Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Мішусцін правядзе ў Мінску саюзны Саўмін па паглыбленні інтэграцыі

Напярэдадні на сустрэчы беларускага і расійскага прэзідэнтаў усе 28 дарожных інтэграцыйных карт былі ўзгоднены. Пуцін і Лукашэнка выказалі ўпэўненасць, што ад рэалізацыі праграм выгаду адчуюць у першую чаргу простыя грамадзяне Беларусі і Расіі.
Sputnik
МІНСК, 10 вер – Sputnik. Прэм'ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін сёння прыбудзе ў Мінск, дзе пройдзе пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.
Як адзначалася раней, на сустрэчы плануецца ўхваліць на ўзроўні ўрадаў двух краін 28 саюзных праграм па эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі.
Адзначым, што пасяджэнне саюзнага Саўміна пройдзе пад старшынствам Міхаіла Мішусціна. Праца будзе ісці ў рэзідэнцыі "Заслаўе".
Папярэдняе пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы прайшло ў лістападзе 2019 года ў Маскве.

Прэзідэнты ўзгаднілі праграмы

У чацвер, 9 верасня, у Маскве прайшла сустрэча беларускага і расійскага лідараў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Галоўнай тэмай перамоў як раз і стала абмеркаванне дарожных карт па інтэграцыі. Лукашэнка заявіў, што прыняцце саюзных праграм будзе прарывам.
"Гэта будзе прарыў, прарыў у многіх сферах - гэта не таямніца, мы апублікуем гэтыя праграмы, пакажам, па якіх напрамках мы працавалі", - адзначыў беларускі прэзідэнт на сустрэчы ў Крамлі.
Як адзначыў расійскі лідар, на сустрэчы ўзгоднены ўсе 28 саюзных праграм, якія накіраваны на ўніфікацыю заканадаўства Расіі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўванне ўмоў працы суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў. Пуцін таксама адзначыў, што шэраг праграм накіраваны на гарманізацыю падатковага і мытнага заканадаўства дзвюх краін.
Размаўляючы з журналістамі пасля сустрэчы ў Крамлі, Пуцін і Лукашэнка выказалі надзеі на тое, што ад рэалізацыі саюзных праграм выгаду адчуюць грамадзяне дзвюх краін, якім будуць гарантаваны роўныя правы і магчымасці практычна ва ўсіх сферах жыцця.

Галоўны партнёр

Расія на сёння з'яўляецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі, доля РФ у беларускім тавараабароце складае амаль 50%, доля Беларусі ў знешнегандлёвым абароце Расіі - каля 5%.
У 2020 годзе двухбаковы тавараабарот склаў 29,5 млрд долараў. У студзені - чэрвені 2021 года аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся на 37% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Расія застаецца галоўным інвестарам у эканоміку Беларусі, толькі за мінулы год укладзена ў праекты больш за 4 млрд долараў.
Чытайце таксама:
Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве: пра што ўдалося дамовіцца
Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі і Пуціна пасля сустрэчы ў Маскве - відэа
Усе 28 саюзных праграм узгоднены - Пуцін
Мішусцін і Мезенцаў абмеркавалі паглыбленне інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве
Лукашэнка: прыняцце саюзных праграм будзе прарывам