Australian Open-2021: Сабаленка выйшла ў фінал парнага разраду

Фінальны матч адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу - для беларускі ён стане другім вырашальным паядынкам у кар'еры на турнірах Вялікага шлема.
Sputnik

МІНСК, 17 лют – Sputnik. Першая ракетка Беларусі і 7-я ў сусветным рэйтынгу Арына Сабаленка і бельгійка Эліс Мертэнс (16-я) прабіліся ў фінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе.

У мінулую ноч у паўфінале яны абыгралі амерыкана-нідэрландскі дуэт Ніколь Мелічар і Демі Схюрс ў двух сэтах - 7:5, 6:4.

У галоўным матчы парнага разраду турніру, які пройдзе рана раніцай у пятніцу, 19 лютага, Сабаленка і Мертэнс сустрэнуцца з прадстаўніцамі Чэхіі Барбарай Крэйчыкавай і Кацярынай Сіняковай.

Для 22-гадовай беларускі і 25-гадовай бельгійкі будучы фінал стане другім у кар'еры сярод турніраў серыі Вялікага шлема: у 2019 годзе яны ўжо выйгравалі адкрыты чэмпіянат ЗША.

Нагадаем, што раней у адзіночным разрадзе Australian Open і Арына Сабаленка, і Эліс Мертэнс саступілі ў 1/8 фіналу: беларуска - Серэне Уільямс, бельгійка - Караліне Мухавай.

Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал парнага разраду Australian Open

На турніры ўжо вызначыліся паўфіналісткі: японка Осака згуляе з Уільямс, а Мухава - з амерыканкай Джэніфер Брэдзі. У мужчын у першым паўфінале згуляюць серб Новак Джокавіч і расіянін Аслан Карацеў, які выбіў ў другім раўндзе турніру беларуса Ягора Герасімава.

Удзельнікі другога паўфіналу стануць вядомы пазней: на яго прэтэндуюць расіяне Андрэй Рублёў і Данііл Мядзведзеў, грэк Стэфанас Ціціпас і іспанец Рафаэль Надаль.

Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе праходзіць без гледачоў. У пятніцу 12 лютага ўлады гэтага аўстралійскага штата абвясцілі аб увядзенні пяцідзённага каранціну з-за ўспышкі каронавіруснай інфекцыі.

Чытайце таксама: