцах упрыгожанае кола, перахапляючы яго адна ў адной.

Пасля дзяўчаты ідуць стукаць у "бляшанку" (кавалак бляхі) драўлянымі палкамі, каб абудзіць бога-грамаўніка, які дапаможа лету ў барацьбе з зімой.

Ну а потым - усе на вясёлую вечарыну з народнымі песнямі і прыпеўкамі!

Чытайце таксама: